Loading

11-12 верасня Святлана Ціханоўская наведала Стакгольм. Нагодай стала атрыманне прэміі Анны Лінд. Акрамя таго лідарка дэмакратычнай Беларусі правяла шэраг сустрэч, у тым ліку з прадстаўнікамі ўсіх парламенцкіх партый Швецыі, прэм’ер-міністрам краіны, а таксама прыняла ўдзел у акцыі ў падтрымку Украіны.

Падчас сустрэч са шведскімі палітыкамі гучала тэма дапамогі беларусам ва ўмовах спынення выдачы пашпартоў беларускімі дыпмісіямі. Ціханоўская заклікала шведскія ўлады прызнаць пашпарт Новай Беларусі – альтэрнатыву сіняму пашпарту Рэспублікі Беларусі. Дарэчы ў Швецыі пытанне легалізацыі для беларусаў стаіць вельмі востра. Як распавёў радыё Ўнэт прадстаўнік Народнай амбасады Дзмітрый Васэрман, нягледзячы на амаль адзінагалосную падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл шведскімі палітычнымі партыямі, яны не могуць наўпрост дапамагчы беларусам з легалізацыяй. Прычыны – у асаблівасцях шведскага заканадаўства.

«Што тычыцца беларускіх уцекачоў, як я казаў раней – сітуацыя ў Швецыі дастаткова драматычная. У Швецыі наконт гэтага ёсць бюракратычная праблема, якая заключаецца ў тым, што Агенцтва па міграцыі – ведамства незалежнае. Таму ўрад не можа даваць ім канкрэтных заданняў па асобных краінах. Ён можа толькі праінфармаваць пра сітуацыю. І гэта тое, што на сустрэчы мы прасілі шведскі ўрад зрабіць. Зрабіць актуальную, сучасную інфармацыю пра тое, што чакае беларусаў. З аднаго боку гэты прынцып вельмі добры. Ён быў створаны каб не было так званага «тэлефоннага права». Каб міністэрствы не маглі патэлефанаваць і сказаць: «вырашыце гэтае пытанне тым ці іншым чынам», але з іншага боку гэта перашкаджае рэалізацыі палітычных рашэнняў».

Фота: facebook.com/dvasserman

Спадар Дзмітрый таксама нагадаў пра створаны па ініцыятыве Народных амбасадаў сайт pashpart.org, на якім можна знайсці інфармацыю па легалізацыі для беларусаў ў розных краінах.

Comments are closed.