Loading

Святлана Ціханоўская наведала Лондан, дзе правяла шэраг сустрэчаў з афіцыйнымі асобамі, а таксама ўпершыню пабывала ў беларускай бібліятэцы імя Францыска Скарыны і беларускай каталіцкай парафіі. Сваімі ўражаннямі аб візіце Святланы Ціханоўскай да беларусаў Вялікай Брытаніі з намі падзяліўся актывіст беларускай супольнасці ў Лондане, валанцёр Скарынаўскай бібліятэкі і заснавальнік выдавецтва «Скарына» Ігар Іваноў.

— Мы былі вельмі захопленыя гэтым візітам. Гэта ўвогуле трэці візіт Святланы Ціханоўскай у Брытанію і дагэтуль яна не змагла наведаць беларускі асяродак у паўночным Лондане. Яна сустракалася з дыяспарай у цэнтры. І нам вельмі хацелася, каб яна пабачыла нашыя ўстановы – царкву, бібліятэку. І вось гэтым разам атрымалася гэта зрабіць.

Наколькі мне вядома, гэта быў трэці дзень візіту, калі яна змагла прыехаць у беларускі асяродак. А перад тым яна сустракалася з Борысам Джонсанам, былым прэм’ер-міністрам, яна была ў Палаце лордаў брытанскага парламенту, атрымала ўзнагароду Рэспублікі Ірландыя. Калі я не памыляюся, гэта Прыз за працу на карысць міру. Таму ў першую чаргу, наколькі я разумею, гэта быў палітычны візіт. А на трэці дзень была такая сацыяльная і культурная сустрэча.

— А ці была нейкая рэакцыя ў брытанскай прэсе на прыезд лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл?

— Рэпартажаў я не бачыў. Але гэта стала каталізатарам для з’яўлення артыкулаў пра Беларусь. Таму што, калі Святлана Ціханоўская прыязджае ў нейкую краіну, яна сустракаецца не толькі з палітыкамі, сустракаецца таксама з журналістамі і ўплывовымі людзьмі. Наколькі мне гэта вядома – чалавеку, які не з’яўляецца часткай яе каманды ці офіса. Але проста вось бачна, што напрыклад, цяпер быў артыкул у газеце The Independent пра беларускую сітуацыю. Такія артыкулы часта здараюцца, таму што здарылася штосьці яшчэ, што было каталізатарам для іх.

— Ці можаце Вы распавесці ў якім святле, з якіх тэмаў заходзіць брытанская прэса да беларускай тэматыкі?

— Тут трэба памятаць, што Брытанія – гэта на ўскрайку Еўропы. І Беларусь – краіна, далёкая ад Брытаніі, і мы ніколі не былі часткай сферы інтарэсаў гэтай краіны. Таму пра Беларусь тут узгадваюць параўнальна рэдка.

Канешне, у 2020 годзе артыкулы былі на першых палосах газет, вельмі доўга, тыднямі. Але цяпер пра Беларусь, калі і ўзгадваюць, то звычайна ў сувязі з вайной ва Украіне: калі нейкія партызанскія акцыі здараюцца ў Беларусі, ці заблакавалі якогасьці бізнэсоўца беларускага. Вось у такім кантэксце звычайна ўзгадваюць. Або таксама цяпер пішуць пра спартоўцаў – дапускаць іх да спаборніцтваў, алімпійскіх гульняў ці не дапускаць. Гэта таксама хвалюе частку брытанскай публікі.

Крыніца: : tsikhanouskaya.org

— Дзе адбывалася сустрэча з беларусамі, як яна прайшла, якія тэмы закраналіся?

— Гэта сустрэча была вельмі дынамічная. Яна была раніцай у чацвер. Святлана Ціханоўская прыехала ў паўночны Лондан, дзе знаходзіцца беларуская бібліятэка імя Францішка Скарыны, а праз дарогу ад яе ёсць беларуская царкава. Візіт Святланы Ціханоўскай пачаўся з туру ў бібліятэцы, там ужо яе чакалі кіраўнікі беларускіх арганізацыяў і сябры кіраўнічых органаў гэтых арганізацыяў – Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, Англа-беларускага таварыства, самой бібліятэкі.

Святлане Ціханоўскай паказалі скарбы, якія ёсць у Скарынаўскай бібліятэцы: і друкі Францішка Скарыны, і Статут Вялікага Княства Літоўскага, і аль-кітаб, слуцкія паясы. Сама Святлана Ціханоўская не мела якіхсьці фармальных прамоваў да нас. Было бачна, што тое, што яна бачыць, выклікае ў яе захапленне. Над Статутам Вялікага Княства Літоўскага яна спынілася даволі доўга – разглядала, распытвала. І гэта звычайная рэакцыя, такую рэакцыю мы бачым вельмі часта ад беларусаў, калі яны прыязджаюць і бачаць упершыню гэтыя скарбы, якія ў Беларусі за замкамі. Безумоўна, у нас яны таксама за замкамі, але іх можна пабачыць.

