У сераду 8 лістапада па выніках дэбатаў у Бундэстагу была прынята рэзалюцыя «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям’і». Дакумент накіраваны на падтрымку беларускай дэмакратычнай супольнасці ў цэлым і беларускай дыяспары ў Нямеччыне ў прыватнасці.
У тэксце гаворыцца, што Бундэстаг выступае за захаванне беларускай культуры, ідэнтычнасці і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Германія асуджае ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай агрэсіі супраць Украіны і гвалт у дачыненні да беларускага насельніцтва. Дэпутаты заклікаюць працягваць санкцыйны ціск на рэжым. Нямецкія парламентарыі дэкларуюць падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі, у прыватнасці размова ідзе пра падтрымку палітзняволеных і ахвяр гвалту, пра спрошчаны ўезд на тэрыторыю Нямеччыны для беларусаў, якія церпяць ад палітычнага пераследу.
Рэзалюцыя не з’яўляецца абавязковай да выканання. Тым не менш, як лічыць прадстаўнік народнай амбасады Беларусі ў Германіі Міхаіл Рубін, дакумет у любым выпадку будуць улічваць выканаўчыя органы ўлады Германіі.
«Гэта афіцыйная рэзалюцыя дэмакратычнага парламента, прынятая большасцю галасоў. І ў любым выпадку выканаўчыя органы будуць з ёй лічыцца, будуць ёй кіравацца. Тым больш, гэтая рэзалюцыя была накіравана на сённяшняе галасаванне кіруючай кааліцыяй. Адпаведна ўсе міністарскія пасады, не толькі міністры, але і дзяржаўныя сакратары, якія адказваюць за напрамкі дзейнасці — прадстаўнікі гэтых кааліцыйных партый і, вядома, для іх рашэнне іх фракцыі, ухваленае большасцю галасоў, калі і не абавязковае для выканання, то яно паказвае накірунак працы».
Акрамя прыняцця рэзалюцыі, адбыўся шэраг сустрэч прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі з прадстаўнікамі нямецкага ўрада. У прыватнасці, у міністэрстве унутраных спраў адбылася сустрэча з дзяржаўным сакратаром па справах міграцыі. Гаворка ішла аб магчымых варыянтах выкарыстання пратэрмінаваных пашпартоў. Таксама разглядалася пытанне адмовы ў консульскім абслугоўванні ў дыпламатычных установах рэжыма Лукашэнкі. Рашэнне было знойдзенае праз спрашчэнне выдачы беларусам так званых «пашпартоў замежніка», альбо нямецкіх праязных дакументаў для замежнікаў. Разглядаеца таксама магчымасць выкарыстання пратэрмінаваных пашпартоў РБ, але толькі разам з нямецкімі дакумэнтамі аб відзе на жыхарства.
«У першую чаргу нам трэба перамагчы тую самую бюракратыю і наладзіць працэс выдачы дарожных дакументаў, якія з’яўляюцца паўнавартасным дакументам, з якім можна было б адкрываць рахункі ў банку, перасоўвацца па еўразоне, рэгістраваць аўтамабілі і гэтак далей. У першую чаргу мы сканцэнтраваны на гэтым. Гэта ўсё працуе, нам проста трэба, каб у кожным пашпартным стале, у кожнай камісіі па справах замежнікаў на месцах ведалі нашую сітуацыю».
Падрабязней:
Comments are closed.