Loading

У Кіеў прыязджаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Міхайла Падаляк у сваіх твітах раптам змяніў гнеў да беларусаў на літасць і пачаў адзначаць іх барацьбу за свабоду, у тым ліку і за свабоду Украіны. Акрамя Латушкі ва Украіне гасцяць таксама лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазьняк і палітычны аналітык Павел Усаў. Яны прывезлі аўтамабіль для Палка Кастуся Каліноўскага і спрагназавалі ўваход гэтага падраздзялення пасля перамогі Украіны ў Беларусь для яе вызвалення. Ці змяняе ўсё гэта агульныя стасункі паміж украінскай дзяржавай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі, як ва Украіне ўспрымаюць размяшчэнне ў Беларусі расійскай ядзернай зброі і ці сапраўды Полк Каліноўскага можа вызваліць Беларусь і ад расійцаў, – абмеркавалі з украінскім палітолагам, дырэктарам Інстытута Сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

— Вось ужо больш за год і тры месяцы доўжыцца паўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны. Цягам гэтага часу дачыненні паміж украінцамі і беларусамі, нават тымі, якія адкрыта выказвалі сваю праўкраінскую пазіцыю, нават тымі, якія не проста выказваліся, але і рабілі шмат для Украіны, былі мякка кажучы, складанымі. І вось лёд крануўся. Мы бачым, што ва Украіну здолеў прыехаць намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка, які сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, і не толькі дэпутатамі Вярхоўнай Рады. Прычым, як заявіў намеснік кіраўніка цэнтра супрацьдзеяння расійскай агрэсіі Дмытро Грамакоў, менавіта гэты цэнтр спрыяў візіту. Ці можна казаць, што ўлада Украіны зразумела рэальную сітуацыю ў беларускім грамадстве? Ці дала плён тая інфармацыйная праца, якую рабілі як самі беларускія дэмакратычныя сілы, так і многія ўкраінцы?

— Я мяркую, што пра вынікі візіту трэба будзе разважаць потым. Добра, што прыехаў Латушка. Я ведаю, што ўжо пэўны час тут знаходзяцца Зянон Пазьняк і Павел Усаў. Але вось я толькі не чуў – а яны ў Кіеве сустракаліся адзін з адным? Я маю на ўвазе – прадстаўнікі розных крылаў дэмакратычных сілаў.

Я асабіста ў візіце Паўла Латушкі бачу хутчэй канкурэнцыю ў сярэдзіне Аб’яднанага пераходнага кабінета, чым нейкі асэнсаваны крок. Таму што, усё ж, пытаннямі знешняй палітыкі там да апошняга часу займаўся Валер Кавалеўскі. І, не прыніжваючы статусу Паўла Паўлавіча, я не зусім разумею ягоныя паўнамоцтвы ад Аб’яднанага пераходнага кабінета. У мяне ёсць уражанне, што ён прыехаў, як лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Тое, што беларускія палітыкі прыязджаюць не толькі ў Польшчу, Літву. Злучаныя Штаты, гэта, безумоўна, добра. То бок, яны ўсведамляюць, што ад Украіны шмат чаго залежыць. Але сказаць, што сітуацыя кардынальна змянілася – у мяне сёння пра гэта, шчыра кажучы, няма падставаў казаць.

Разумееце, калі ў Ахене адбыўся поціск рук Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай, то ажыятаж, які выклікаў гэты звычайны жэст чалавечай выхаванасці, быў насамрэч ілюстрацыяй стану нашых двухбаковых дачыненняў. Разумееце, гэта нагадвае такую экзальтацыю: што вось, яны паціснулі адно аднаму рукі. А што, яны мусілі аплявухамі абмяняцца пры сустрэчы, ці што?

Няма сталага рэгулярнага дыялогу. Таму што ўкраінская ўлада, з майго гледзішча, не бачыць у беларукіх дэмакратычных сілах раўнапраўнага партнёра. Не можа ў гэтым кантэксце Уладзімір Зяленскі запрасіць Святлану Ціханоўскую як абранага прэзідэнта Беларусі, як яе лічыць пэўная частка беларусаў. Калі нехта гэта не разумее – то гэта не вельмі добра.

Але я лічу, што Украіна, украінскі палітыкум, украінскія парламентарыі, тыя самыя чальцы групы «За дэмакратычную Беларусь», яны маглі б ініцыяваць правядзенне форуму беларускіх дэмакратычных сіл у Кіеве. Падобна таму, які быў у жніўні мінулага года ў Вільні. Каб сюды з’ехаліся прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў. Запрасіць усіх, максімальна шырока. Каб яны тут маглі весці дыялог. І з імі б тут маглі весці дыялог. Вось гэта было б цікава!

— Павел Латушка ў Кіеве сустрэўся ў тым ліку з дарадцам Офісу Прэзідэнта Украіны Міхайлам Падаляком, які раней, так бы мовіць, адрозніваўся сваімі даволі нечаканымі выказваннямі на адрас беларусаў. Апошнія ягоныя твіты і выказванні рэзка дэсануюць з ранейшымі. Як бы Вы адрэагавалі на гэтыя мэсэджы спадара Падяляка?

