Loading

Каля сотні беларусаў прыйшлі 30 ліпеня ў беластоцкі хаб «Новая зямля», каб паслухаць лекцыю-выступ лідэра Нацыянальнага вызваленчага руху «Вольная Беларусь» Зянона Пазняка аб беларускай нацыянальнай ідэі. Тэма закранала як гісторыю дачыненняў з суседнімі краінамі, перш за ўсё, усходнім суседам, так і сучасныя рэаліі і пагрозы існавання нашай нацыі.

Першае, што, распачынаючы лекцыю, адзначыў адзін з найстарэйшых беларускіх палітыкаў – цяжкае становішча, у якім апынуліся беларусы. Ён нагадаў, што цяперашняя ўлада ў Мінску, якая па сутнасці ёсць акупацыйнай, здзяйсняе генацыд беларускага народа. Нешта падобнае, паводле яго, мы перажывалі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Людзей да смерці катуюць у турмах, ствараюць ім невыносныя ўмовы, а пасля збіцця на Акрэсціна памерлі дзясяткі чалавек. Ва ўмовах катаванняў і здзекаў знаходзяцца больш за 5000 чалавек, пераследуемых з палітычных прычын. Пры гэтым, паводле спадара Зянона, мэтанакіравана знішчаюць нацыянальна свядомых людзей, патрыётаў Беларусі, напрыклад такіх як Вітольд Ашурак ці Алесь Пушкін.

Лідэр «Вольнай Беларусі» паведаміў, што рэжымам складзены спіс на вынішчэнне 1667 патрыётаў. Гэта было зроблена тады, калі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі кіраваў Юры Жадобін. Нагадаю, на той пасадзе ён знаходзіўся ў 2007-2008 гадах.

Калі мы не будзем разумець, што з намі адбываецца, такая сітуацыя не скончыцца, упэўнены Зянон Пазняк. Пры гэтым зараз неабходна захаваць дзяржаву. У сваю чаргу, тыя санкцыі, якія ёсць, не ў стане абваліць рэжым, бо ён ужо прыстасаваўся да іх. Рэальных рычагоў, каб вызваліць палонных, то бок палітвязняў, няма, адзначыў палітык. Цяпер, паводле яго, трэба, каб Захад патрабаваў ад Лукашэнкі вываду расійскіх войск з Беларусі і даваў больш зброі Украіне. Але Захад, на жаль, не ў стане гэта рабіць, бо там адсутнічаюць адказныя палітыкі. Мы ж у сваю чаргу павінны пастаянна ставіць гэтае пытанне перад Захадам, каб ён быў вымушаны рэагаваць.

Выступае Зянон Пазьняк

У інтэрв’ю нашаму радыё Зянон Пазняк распавёў, чаму зараз вельмі важна ўздымаць пытанне захавання беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці сярод беларускіх эмігрантаў, якіх, па яго словах, толькі ў Польшчы больш за 100 тысяч.

— Гэта важнейшая тэма для асобы для захавання ідэнтычнасці для яе сілы духа ў замежжы, калі краіна акупаваная, бо трэба ў тую краіну вярнуцца, а каб вярнуцца, трэба ёй спрыяць, дапамагаць захаваць сваю ідэнтычнасць. Гэта важна для нашай перамогі і для нашай ідэнтычнасці беларускай.

— Вы лічаце, што гэтыя людзі яшчэ не да канца разумеюць неабходнасць нацыянальнага складніка ў іх светапоглядзе на тое, што адбываецца з Беларуссю?

— Тая сітуацыя не нармальная, у якой яны жылі ў лукашысцкай Беларусі, не дапамагала ім зразумець многія рэчы. Тут у вольнай краіне, у Польшчы, мы можам гаварыць наўпрост што ёсць што. І гэта трэба ўсвядоміць, нікога не баяцца. Бо гэта вельмі важна навучыцца з гонарам ацэньваць сябе, свае думкі, гаварыць праўду, быць упэўненым у сабе, у сваёй нацыі, у сваёй культуры. Вось аб гэтым ішла гаворка. Ішла гаворка аб ты, як нам важна ў сітуацыі вайны паказаць супраціў, каб нам зразумець, хто і што нам робіць, што нас знішчаюць. Мы павінны разумець сваіх ворагаў. Мы павінны разумець, хто нам перашкаджае будаваць шчаслівую будучыню. Таму што ўся ідэалогія Савецкага Саюза, прапаганда і прапаганда лукашысцкая накіраваны на тое, каб вытравіць у чалавеку разуменне ворага. Яны робяць такое ўяўленне, што Расія браты, што яны такія самыя рускія, толькі са знакам якасці, каб нівеляваць адносіны, каб чалавек не адчуваў болю. Яго б’юць, а ён, каб болю не адчуваў, яму наркотык даюць пад скуру. Гэта як у 30-я гады людзей забівалі, нішчылі, расстрэльвалі, а для астатніх гаварылі, што гэта ворагі народу. Людзі не разумелі, што гэта іх забіваюць, таму што прыдумвалі «ворагаў народу». Вельмі важна, каб нашы людзі цяпер зразумелі, адкуль жа нашы беды, у чым справа. Усе гэтыя беды былі 200 гадоў, як акупавалі Вялікае княства. І ўвесь час нас вынішчалі. Расійскі імперыялізм гэты, гэтая ўся банда, арда. І цяпер гэта ўсё відавочна, калі яны напалі на Беларусь, на Украіну. Таму супраціўляцца трэба нашай сілай духоўнай, нашай існасцю, нашым разуменнем хто ёсць хто. І яны павінны ведаць, што мы знаем, што вы нашы ворагі і мы вас не баімся, мы з вамі будзем змагацца за сябе.

Выступае Павел Усаў

На сустрэчы таксама выступілі і адказалі на пытанні іншыя госці. Так, палітолаг Павел Усаў лічыць вельмі важным пасля вызвалення Беларусі не дапусціць утварэння алігархічнай сістэмы. Камандзір Беластоцкай грэнадзёрскай харугвы «Паспалітага рушэння» з пазыўным «Шляхціч» заклікаў да далучэння ў шэрагі падраздзялення. А кіраўнік моладзевай нацыяналістычнай арганізацыі «Рух», якая паўстала напрыканцы мінулага года, распавёў, што яе структуры маюцца ў 10 гарадах Польшчы і сямі краінах свету. Ён заклікаў прысутную моладзь станавіцца сябрамі «Руху» і іншых арганізацый, якія дзейнічаюць на карысць беларускай нацыянальнай ідэі.

Выступае кіраўнік моладзевай нацыяналістычнай арганізацыі «Рух»
Выступае камандзір Беластоцкай грэнадзёрскай харугвы «Паспалітага рушэння»

Comments are closed.