У Міністэрстве замежных спраў Украіны пракаментавалі выказванні мэра Даўгаўпілса — другога найбуйнейшага горада Латвіі — Андрэйса Элксніньша аб «расійскім Крыме» і аб тым, што «не толькі Расія нясе адказнасць за забойствы цывільнага насельніцтва ў Бучы».
«Мэр латвійскага горада Даўгаўпілс Андрэйс Элксніньш апраўдвае злачынствы Расіі ва Украіне. Нядзіўна, што яго палітычная сіла апынулася на ўзбоччы палітыкі па выніках апошніх выбараў у Сойм Латвіі», — адзначыў прэс-сакратар украінскага знешнепалітычнага ведамства Алег Нікаленка.
Ён дадаў, што, на шчасце, «выказванні гэтага маргінальнага дзеяча не адлюстроўваюць ні афіцыйнай пазіцыі дружалюбнай для Украіны Латвіі, ні поглядаў абсалютнай большасці жыхароў краіны, якія не толькі шчыра спачуваюць, але і актыўна дапамагаюць Украіне ў яе барацьбе супраць расійскай агрэсіі».
Улетку гэтага года Андрэйс Элксніньш трапіў у скандал, наведаўшы банкет з нагоды Дня незалежнасці Беларусі, які рабіў афіцыйны Мінск. Ён патлумачыў свой учынак тым, што ў горадзе да гэтага часу афіцыйна працуе дыпламатычнае прадстаўніцтва краіны.
Comments are closed.