Loading

Пра дапамогу беларускім эмігрантам з легалізацыяй дакументаў, а  беларускай меншасці – з фінансаваннем іх няўрадавых арганізацый, ішла гаворка 16 студзеня на сустрэчы ваяводы Падляшша Яцэка Бжазоўскага з кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, прадстаўніком па транзіце ўлады ў Аб’яднаным пераходным кабінеце Паўлам Латушкам.  

16 студзеня стала другім днём візіта Паўла Латушкі ў Беласток. У першы — ён сустракаўся з маршалкам Падляшскага ваяводства Артурам Касіцкім. Сустрэча ў маршалкоўскай управе стала працягам дамоўленасцей, дасягнутых на сустрэчы ў ліпені мінулага года, калі кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінета Святлана Ціханоўская прыязджала ў Беласток на адкрыццё Сквера Вольнай Беларусі, адзначыў ў сваім каментары журналістам Артур Касіцкі. Адным з рэальных вынікаў сумеснай працы  стала стварэнне ў Беластоку Цэнтра беларускай культуры. У сваю чаргу ваявода Яцэк Бжазоўскі, як прадстаўнік польскага ўрада, толькі пасля кастрычніцкіх выбараў у парламент заняў цяперашнюю пасаду.

Павел Латушка, кіраўнік НАУ :

“Мы размаўлялі пра вынікі сустрэч, якія адбыліся на мінулым тыдні на ўзроўні членаў ураду падчас візіту кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай у Варшаву. Але з улікам кампетэнцыі ваяводы разгледжаны былі пытанні, звязаныя з легалізацыяй знаходжання беларусаў, а ў Падляшскім ваяводстве гэта магчымасці з апастыляваннем дакументаў, выдаваннем travel document на тры гады, магчымасць выдавання дакументаў для дзяцей, якія нараджаюцца ў беларускіх бацькоў у Польшчы, магчымасць выдачы запрашэнняў беларусам, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы, для таго, каб маглі запрасіць сваіх блізкіх і родных, усё, што тычыцца праблем легалізацыі для беларусаў з улікам рэпрэсіўных дзеянняў рэжыма, які пагоршыў становішча беларусаў за мяжой. 

Асобна разглядалі пытанні адукацыі. Яны тычыліся і праблем беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы, і беларускай дыяспары. Гэта дзейнасць ліцэяў з дадатковым навучанне беларускай мове ў Гайнаўцы і Бельску-Падляшскім, гэта адкрыццё нядзельных школак з беларускай мовай для дзяцей беларускай дыяспары. І пытанні легалізацыі беларусаў будуць разглядацца на ўзроўні рабочай групы з міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы, аб дзейнасці якой было заяўлена падчас візіту на мінулым тыдні. Пытанні адукацыі будуць разглядацца таксама на ўзроўні рабочай групы міністэрства адукацыі Польшчы і Аб’яднанага пераходнага кабінета. Пытанне адукацыі для нас важна, каб захаваць сваю свядомасць беларускую, беларускую мову і культуру, каб пазней гэтыя асяродкі былі асяродкамі аднаўлення для будучай незалежнай Беларусі, для беларускасці ўнутры нашай краіны”.

Яцэк Бжазоўскі,  ваявода Падляшша: 

“Сустрэча праходзіла ў вельмі добрай атмасферы, поўнай жэстаў добрай волі і ўзаемаразумення ўсіх выклікаў, якія стаяць перад намі. Мы прадставілі нашыя  пазіцыі і цяпер пачнем працаваць. Я хацеў выслухаць, якія ёсць праблемы, з боку спадара Паўла Латушкі, а таксама дыяспары і прадстаўнікоў беларускай меншасці. Гэтыя пытанні былі артыкуляваны, і цяпер будзем над імі працаваць. Гэта не было спатканне, якое мела на мэце прыняць канкрэтныя рашэнні, хутчэй абазначыць сферы, дзе мы павінны інтэнсіфікаваць нашу працу, і такія сферы былі артыкуляваны”. 

Напярэдані ўвечары, пасля спаткання ў маршалкоўскай управе сп. Латушка сустракаўся з беларускай дыяспарай Беластока ў хабе “Новая зямля”. Там гаворка ішла з большага пра палітыку, дапамогу палітвязням, запланаваныя выбары ў Каардынацыйную раду. Адказваючы на пытанні беларусаў, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады адзначаў, што зараз вельмі важна прыняць удзел у вышэйзгаданых выбарах, а ўсе дэпутаты ў Каардынацыйную раду павінны, паводле яго, выбірацца простым таемным галасаванне без нейкіх квот. Таксама варта пісаць лісты палітвязням, падтрымліваць іх. Згодна з Паўлам Латушка, санкцыі дзейнічаюць, хоць ёсць шмат магчымасцей іх абыходу, і з гэтым трэба змагацца. 

Рэпартаж пра сустрэчу ў плэеры

Comments are closed.