Беларуская дэмакратычная супольнасць працягвае рыхтавацца да выбараў новага складу Каардынацыйнай Рады. Тое, якім чынам гэтыя выбары мусяць адбыцца, зараз якраз актыўна дыскутуецца. Каардынацыйнай Радзе прапанавана сем розных канцэпцый правядзення выбараў: ад мажарытарнай сістэмы праз галасаванне за канкрэтных асоб да галасавання за спісы ад пэўных палітычных сілаў. Пра прапанаваную ім канцэпцыю правядзення выбараў распавядае кіраўнік фракцыі «Грамадзянскае дзеянне» ў цяперашняй Каардынацыйнай Радзе Юрась Губарэвіч.
— У аснову канцэпцыі пакладзена бачанне таго, якімі функцыямі павінна валодаць Каардынацыйная Рада, дзеля чаго гэты орган, што можа быць створана пазней на яго аснове ў дэмакратычнай Беларусі, якім чынам наяўнасць Каардынаынай Рады паспрыяе развіццю сітуацыі з набліжэннем дэмакратыі ў нашай краіне. І, калі адказваць на гэтыя пытанні, то наша бачанне Каардынацыйнай Рады – як сапраўднага протапарламента, дзе адбываюцца дыскусіі паміж рознымі палітычнымі групамі, якія прадстаўляюць інтарэсы сваіх выбарцаў.
І ёсць дакладнае акрэсленне гэтых палітычных групаў – гэта не проста набор індывідаў, якія выпадкова разам сабраліся ў адным месцы, але гэта прадстаўніцтва тых структураў, якія маюць акрэсленыя праграмы, палітычную мэту, бачанне рэформаў. Натуральна, што гэтае бачанне можа і не супадаць, але ў гэтым сэнс любога сапраўданага парламента – у тым, каб падтрымку атрымалі тыя, чые прапановы найбольш адпавядаюць інтарэсам грамадства і каб тыя, хто нават будзе мець меншасць, усё адно мелі магчымасць атрымаць трыбуну для выказвання сваіх пазіцыяў, сваіх прапановаў.
Калі браць прыклады для будучай Беларусі, то тут хутчэй трэба пераймаць досвед еўрапейскіх краін з устойлівай дэмакратыяй, у якіх удзел у выбарах бяруць якраз палітычныя партыі. Тут могуць быць выключэнні для пэўных грамадскіх груп і рухаў. Як, напрыклад, у Польшчы ў свой час сённяшняя Грамадзянская платформа паўстала якраз як грамадскі рух і тым не менш, прыйшла ва ўладу і ў свой час кіравала краінай, зараз ужо ў складзе кааліцыі, напэўна, будзе працягваць гэты досвед.
Тут ёсць прынцыповая розніца паміж выключна мажарытарнай сістэмай і сістэмай па партыйных спісах. Чалавек, які абіраецца па мажарытарнай акрузе, ён можа, канешне, несці адказнасць перад сваімі выбарцамі за свае дэкларацыі, за свае праграмы, але ён не здольны рэалізаваць гэтыя дэкларацыі і праграмы без супрацы з іншымі дэпутатамі, без уваходжання ў якую-небудзь кіруючую ці апазіцыйную фракцыю і прасоўвання, адпаведна, той пазіцыі, якая будзе агульная для гэтай фракцыі.
То бок, так ці інакш, мы бачым, што нават пры мажарытарнай сістэме ўсё роўна ўтвараюцца выразныя партыйныя палітычныя групы. Пры змешанай сістэме, калі партыі бяруць пэўны працэнт галасоў, яны пасля набіраюць сваю вагу якраз за кошт кандыдатаў-мажарытарнікаў, якія далучаюцца да той ці іншай групы. Таму і зноў – гэта працэс непазбежны.
Адзіночка ў парламенце можа адседзець свае чатыры гады і нічога не рэалізаваць, не зрабіць таго, што ён абяцаў выбарцам, і проста пасля ганебна сыйсці. Хаця, бываюць, канешне, выключэнні для вядомых і выбітных асобаў, але гэтыя асобы не робяць палітыку ў дзяржаве.
Вяртаючыся да Каардынацыйнай Рады, калі мы гаворым пра протапарламент, то менавіта такім шляхам трэба ісці – гэта абранне па палітычных спісах. Я бы не сказаў, што мы мусім звужаць выключна да партыйных спісаў, таму што ведаем сённяшнюю сітуацыю з палітычнымі партыямі ў Беларусі – у сілу розных прычын яны не атрымалі дастатковай вядомасці і папулярнасці.
Але тыя палітычныя групы, якія зараз утвараюцца, пасля 2020 года, яны такой вядомасцю і папулярнасцю на дастаткова добрым узроўні валодаюць. Яны мусяць мець права прадстаўляць сваіх кандыдатаў у рамках сваёй групы. Калі ў іх, натуральна, ёсць палітычная праграма, калі яны бачаць сябе трошкі далей за дзень перамен і хацелі б ужо паўнавартасна ўдзельнічаць у палітыцы ў дэмакратычнай краіне.
Цалкам размову з Юрасём Губарэвічам слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.