Loading

Лідарка фем-групы Каардынацыйнай Рады Юлія Міцкевіч увайшла ў склад Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы. Яна прымала ўдзел у першым пасяджэнні групы, якое адбылося 7 лістапада ў Страсбургу. У эфіры радыё Ўнэт Юлія Міцкевіч расказала, чым будзе займацца ў складзе групы і калі плануе першую сустрэчу са сваёй мэтавай аўдыторыяй.

Удзельнікі Кантактнай групы прадстаўляюць не сябе асабіста, а пэўныя сектары грамадства: праваабарончы (праблемы палітвязняў), СМІ, моладзевы, культурны, адукацыйны і сферу гендарнай роўнасці. Палітычны блок дэмакратычных сіл у групе прадстаўлены Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і каардынацыйнай Радай. Склад групы не канчатковы. Кожны з удзельнікаў можа быць заменены, у групу могуць быць уключаны новы людзі. Прадстаўнікі РЕ ў гэтым працэсе будуць выступаць у якасці кансультантаў. Наступная сустрэча Кантактнай групы адбудзецца прыкладна ў канцы студзеня. Да гэтага часу ўжо павінны быць гатовы прапановы і план далейшай працы.

Юлія Міцеквіч на паседжанні Кантактнай групы па Беларусі ў Радзе Еўропы (трэцяя злева). Фота: twitter.com/tsihanouskaya

Юлія Міцкевіч у групе прадстаўляе напрамак гендарнай роўнасці і гендарнага мэйнстрымінгу. Гэтая сфера будзе разглядацца як асобна, так і праходзіць скразной каштоўнасцю праз дзейнасць усёй кантактнай групы.

Адной з важных дамоўленасцей падчас сустрэчы было стварэнне плану дзеянняў і вызначэнне стратэгічных задач па кожным з напрамкаў. Сябры групы зараз будуць праводзіць кансультацыі са сваёй мэтавай аўдыторыяй, збіраць інфармацыю аб іх патрэбах і праблемах. Першая сустрэча з прадстаўніцамі фем-супольнасці адбудзецца 10 лістапада.

Comments are closed.