Loading

Выстава, якая пабыла ўжо шмат у якіх гарадах Украіны, адкрыецца ў абласным цэнтры, які найбольш пацярпеў ад наступу з беларускай тэрыторыі.   

Аляксей Францкевіч, кіраўнік дабрачыннага фонду «Вільна Білорусь» і арганізатар выставы: 

 16 студзеня ў Чарнігаве ў абласным мастацкім музеі імя Р. Галагана а 12-й гадзіне адбудзецца адкрыццё фотавыставы «З Украінай у сэрцы», прысвечанай подзвігу беларускіх герояў, якія аддалі свае жыцці ва Украіне ад пачатку расійска-ўкраінскай вайны з 2014 года. Таксама яна прысвечана і тым беларусам, якія працягваюць ва Украіне барацьбу супраць Расійскай імперыі. 

Я хачу нагадаць, што гэтая выстава была адкрытая ў Львове, у Кіеве, прадстаўленая ў Дняпры, у Запарожжы, у Ізмаіле, у Адэсе, у Бучы. Больш за месяц гэтая выстава дэманстравалася ў Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі, на факультэце міжнародных адносін. І ўсе будучыя ўкраінскія міжнароднікі больш за месяц маглі азнаёміцца з гісторыяй жыцця і подзвіга беларускіх герояў. 

Мы збіраліся яе правесці ў Чарнігаве яшчэ ў мінулым годзе, але атрымалася толькі зараз.  Чаму Чарнігаў вельмі важны? Таму што менавіта з Беларусі быў наступ, і з Беларусі бамбілі Чарнігаў. Вельмі шмат чаго разбамбілі, шмат жыхароў забілі, з Беларусі ляцелі самалёты, якія кідалі бомбы па Чарнігаве, ляцелі «Грады». Таму, я лічу, вельмі важна простым жыхарам Чарнігава паказаць розніцу паміж “лукашыстамі” і беларусамі. Беларусамі, якія зараз тут, ва Украіне, поплеч з украінцамі змагаюцца супраць расійскіх акупантаў. І пра “лукашыстаў”, якія надалі нашу тэрыторыю для паўнамаштабнага ўварвання Расіі, пра тых, хто падтрымлівае расійскую агрэсію, хто падтрымлівае забойства мірных жыхароў – дзяцей, жанчын, старых ва Украіне. 

Выстава будзе працаваць у абласным мастацкім музеі.  Гэта вельмі добра ўспрыняў дырэктар музея, дэпартамент культуры. Па вялікім рахунку, усімі арганізацыйнымі момантамі займаюцца ў Чарнігаве. То бок, яны будуць і запрашаць гасцей, і рабіць рэкламу.  

На сёняшні дзень ва Украіне загінула ўжо больш за 40 беларусаў. Па-першае, мы  не ведаем дакладна імёны і прозвішчы ўсіх беларусаў, хто  загінуў з 2014 года. Па-другое, большасць сваякоў загінулых знаходзяцца ў Беларусі. І ў мэтах бяспекі шмат каго мы не можам сёння называць, імёны, прозвішчы, паказваць твары. Пачынаючы з першай выставы ў Львове, на жаль, нашая выстава толькі дапаўняецца, бо беларусы гінуць, гінуць героі за нашу з вамі свабоду. 

 

Comments are closed.