Пару дзясяткаў чалавек прыйшлі да помніка ксяндзу Ежы Папялушку ў Беластоку на акцыю салідарнасці з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам і ўсімі беларускімі палітвязнямі. Хоць ад Пачобута пачала паступаць карэспандэнцыя, сітуацыя з умовамі ўтрымання ніяк не паляпшаецца, таму прагучалі словы аб неабходнасці зваротаў да міжнародных і польскіх інстытуцый.
Анджэй Пачобут па-ранейшаму знаходзіцца ў так званым памяшканні камернага тыпу (ПКТ) у Наваполацкай выпраўленчай калоніі, такая свайго роду турма ў турме, дзе ўмовы знаходжання горшыя, чым для астатніх вязняў. У той жа калоніі сядзіць і Віктар Бабарыка, з якім увогуле забаронены любыя кантакты. Пра гэта нам распавёў сябр Анджэя, журналіст і актывіст Саюза палякаў Беларусі Ян Роман.
— Асаблівых навін ад Анджэя няма. Вядома, што ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу. Не атрымлівае лекі, мае ўвесь час праблемы з сэрцам, збіваецца рытм сэрца, мае праблемы з ціскам, але гэта не ўплывае на стаўленне адміністрацыі да яго, да яго стану здароўя. Гэта ўплывае на агульны яго стан. Паўгода правесці ў такім памяшканні на здароўі не вельмі добра адаб’ецца, улічваючы тое, што там абмежаваныя выхады на вуліцу, так званыя шпацыры, паўгадзіны толькі. Там жа сядзіць Віктар Бабарыка, які ўвогуле ізаляваны ад усіх астатніх. І нават калі там на прагулкі выводзяць, яго выводзяць асобна, каб ніхто з асуджаных не меў магчымасць сустрэць яго і ўбачыць…
— Напрыканцы жніўня стала вядома, што Анджэй атрымаў узнагароду Фонда Grand Press. Ці ведае ён пра гэту ўзнагароду?
— Улічваючы тое, што Анджэй і іншыя вязні, якія знаходзяцца ў памяшканні камернага тыпу, ізаляваныя, мне падаецца, што ён можа не ведаць. Аднак, як сведчыць практыка, турэмная пошта таксама працуе. Гэта не першая яго ўзнагарода за час, калі ён знаходзіцца ў турме. Я думаю, што сустрэчы з адвакатам, можа быць, прыносіць нейкія навіны, у тым ліку навіны, што яго не забываюць, што яго помняць у Польшчы, у Беларусі, іншых краінах свету.
Пра тое, што да Анджэя ўсё ж даходзіць інфармацыя з волі, распавёў, выступаючы на мітынгу, намеснік старшыні Саюзу палякаў Беларусі Марэк Занеўскі.
— Атрымліваем лісты ад Анджэя, яны пачалі даходзіць. Некалькі разоў у яго быў адвакат, таму ў параўнанні з апошнім нашым спатканнем сітуацыя троху палепшылася, бо хаця б інфармацыю ад яго атрымліваем. Ён ведае, што мы тут збіраемся. Адвакат нават, наколькі гэта магчыма, паказваў яму некалькі разоў фотаздымкі з нашых акцый. Ён прасіў вам усім перадаць вялікі дзякуй за тое, што помніце, за тое, што прыходзіце, што помніце аб ім, аб астатніх палітвязнях, якіх ужо вельмі многа.
Пра Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага казаў праваабаронца з Маладзечна Алесь Капуцкі, які даўно ведае знакамітага палітвязня.
«Ён выбраў гэты шлях праваабароны, калі ў 1996 годзе над краінай навісла рэальная пагроза страты незалежнасці, калі пачаліся масавыя хапуны. І фактычна ён на сябе ўзваліў гэты крыж і ён яго нясе. Сёння яму споўніўся 61 год. Ён не першы раз у турме. З 2011 па 2014 год адседзіў тэрмін, праўда, не ўвесь, дзякуючы нашай салідарнасці, ён быў раней вызвалены. А цяпер ён ужо ў другі раз сядзіць. Мне тут задавалі пытанне, і мне самому часам прыходзіла ў галаву, можа мы ўвогуле дарэмна тут выходзім, штосьці тут стараемся выказаць. Ці мае гэта сэнс? Я лічу, што мае. Любая наша салідарнасць, любыя нашы актыўныя дзеянні ў падтрымку тых палітвязняў, якія зараз пакутуюць у нечалавечых умовах у турмах Беларусі, мае сэнс».
Тым часам у Беларусі працягваецца ўцісканне правоў польскай меншасці. Польская мова выкрэсленная з вывучэння ў дзяржаўных школах, дзе раней яе выкладалі, таксама абмежавана дзейнасць грамадскіх суботніх і нядзельных школ Саюза палякаў Беларусі, распавяла кіраўнічка Падляшскага аддзела «Вспульноты Польскай» Ганна Кетліньская.
«Ліквідавана практычна ўсё, але людзі не паддаюцца, вучаць мову, бо ведаюць, маюць свядомасць, што без гэтага няма пачуцця ідэнтычнасці. Беларускай мовы ў Беларусі таксама няма, і гэта вельмі істотна. І здаецца, што ўсе абмежаванні ўжо ўведзены, але аказваецца, што ў верасні маем чарговае абмежаванне. Дырэктары, завучы тых школы, з якіх моладзь паехала на вучобу ў Польшчу, былі пакараныя тым, што адсунулі ад кіравання школамі і выканання сваіх абавязкаў».
Галоўны рэдактар Радыё Рацыя Яўген Вапа заклікаў прысутных да задзейнічання такога механізма ўплыву на сітуацыю ў Беларусі, як звароты ў разнастайныя міжнародныя і польскія інстанцыі і інстытуцыі.
«Мне здаецца, што гэта трэба рабіць, таму што існуе нейкі непісаны і відавочны статус-кво, калі на фоне вайны Расіі супраць Украіны палітычнае жыццё і палітычнае бачанне справы вязняў у Беларусі знаходзяцца далёка-далёка ззаду. Ведаючы, як дзейнічаюць механізмы дэмакратычных дзяржаваў, а дэмакратычныя дзяржавы ёсць вельмі бюракратычнымі, і міжнародных устаноў, усё напісанае мусіць атрымаць нейкі адказ. Мы павінны дамагацца свайго ўсебаковымі дзеяннямі. Гэта і пісанне да гуманітарных устаноў, такіх як Міжнародны Чырвоны крыж, і вялікая тут роля канфесійных структураў, якія дзейнічаюць у Беларусі. Між гэтымі канфесійнымі структурамі і ўладамі заўсёды ёсць магчымасць кантакту і непублічная сувязь».
Comments are closed.