Loading

У Беластоку ўвечары 24 лістапада прайшла чарговая акцыя салідарнасці са зняволеным у Беларусі журналістам і дзеячам польскай меншасці Анджэем Пачобутам, а таксама ўсімі беларускімі палітвязнямі. На пікеце распавядалі, што рэпрэсіі не толькі не слабеюць, але і закранаюць усё больш людзей. Днямі стала вядома аб арышце ў Беларусі з палітычных прычын прадстаўнікоў касцёла.

На чарговы пікет салідарнасці з Анджэем Пачобутам і іншымі палітвязнямі да помніка ксяндзу Ежы Папялушку выйшла каля дваццаці чалавек. Ужо напрацягу 32 месяцаў – столькі за кратамі знаходзіцца журналіст і актывіст польскай меншасці – людзі выходзяць, каб паказаць, што яны не забыліся на татальныя рэпрэсіі і пераслед, якія здзяйсняе лукашэнкаўскі рэжым. Сам жа Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў наваполацкай калоніі і інфармацыі аб ім паступае вельмі мала. Пра гэта распавёў радыё Ўнэт намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.

— На жаль, сітуацыя з Анджэем не змяняецца. У апошні час атрымліваем вельмі мала інфармацыі ад яго. Два тыдні не атрымліваем ніякіх лістоў, ёсць такая інфармацыйная блакада, таму дакладна не вядома, у якім ён знаходзіцца стане. З таго, што ведаем, ён і далей знаходзіцца ў тым ПКТ (памяшканне камернага тыпу) у выпраўленчай калоніі ў Наваполацку.

— Што кажа яго сям’я?

— Цягам двух тыдняў ніхто не атрымлівае ад яго лістоў. Яму забаронены тэлефонныя размовы. Таксама няма ніякай магчымасці разлічваць на спатканне з сям’ёй у вязніцы. Інфармацыі, на жаль, вельмі мала.

— Што мы можам зрабіць, акрамя правядзення такіх акцый салідарнасці?

— Мы збіраемся, кажам, агучваем гэту тэму ва ўсялякіх месцах, дзе гэта магчыма, тэму таго, што людзі церпяць у Беларусі, ёсць агромністая колькасць палітвязняў, сядзяць палякі, сядзяць беларусы. Рэжым не выбірае нікога, рэжым жахлівы для ўсіх – для палякаў, для беларусаў. Караюць усіх за іх перакананні. Таму мы не маем права сюды не прыходзіць, не маем права аб тым не казаць, не агучваць. І гэта адзінае ў гэтай сітуацыі, што можна зрабіць, што мы можам зрабіць.

Марэк Занеўскі

Выступаючы перад тымі, хто сабраўся на акцыю салідарнасці, спадар Марэк адзначыў, што ад мінулага тыдня распачалася новая рэпрэсіўная справа супраць каталіцкага касцёла – былі затрыманы два ксяндзы ў Валожыне і Брэсце.

— У мінулым тыдні дайшла да нас яшчэ адна вялікая палітычная справа. Справа рэпрэсій адносна касцёла. Быў затрыманы польскі ксёндз, вельмі прыязны Польшчы, ксёндз пробашч з Валожына Генрых Акалатовіч. На жаль, у гэтай справе вельмі мала інфармацыі, але з таго, што да нас даходзіць, то вядома, ён абвінавачаны ў шпіянажы, яму пагражае да 15 гадоў зняволення. Гэта пажылы чалавек, 70 гадоў, пасля анкалагічнай хваробы. На сёння ён знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ у Мінску. Да яго не пускаюць адваката, пакуль не прынялі ні адной перадачы. Гэта сітуацыя папросту жахлівая, яна нас вельмі засмучае і не бачым на сёння як гэту сітуацыю вырашыць. Баімся, што гэта будзе чарговая гучная справа.

Некалькі дзён таму з тымі самымі абвінавачваннямі быў затрыманы яшчэ адзін ксёндз з Брэста.

Даходзяць да нас вельмі трывожныя звесткі аб Міколе Статкевічы, які сядзіць у зняволенні і ўжо вельмі даўно няма ад яго ніякай інфармацыі – у якім ён стане, што ў ім адбываецца. Гэта ўсё вельмі непакоіць.

Зараз лукашэнкаўскі рэжым пачаў падрыхтоўку да чарговай электаральнай кампаніі, натуральна праз узмацненне рэпрэсій. Пра гэта распавёў прадстаўнік ліквідаванага лукашэнкаўскімі ўладамі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Капуцкі. Паводле яго, людзі зараз у Беларусі настолькі запужаны, што атрымаць ад іх інфармацыю надзвычай складана.

