Loading

У Польшчы падведзеныя вынікі парламенцкіх выбараў. Прагнозы збольшага спраўдзіліся – кіруючая «Права і справядлівасць» не змагла набраць дастатковай колькасці галасоў для самастойнага фарміравання ўрада. Якія перспектывы гэта ставіць перад Польшчай і як можа адбіцца на падтрымцы Польшчаю Украіны і дэмакратычнай Беларусі мы спыталі ва ўкраінскага палітолага, дырэктара Інстытуту сусветнай палітыкі Яўгена Магды.

— Я мяркую, што новы ўрад Польшчы мы пабачым толькі ў такім кантэксце, калі ўсе дэпутаты прымуць прысягу і, мяркую, што Анджэй Дуда даручыць фармаване новага ўраду спачатку «Праву і справядлівасці». Таму што ён выхадзец з асяроддзя «Права і справядлівасці» і ён не рабіў ніякіх дзеянняў, якія б ставілі пад сумнеў ягоную прысутнасць у гэтым асяроддзі. І польскае заканадаўства, дарэчы, прадугледжвае фармаванне ўраду меншасці.

І тады пачнецца найцікавейшае. Тады пачнецца пытанне пра тое, што будзе з «Трэцім шляхам». Бо гэтая палітычная сіла стала ў пэўнай меры галоўнай сенсацыяй выбараў, на маю думку. Таму што перамогу «Права і справядлівасці» і другое месца «Грамадзянскай кааліцыі» прагназавалі ўсе. А вось з «Трэцім шляхам», як з супольным праектам партыі сялян і партыі «Польшча 2050» – я бы сказаў, што гэта вельмі ўдалы выйшаў праект. І цяпер мы пабачым, ці яны будуць зацікаўленыя быць разам, або яны змогуць падзяліцца.

Я не бачу ў «Лявіцы» магчымасцяў увайсці ў кааліцыю з «Правам і справядлівасцю», таму што гэта цалкам палітычна супрацьлеглыя сілы. Ну і пабачым, якою будзе «Канфедэрацыя», лідары якой напярэдадні выбараў казалі, што яны ні ў якім разе ў кааліцыю з «ПіС» не пойдуць. Але я мяркую, што для «Канфедэрацыі» варыянт з датэрміновымі парламенцкімі выбарамі выглядае цяжкою перспектываю, бо можа спрычыніць тое, што яны проста згубяць прапіску ў парламенце.

— Нас найбольш хвалюе тое, як вынікі парламенцкіх выбараў у Польшчы могуць паўплываць на адносіны яе з усходнімі суседзямі – Украінай і Беларуссю. Для Украіны Польшча зараз – асноўны стратэгічны партнёр у падтрымцы ў расійска-ўкраінскай вайне. Для афіцыйнай Беларусі – ці не найгалоўнейшы вораг, у той жа час, для беларукіх дэмакратычных сілаў – найлепшы сябар. Ці можа такое становішча змяніцца ў выніку фармавання ў Польшчы іншага ўрада, чым цяперашні ўрад Маравецкага?

— Наколькі я разумею патэнцыйных кіраўнікоў Міністэрства замежных справаў Польшчы, скажам, пры змене ўлады, то яны не будуць кардынальна змяняць палітыку ані адносна Кіева, ані адносна Мінска і ні адносна беларускіх дэмакратычных сіл. То бок, тыя палітыкі, якія могуць прыйсці, будуць працягваць лінію.

Я ўвогуле ёсць прыхільнікам таго, каб Польшча стала носьбітам ідэалогіі новага праматэізму. Разам з Украінай і, магчыма, разам з беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Таму што мы павінны супольна працаваць на дэмантаж Расійскай Федэрацыі, як крыніцы зла і крыніцы ціску на навакольны свет.

Таму я ўпэўнены, што гэта на сённяшні момант проста неабходна і, адпаведна, мы мусім на гэта глядзець дастаткова спакойна. Хаця б з тае проста прычыны, што праграмныя пазіцыі ПіС і «Грамадзянскай кааліцыі» падчас выбараў адносна падтрымкі Украіны ці адносна дыялогу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі не былі рознымі. Там можна казаць пра пэўныя змены ў тактыцы. Але я не думаю, што, скажам, пасля таго, як Артур Міхальскі стаў спецпрадстаўніком польскага МЗС у дыялогу з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, будзе прызначаны новы амбасадар у Беларусі, які прыедзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку, як гэта зрабіла новая амбасадарка Венгрыі.

І, калі казаць пра Украіну, то тады цікава, ці прыедзе ва Украіну Томаш Гузы, якога называюць чалавекам, які мусіць змяніць цяперашняга амбасадара ў Кіеве, але ён, наколькі мне вядома, пакуль яшчэ не знаходзіўся ў Кіеве і, адпаведна, не ўручаў ані копіяў даверчых грамат, ані самі даверчыя граматы.

— Адзіная партыя, якая рабіла адкрыта антыўкраінскія заявы і заклікала спыніць тую падтрымку Украіны, якая адбываецца зараз – «Канфедэрацыя», фактычна правалілася, набраўшы нават меней за 8 адсоткаў. Ці гаворыць гэта пра тое, што палякі, усё ж, разумеюць і падтрымліваюць неабходнасць супрацы з Украінай у процістаянні расійскай агрэсіі?

— А мяркую, што «Канфедэрацыя», нягледзячы на найменшы вынік сярод палітычных сілаў, якія патрапілі ў Сейм, усё ж, здолела для сябе зарабіць пэўны плюс. Гэта адзіная, так бы мовіць, несістэмная палітычная партыя, якая захавала парламенцкую прапіску другое скліканне запар. Раней была такая ўмоўна, трэцяя сіла. Але зараз трэцяю сілаю стала партыя «Трэці шлях». І яна пачала адпаведным чынам дзейнічаць. Але, я мяркую, што «Канфедэрацыя» стала ахвярай «Права і справядлівасці». То бок, «Права і справядлівасць» у гэтай барацьбе навыперадкі выявілася больш дзейнаю.

Comments are closed.