Loading

Як удалося высветліць гомельскаму выданню Флагшток, ваеннапалонных украінцаў учора спецыяльным рэйсам прывезлі ў Гомельскі аэрапорт, а адтуль аўтобусамі перапраўлялі ва Украіну.

Паводле крыніцы ў прадпрыемстве «Белаэранавігацыя» учора ўвесь персанал аэрапарта Гомель быў ізаляваны ў службовых памяшканнях.

У той жа час тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў пра тое, што ўчора а 14.40 у гомельскі аэрапорт прыляцеў спецыяльны рэйс самалёта Ил-76 Ваенна-касмічных сілаў Расійскай Федэрацыі з бартавым нумарам RA-76669. Праз амаль 8 гадзін, а 22.30 гэты самалёт з гомельскага аэрапарта вылецеў.

Такім чынам у Гомель былі дастаўленыя 215 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся ў расійскім палоне, у тым ліку 108 байцоў палка «Азоў», якія абаранялі завод «Азоўсталь» у Марыупалі. Потым іх абмянялі на 55 расійскіх вайскоўцаў, якія былі ва ўкраінскім палоне. Сярод абмяняных быў і экс-кіраўнік ліквідаванай пасля пачатку вайны партыі Апазіцыйная платформа за жыццё, украінскі прарасійскі палітык і алігарх Віктар Медвядчук, якога ва Украіне лічаць кумам Пуціна.

На відэа абмену, якія распаўсюджваюцца ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах бачныя зарэтушаваныя віды, якія вельмі нагадваюць выгляд памежнага пераходу «Новая Гута – Новы Ярылавічы».

Акрамя таго, у распаўсюджаным расійскімі прапагандысцкімі каналамі відэа, вызваленыя расійцы даюць інтэрв’ю на тле самалёта, бартавы нумар якога супадае з нумарам таго самалёта, які напярэдадні сядаў у Гомелі.

Comments are closed.