— Я мяркую, што сустрэча з Падаляком без сустрэчы з Арастовічам у агульны залік ісці не можа. Калі беларускія палітыкі сур’ёзна сябе ўспрымаюць як беларускіх палітыкаў, то яны могуць гэтыя сустрэчы праводзіць, але я не раю пра іх публічна казаць. Бо яны апускаюць сябе да ўзроўню дарадцы кіраўніка Офісу ўкраінскага прэзідэнта. Калі яны гэтага хочуць – ну, калі ласка, гэта іхняе права. Падаляк, зрэшты, даволі працяглы час працаваў у Беларусі і ў шматлікіх вашых калег пра яго ёсць сваё ўяўленне.

Я думаю, што і ў Паўла Латушкі ёсць сваё ўяўленне. Сустракацца, у прынцыпе, трэба з усімі. Але трэба разумець, што, калі сустрэча адбываецца не на належным узроўні… Разумееце, калі намагаюцца злучыць вожыка і гадзюку, то не заўжды нават два метры калючага дроту атрымаецца.

Вось я, напрыклад, сказаў пра форум дэмакратычных сілаў. Наступны крок: калі ў вядомым тэлемарафоне «Єдині новини», на які Падаляк уплывае, пачнуць асобна называць беларусаў, а асобна лукашыстаў, вось тады я магу вызнаць, што ёсць змены дзяржаўнай палітыкі. У тым ліку ў дзяржаўнай інфармацыйнай палітыцы.

— Лукашэнка і Пуцін заяўляюць пра тое, што ў Беларусь ужо завезлі расійскую тактычную ядзерную зброю. Ці бачаць ва Украіне небяспеку гэтай зброі, асабліва з нагоды будучага нанясення Украінай разгрому так бы мовіць канвенцыйнай расійскай арміі?

— Ну, яе спачатку трэба разграміць. Гэта мы таксама разумеем. Гэта першае. Другое, я мяркую, што тактычная ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі мае найперш характар псіхалагічнага ціску на Польшчу, Літву, Латвію. У Польшчы будуць праходзіць парламенцкія выбары. У Літве зараз заўважная палітычная крыза. У Латвіі зараз змяніўся прэзідэнт, таксама будуць пэўныя палітычныя працэсы.

Украінцам, якія, як вы ведаеце, увесь час сутыкаюцца з паветранымі трывогамі, з абстрэламі, тактычная ядзерная зброя, мне здаецца, не выглядае такой пагрозай. Але вось правесці кансультацыі ў фармаце «Люблінскі трохкутнік» плюс прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў – гэта было б карысна. Я мяркую, гэта было б карысна для ўсіх нас. Таму што тактычныя ядравыя боегалоўкі на тэрыторыі нашага рэгіёну нікому на карысць не ідуць.

— У беларускім дэмакратычным дыскурсе, і ў прыватнасці ў, так бы мовіць, палітычнай частцы таго ж Палка Каліноўскага, часта гучыць тэза пра тое, што пасля перамогі Украіны гэтае падраздзяленне пойдзе на тэрыторыю Беларусі вызваляць яе і ад расійцаў, і ад лукашэнкаўскага рэжыму. Ці стала апошнім часам больш зразумела, наколькі гэта сапраўды рэальна, што падраздзяленне УСУ зможа здзейсніць уваход на тэрыторыю Беларусі? Нагадаю, у гэтай сувязі апошнія медыйныя выбухі з аперацыямі таго ж Расійскага дабраахвотніцкага корпусу ў Белгарадскай і Бранскай абласцях. Ці магчыма гэта?

— Я мяркую, што не. З вельмі простай прычыны. З Расіяй мы знаходзімся ў стане вайны. А з Беларуссю ў нас захоўваюцца дыпламатычныя адносіны нават пасля таго, як Украіна адклікала пасла Ігара Кізіма. Гэта трэба ўлічваць і на гэта трэба звяртаць увагу. Я разумею, што ёсць спакуса простых рашэнняў. І спакуса казаць, што Полк Каліноўскага зойдзе і пераможа і службу бяспекі прэзідэнта, і ССА, і ўсіх іншых. Але пакуль што, на жаль, нават арыфметычныя суадносіны сілаў не на карысць беларускіх дабраахвотнікаў.

Я думаю, што гэта выглядае як элемент інфармацыйнай палітыкі пасля гібелі пяці «каліноўцаў» на мінулым тыдні і гібелі Міраслава Лазоўскага, які быў заўважным аўтарытэтам для шматлікіх вайскоўцаў палка. Ну, уласна, як быў і «Брэст», і «Тур». І таму гэта такі дастаткова сур’ёзны выклік. Я мяркую, што не ўсё так проста, як выглядае на першы погляд.

Comments are closed.