— Тая інфармацыя, якая да нас даходзіць, пра тое, хто там арыштаваны, хто асуджаны, гэта маленькая часцінка таго, што там адбываецца. Мы шмат чаго не ведаем, таму што людзі настолькі запалоханы, што яны нават баяцца звяртацца да праваабаронцаў.

Я займаюся каардынацыяй праваабарончай дзейнасці ў сваім рэгіёне, адкуль я прыехаў. І ведаю, што такое ўказанне дадзена, каб перад выбарамі ўсё зачысціць. Ва ўчастковых міліцыянераў, у кожнага ўчастковага знаходзіцца па 10-15 адміністрацыйных спраў. Я ведаю, што ў маім горадзе, у суседніх гарадах практычна ідзе канвеер затрыманняў людзей. Мы гаворым пра крымінальныя справы, пра зняволеных на зонах, на «хіміях», але мы практычна не гаворым пра тых, хто праходзіць па адміністрацыйных справах і сядзіць суткі. Там ідзе сапраўдны канвеер. Некаторыя мае сябры праз гэта прайшлі. Фактычна камеры запоўненыя – адны выходзяць, другія заходзяць, і людзі сядзяць проста ў бесчалавечных умовах. Палітычныя, якія сядзяць на сутках, пазбаўленыя абсалютна ўсяго. Я не кажу пра бялізну і матрас, але нават зубную шчотку і пасту не даюць. Пра перадачы я таксама ўжо не кажу, пісьмы. Чалавек сядзіць і не мае права ні на што. Пазбаўлены права пачытаць нават афіцыйную газету. Гэта катаванне, самае сапраўднае катаванне. І я лічу, што пра гэта таксама трэба казаць і біць у званы. Рэжым нездарма гэта робіць. Яны застрашваюць усіх людзей. Я ведаю, што не ўсе мае сябры, якія выходзяць асмельваюцца даць мне інфармацыю.

Алесь Капуцкі

На пікеце выступіла госця Беластока, прадстаўніца канцэлярыі Сейміку Ніжне-Сілезкага ваяводства Марта Тэркевіч. Яна паведаміла, што месяц таму ва Уроцлаве адбыўся канвент старшынь сеймікаў усіх польскіх ваяводстваў, дзе адзінагалосна быў прыняты дакумент з патрабаваннем вызвалення Анджэя Пачобута і спынення ўсіх рэпрэсій у Беларусі.

У каментары нашаму радыё спадарыня Марта распавяла аб тым, на які водгук разлічваюць тыя, хто падпісаў гэтую адозву.

— Разлічваем на тое, што папросту чарговыя адозвы, асабліва ў агульнапольскі спосаб прынятыя, нагадаюць людзям у Польшчы, якая ёсць сітуацыя. Што мы сапраўды маем вялікае шчасце жыць у дэмакратычнай краіне і не ўсведамляем, асабліва людзі майго пакалення, трыццацігадовыя, што зараз у Беларусі сітуацыя выглядае прыкладна так, як у нас у 80-я гады. Калі я размаўляла з дзеячамі Саюза палякаў Беларусі, то была ў шоку, што могуць быць такія варункі ці то ў вязніцах, ці то ў следчым працэсе. Што нехта можа падыйсці на вуліцы і абшукаць прыватныя рэчы сапраўды каго заўгодна. Альбо што людзей затрымліваюць за тое, што дбаюць аб магілах нашых герояў на могілках. Гэта не месціцца ў галаве.

Я шмат гэтым цікаўлюся ці мае знаёмыя, якія больш заангажаваныя. У той жа час большасць людзей у Польшчы не маюць аб гэтым паняцця. Калі чуваць, што затрымалі важную асобу – ці Анжаліку Борыс, ці Анджэя Пачобута, то ў той час усе медыя аб тым кажуць. І так мімаволі кожны аб гэтым даведаецца, а праз шмат месяцаў цяжка зацікавіць людзей гэтай справай. Таму хаця б з гэтага гледзішча. Не лічым, што нават, калі да Лукашэнкі дойдзе гэтая наша адозва, то ён над ёй задумаецца. На жаль, не можам на гэтае разлічваць. Таксама рабілі мы акцыі дасылання зычэнняў, адозваў, такіх лістоў падтрымкі нашых дзеячоў, зняволеных у Беларусі, і разумеем, што гэта даходзіць толькі да ахоўнікаў, якія гэтыя лісты выкідываюць. Але маем надзею і ведаю, што шмат людзей моляцца, каб сітуацыя змянілася, і хочам якім-небудзь чынам гэта падтрымаць.

Марта Тэркевіч

Comments are closed.