Loading

Міжнародны камітэт расследавання катаванняў у Беларусі апублікаваў  даследаванне пад назваю «Ці пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020?» У ім Камітэт апытаў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны, пра тое, як моцна паўплывалі на іх рашэнне пра ўдзел у ваенных дзеяннях падзеі апошніх трох гадоў. Пра даследаванне, яго мэты і магчымасці выкарыстання нам распавяла мэнэджарка ў камунікацыях Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі Аліна.

— Да гадавіны жнівеньскіх падзей, Міжнародны камітэт расследавання катаванняў падрыхтаваў новую працу, якая называецца «Ці пайшоў бы Цімур на вайну, калі б не жнівень 2020?» Гэтая праца даволі нязвыклая для нас, бо звычайна мы, як Міжнародны камітэт, імкнемся захаваць як мага больш гісторый людзей, якія былі сведкамі катаванняў і на падставе гэтых гісторыяў мы звычайна складаем справаздачы і праводзім расследаванні. То бок, гэта такія больш сур’ёзныя юрыдычныя дакументы, якія выкарыстоўваюцца міжнароднымі арганізацыямі.

Але гэтым разам мы пайшлі трошкі іншым шляхам, дастаткова эксперыментальным для нас, як для арганізацыі, і вырашылі падрыхтаваць больш, можна сказаць, свабодны дакумент, даследаванне. Я бы нават назвала гэта абмеркаваннем, разважаннем на тэму вельмі блізкую кожнаму беларусу і беларусцы – на тэму калектыўнай траўмы, якую мы прайшлі, як народ, у жніўні 20-га года. 

Для гэтай працы мы паразмаўлялі з 15-цю дабраахвотнікамі Палка Каліноўскага і спыталі іх, як на іх адбіліся падзеі 20-га года і што паўплывала на іх рашэнне ваяваць за Украіну і далучыцца да Палка Каліноўскага. Мы вырашылі пайсці менавіта такім шляхам, таму што, дакументуючы гісторыі і расповяды  людзі, якія сталі дабраахвотнікамі, мы заўважылі патэрн, у якім бачылі, што шмат хто з дабраахвотнікаў кажа, што яны сутыкнуліся з катаваннямі асабіста. 

І мы вырашылі трошкі паразважаць над гэтай тэмай і разам з крызісным псіхолагам склалі апытанку, праз якую паразмаўлялі з нашымі 15-цю героямі. Апытане менавіта само праводзіў псіхатэрапеўт, які працуе з Палком Каліноўскага, Дэм’ян Папоў. І потым мы апрацавалі гэтыя адказы і склалі ўсё ў адзін вялікі дакумент. 

Наша ідэя была ў тым, каб праз гэтыя 15 гісторый паказаць, як вось гэтыя жудасныя падзеі адбіваюцца на жыцці, на рашэннях звычайных людзей. То бок, не толькі тых, хто асабіста сутыкаўся з катаваннямі, але і тых, хто, магчыма, быў сведкам, то бок, іх блізкія, сябры, родныя праходзілі праз гэта. Ці хто нават проста кожны дзень бачыць і чытае гэтыя жудасныя навіны ў тэлеграм-каналах. 

Гэта можна гучаць, як трохі складаная тэма, але мы лічым, што вельмі важна пра гэта размаўляць, таму што асэнсаванне вось гэтай траўмы – гэта адзін з крокаў да яе пражывання. А немагчыма, не пражыўшы траўму, будаваць нейкую будучыню. 

Таму мы вельмі запрашаем кожнага і кожную перайсці на наш сайт і пачытаць гэтую працу. Дарэчы, яшчэ адна фішка, дастаткова новая для нас – гэта тое, што мы зрабілі яе ў вельмі ілюстраваным, інтэрактыўным фармаце. То бок, гэта такі вялікі лонгрыд, які ілюстраваны малюнкамі і цікава аформлены.  

Гэта не навуковае даследаванне і мы не можам сказаць, што сапраўды ёсць карэляцыя і, што кожны чалавек, якога катавалі, гатовы ісці змагацца сапраўднай сілай, са зброяй і гэтак далей. Але, што мы з больш-менш вялікай упэўненасцю можам сказаць, што такі досвед дакладна вельмі моцна адлюстроўваецца на псіхалагічным стане, далейшым жыцці і рашэннях чалавека. 

 Напэўна, галоўная мэта – гэта звярнуць увагу і падкрэсліць, вось гэтую праблему псіхалагічнага стану грамадства, таму што мы бачым, што пра гэтую калектыўную траўму трошкі кажуць там, трошкі там, але ніхто менавіта яе не акрэслівае. А пра гэта варта было б размаўляць і варта было б прадумваць шляхі, як з ёй працаваць у будучыні. 

І яшчэ я б сказала пра такую ідэю, з якой было б цікава гэтае даследаванне выкарыстоўваць. Магчыма, гэта вельмі якасная прылада, каб паказаць сваім знаёмым, якія не з Беларусі, адным дакументам тое, праз што беларусы і беларускі прайшлі, тое, як гэта на іх уплывае, тое, як гэта ўплывае на іхні стан і жаданне падтрымліваць Украіну. 

Гэтае даследаванне выйшла на расійскай мове, на беларускай і на англійскай мове. То бок, яго сапраўды, можна выкарыстаць, каб амаль каму заўгодна ў свеце патлумачыць, што з намі, як з грамадствам, адбываецца. 

Цалкам размову з Алінай – прадстаўніцай Міжнароднага камітэта расследавання катаванняў у Беларусі, слухайце ў плэеры ніжэй.    

Comments are closed.