Потым яна мела магчымасць пабачыць нашу выставу ў музеі ў бібліятэцы. Там цяпер адбываецца выстава, якая называецца «Няскораныя». Канцэпцыя выставы з’явілася даволі спантанна ў мінулым годзе, калі мы разважалі пра тое, што адбываецца цяпер у Беларусі – гэта дакладна тое, што адбывалася ў сталінскія часы, калі знішчалася наша эліта нацыянальная, культурная.

На выставе з аднаго боку можна, напрыклад, пабачыць рукапісы, першыя выданні Вацлава Ластоўскага, Браніслава Тарашкевіча – нашай беларускай эліты часоў станаўлення Беларуская Народнай Рэспублікі, БССР – такога дзяржаўнага будаўніцтва. А з другога боку – можна пабачыць асабістыя рэчы, малюнкі, кнігі, подпісы нашых цяперашніх палітвязняў.

Увогуле, канцэпцыя выставы выкрышталізавалася, калі да нас у музей патрапілі рэчы Наталлі Хэршэ. Гэта вопратка, якую яна насіла ў турме. І было зразумела, што гэтая вопратка, калі яна стаіць побач з робай Ларысы Геніюш з лагера, якая таксама захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы, тут паралелі проста вельмі відавочныя. І на Святлану Ціханоўскую гэта, канешне, зрабіла вельмі моцнае ўражанне. Яна спынялася практычна каля кожнага аб’екта, распытвала, як яны патрапілі ў бібліятэку, чаму дыяспара збірала гэта ўсё, як яна гэта рабіла.

І для нас, канешне, гэта рабіла вельмі моцнае ўражанне, таму што папросту было бачна, што нашае пакаленне і мы цяпер спрабуем рабіць – гэта з’яўляецца прадметам інтарэсу не толькі для нас саміх, але вось і для Святланы Ціханоўскай.

А пасля гэтага яна пайшла праз дарогу да беларускай царквы. Побач з ёй знаходзіцца мемарыял забітым падчас пратэстаў у 2020 годзе. Яна спынілася там, запаліла свечкі. Усе прысутныя былі потым запрошаныя ў царкву, там адбылася вельмі кароткая малітва. Была прачытаная малітва, напісаная нашымі святарамі пасля Другой Сусветнай вайны, малітва за Беларусь – за моладзь, за работнікаў, за жанчын і гэтак далей. І пасля гэтага мы ўсе праспявалі «Магутны Божа».

Потым яны засталіся ў будынку беларускай каталіцкай парафіі, каб паразмаўляць з беларускім актывам. Усе мы маглі сказаць па некалькі сказаў пра свае арганізацыі. Вось, што мне запомнілася – я пачаў расказваць пра тое, што беларуская супольнасць у Брытаніі вельмі ўнікальная, таму што тут беларускае жыццё працягваецца без перапынку ўжо 80 гадоў. Такога нідзе няма больш у Еўропе на захад ад Польшчы. Каб арганізацыі захаваліся і перадаваліся ад аднаго пакалення да другога ўжо тры ці чатыры пакаленні – ідэі, вось уся гэтая энергія і маёмасць таксама. І яна проста ў мяне спыталася, чаму так здарылася. Вось як раз на гэтае пытанне ў нас адказу не было. Нам самім трэба падумаць, а што ж такога нашыя папярэднікі зрабілі, што тут суполка ў Брытаніі аказалася такой жывучай і прадуктыўнай.

Святлана Ціханоўская пакінула запіс у гасцявой кнізе ў бібліятэцы «Дзякуй за тое, што захоўваеце беларускі скарб». І гэты запіс як бы і выказвае ўсё, пра што гэтая сустрэча была: каб пазнаёміць Святлану Ціханоўскую з усёй спадчынай, якую назбіралі, захоўваюць і развіваюць цяпер беларусы ў Брытаніі.

Крыніца: : tsikhanouskaya.org

— А на якой мове вы стасаваліся? На якой мове размаўляла спадарыня Святлана?

— Мы ўсе па-беларуску гаварылі і Святлана адказвала нам па-беларуску і задавала пытанні па-беларуску і запіс у кнізе гасцей у бібліятэцы пакінула па-беларуску.

— Магчыма, быў нейкі фідбэк у сярэдзіне вашай супольнасці ўжо пасля? Ці абмяркоўвалі вы нейкія эмоцыі пасля сустрэчы з ёй?

— Я бачыў вельмі шмат фотаздымкаў. Я столькі фотаздымкаў Святланы Ціханоўскай, напэўна, ніколі ў жыцці не бачыў, як за гэтыя два дні. Людзі сапраўды засталіся пад вельмі прыемным уражаннем. Нам спадабалася, што Святлане Ціханоўскай было гэта ўсё цікава, што не было чагосьці падрыхтаванага. Усё было вельмі проста, спантанна і разумна і шчыра адначасова.

Цалкам размову з Ігарам Івановым слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.