Loading

Што думаюць прадэмакратычныя беларусы пра полк імя Кастуся Каліноўскага, высвятляў праект “Народнае апытанне”.

Большасць рэспандэнтаў (89%) ставяцца станоўча да беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць на баку Украіны. Найбольш вядомымі беларускімі фармаваннямі з’яўляюцца полк імя Кастуся Каліноўскага і полк “Пагоня”. Першы ведаюць 75% апытаных, другі — 51%.

Сярод самых вядомых вайскоўцаў палка Каліноўскага называюць Дзяніса “Кіта” Прохарава, Вадзіма “Ігара” Кабанчука і Крысціну “Чабор”. Таксама рэспандэнты часта ўзгадваюць Ігара “Янкі” Янкова, які не ваюе ў палку, а камандуе батальёнам “Тытан”.

Большасць (54%) лічаць, што палітычная актыўнасць палка імя Кастуся Каліноўскага прыносіць карысць краіне. Пры гэтым меркаванне рэспандэнтаў падзялілася наконт таго, ці мусяць прадстаўнікі палка выступаць як палітыкі. 37% лічаць, што полк — гэта такая ж палітычная сіла як і іншыя палітыкі, 32% мяркуюць, што вайскоўцы не мусяць займацца палітыкай, астатнім (27%) цяжка адказаць на гэтае пытанне.

Удзельнікі апытання лічаць, што ўлады Украіны мусяць абмяркоўваць пытанні адносінаў Украіны і Беларусі ў першую чаргу з Ціханоўскай і яе офісам (39%) і Аб’яднаным пераходным кабінетам (37%). 10% рэспандэнтаў лічаць, што такія перамовы магчымыя з палком Каліноўскага.

Comments are closed.