Loading

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі у інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу Rai1 пацвердзіў свой намер звольніць з пасады галоўнакамандуючага Узброенымі Сіламі Украіны генерала Валерыя Залужнага.  Мы папрасілі пракаментаваць гэтае рашэнне   ўкраінскага палітолага, дырэктара Інстытута сусветнай палітыкіі Яўгена Магду.  

Я не веру ў наяўнасць прэзідэнцкіх амбіцый Валерыя Залужнага з тае простае прычыны, што ў цяперашняй канфігурацыі дабраахвотны адыход з пасады галоўнакамандуючага будзе азначаць для яго страту значнай часткі рэйтынгу. Гэта цалкам відавочны працэс. І гэта нічым немагчыма аспрэчыць. Таму гэта міф. 

Я мяркую, што жаданне звольніць Залужнага звязана найперш з палітычнай рэўнасцю з боку Офіса прэзідэнта, які бачыць, што той папулярны, што той карыстаецца значным даверам грамадзян. І гэта водавочна раздражняе. Раздражняе і Зяленскага, і яго атачэнне. І тое, што Залужны адмовіўся дабраахвотна ісці ў адстаўку – гэта таксама, на маю думку, вельмі і вельмі паказальны факт. Я ў гэтым сэнсе практычна перакананы, што гэта значная памылка з боку палітычнай улады — спрабаваць гуляць у такія гульні з уладай вайсковай. 

Як, на Вашу думку, такое рашэнне можа быць успрынята ў войску і ва ўкраінскім грамадстве ўцэлым?

Я не магу адказваць за ўсё ўкраінскае грамадства ці за ўсю ўкраінскую армію. Але, хачу патлумачыць, у чым феномен Залужнага, на маю думку. Яго папулярнасць арганічная. Яна ёсць адлюстраваннем папулярнасці Узброеных Сіл. То бок, яго папулярнасць набірала абароты і абсягі адпаведна з тым, што Ўзброеныя Сілы Украіны давалі адпор расійскай агрэсіі. І ён фактычна ёсць сімвалам паспяховага адпору Украіны. І тут можна зрабіць высновы,  да чаго гэта ўсё прывядзе. 

Чаму пачатковыя звесткі пра звальненне Залужнага зняпраўджваліся, а менавіта цяпер Зяленскі вырашыў сам сказаць пра гэта?

Я бы сказаў так:  Офіс прэзідэнта не меў дакладнага бачання “плану Б” на выпадак таго, што Залужны адмовіцца ад такой прывабнай прапановы. І таму сутыкнуўся з істотнымі праблемамі ў рэалізацыі ўласных планаў. Я лічу, што гэта памылка палітычнага кіраўніцтва Украіны. 

Тут ужо была Вікторыя Нуланд (намесніца дзяржсакратара ЗША па палітычных пытаннях – РЎ), якая размаўляла і з прадстаўнікамі палітычнага і вайсковага кіраўніцтва. І сітуацыя зараз у глухім куце. Бо я бачу, што з дапамогай інфармацыйных інструментаў спрабуюць прадэманстраваць, што Залужны не такі каштоўны, як нам усім патрэбны, і гэтак далей. Я не думаю, што гэта слушна. Я не думаю, што гэта добра. Я не думаю, што так мусіць быць. 

Як вы лічыце, як гэта будзе выглядаць у расійскай прапагандзе і яе ІПСА ва Украіне, дзе гэтая тэма ўжо мусіравалася больш за год, і ці мусіць Украіна зважаць на гэта?

Расійцы ўжо 29 студзеня, пасля сустрэчы Зяленскага і Залужнага, якая скончыла адмовай апошняга падаваць у адстаўку, проста ледзь не шампанскае пілі ў прамым эфіры з нагоды будучай адстаўкі Залужнага. І я думаю, што яны зараз будуць максімальна ўкідваць разнастайныя мэсэджы пра тое, што ўкраінская ўлада слабая, будуць намагацца дыскрэдытаваць Залужнага. Будуць спрабаваць расхістаць сітуацыю унутры Украіны. Прыкра, што гэтый крызіс створаны ўласнымі ўкраінскімі рукамі.

Але ёсць адзін момант, на які трэба зважаць. Ва Украіне цэлая кагорта генералаў, якія паўсталі за апошнія 10 гадоў вайны з Расіяй. І нават гіпатэтычнае звальненне Залужнага не аголіць цалкам кіраўніцтва Узброеных Сіл. Хоць, мусім разумець, што любому чалавеку, які, магчыма, прыйдзе на замену Залужнаму, будзе вельмі і вельмі няпроста. 

Comments are closed.