Loading

Украінскі палітолаг, дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда ў інтэрв’ю Радыё Ўнэт прааналізаваў вынікі саміту НАТА ў Вільні для Украіны.

— Ці спраўдзіліся чаканні Украіны ад саміту?

— Я мяркую, што так. Па-першае, гэта 500 мільёнаў даляраў на падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў, якія выдаткоўвае НАТА. Гэта пакеты ўзбраенняў, якія перадаюць асобныя краіны НАТА. І гэта дэкларацыя «вялікай сямёркі», у якой я бачу гібрыдную праяву. То бок, Украіне будуць дапамагаць, і гэта прадэманстравалі наймагутнейшыя краіны свету.

Плюс – тое, што зафіксавана скасаванне плану дзеянняў для сяброўства, гэта хутчэй паказнік гнуткаці НАТА ў пытаннях будучага ўступу Украіны. Але, зразумела, што гэты ўступ мусіць адбыцца пасля заканчэння вайны.

— Наколькі сапраўды гэты план дзеянняў скасаваны, калі ўсё роўна існуюць умовы, якія павінны штогод аналізавацца і атрымлівацца згода розных краінаў?

— Я мяркую, што мы пабачылі, што НАТА – гэта найперш, палітычная, а ўжо потым вайсковая структура. І, як кожная палітычная структура, яна хоча, каб яе чальцы аб’ядноўваліся супольнымі каштоўнасцямі. Я нармальна ўспрымаю гэты працэс. Бо, калі мы будзем адпавядаць гэтым патрабаванням, то нас прымуць у НАТА незалежна ад таго, як будзе называцца гэты працэс.

— Ці вядомыя гэтыя ўмовы? Ці даведзеныя яны Украіне на гэты час?

— На маю думку, калі НАТА загаварыла пра адмову ад плана, Украіна мусіць сама арганізаваць комплекс захадаў, якія мы бярэмся выканаць да будучага вашынгтонскага саміту НАТА. Мы самі мусім дэманстраваць рашучасць нешта зрабіць. Калі гэтага не рабіць, то нам будзе больш складана. Трэба не баяцца праяўляць ініцыятыву і браць яе ў свае рукі.

— Што тычыцца гарантый бяспекі – наколькі Украіна задаволеная тым, што яна атрымала ад краін НАТА?

— Я не думаю, што гэтыя гарантыі для краіны, якая на сёння мае наймагутнейшую армію ў Еўропе, маюць вялікае значэнне. Але лепей мець такія гарантыі, чым не мець аніякіх.

— Зараз гучаць меркаванні, што Расіі далі зразумець, што ёй даюць шанец зацягнуць вайну і потым шукаць нейкі мір. У выніку – гэтыя заявы прэзідэнта Зяленскага пра тое, што Украіна не паступіцца нават сялом з адным дзедам. Ці сапраўды ў кіраўнікоў краінаў НАТА ёсць настроі, каб замарозіць гэты канфлікт ці зацягнуць?

— Я мяркую, што для ўнутрыпалітычных пазіцыяў у краінах НАТА больш небяспечна было б ствараць ілюзіі хуткага ўступу Украіны. Бо яны ў такім выпадку патраплялі б пад ціск сваіх палітычнах апанентаў. А так – яны пераклалі значную меру адказнасці на Украіну і будуць адпаведна дзейнічаць. Таму я думаю, што ўсё будзе добра, толькі гэта будзе патрабаваць досыць шмат часу.

Але трэба ўзгадаць, што еўраатлантычная інтэграцыя Украіны пачалася з 1997 года. Таму, я думаю, сёння крыўдзіцца на НАТАўскую эліту не варта. Трэба проста рабіць высновы з дапушчаных памылак і дзейнічаць адпаведна.

— А наколькі будзе спрыяць ці наадварот замінаць дасягненню першай мэты, першай умовы – заканчэнню вайны, тая дапамога зброяй, якую паабяцалі, і якую не паабяцалася, у першую чаргу размова ідзе пра далёкабойныя ракеты, над якімі Байдэн сказаў, што ён яшчэ думае?

— Я мяркую, што няма дзіва-зброі ў супрацьстаянні з дзяржавай з найбольшай тэрыторыяй. Ніхто нам не дасць міжкантынентальныя ядзерныя ракеты. А ўсё іншае – гэта толькі тактычныя інструменты. Пры гэтым варта разумець: чым больш мы атрымаем зброі, тым менш загіне нашых абаронцаў. І таму кожны шанец на атрыманне зброі Украіна мусіць выкарыстоўваць. Таму што гэта дазволіць ёй узмацніць свае пазіцыі і хутчэй скончыць вайну. Але сказаць, калі гэта адбудзецца, я лічу, зараз ніхто не зможа.

Comments are closed.