Loading

Пасяджэнне Еўрапарламента і канферэнцыя Каліноўскага сталі аднымі з галоўных падзей, якія адбыліся 13 верасня ў Страсбургу. Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой, сярод іншага, заклікаў да арышту Аляксандра Лукашэнкі за ўдзел у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. На абодвух мерапрыемствах прысутнічалі беларусы, у прыватнасці, сябры Аб’яднанага пераходнага кабінета на чале са Святланай Ціханоўскай. Аб беларускіх пытаннях у Страсбургу з яе прадстаўніком па міжнародных справах Валерыем Кавалеўскім пагутарыў наш карэспандэнт Уладзімір Лапцэвіч.

— Напэўна, самае галоўнае ў рэзалюцыі Еўрапарламента – заклік да Міжнароднага крымінальнага суду аб выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі за датычнасць у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Так гэта?

— Насамрэч там вельмі шмат важных пунктаў, а гэты сапраўды адзін з вельмі важных такіх пасылаў. Сапраўды, мы прасоўваем гэтую тэму, бо ёсць доказы таго, што рэжым Лукашэнкі датычны да такіх аперацый. Мы ведаем пра тое, што дзяцей вывозілі тысячамі і іх апрацоўвала прапаганда. Гэта таксама з’яўляецца адной з прыкмет таго, што парушаецца міжнароднае права.

— А ці прыслухаецца Міжнародны крымінальны суд да гэтага закліку?

— Канешне, суд, калі будзе прымаць такое рашэнне, будзе кіравацца тымі даннымі, якія яны збіраюць, сведчаннямі пра датычнасць. То бок такія крымінальныя справы збіраюцца вельмі крапатліва, ставяцца вельмі ўважліва да любой дэталі, але палітычна гэта вельмі важны пасыл. У прававым полі рашэнне будзе выпрацоўвацца і прымацца самім судом, але для нас важна, калі да гэтага далучаюцца розныя галасы, і ў гэтым сэнсе Еўрапарламент мае свае вельмі важныя перавагі. Мы вельмі шануем, тое, што прыслухаліся да нашых пасылаў і ўключылі гэты пункт у рэзалюцыю…

— У выступленні Святланы Ціханоўскай чырвонай ніткай праходзіла жаданне далучыцца да ЕС. Ці не заўчасна пра гэта так гучна казаць, бо ёсць краіны, якія даўно ўжо грукаюцца ў ЕС, але іх не прымаюць, а Беларусь сёння краіна з дыктатарскім рэжымам?

— Нам здаецца, што гэта момант, які вельмі пасуе да сітуацыі, бо Беларусь знаходзіцца пад пагрозай як дзяржава. Вельмі шмат Лукашэнка разам з Пуціным робіць для таго, каб знішчаць нашу нацыянальную ідэнтычнасць. Таму пытанне, як мы можам захаваць сябе як дзяржава, як народ. І ў гэтым сэнсе Еўрапейскі саюз з’яўляецца адзінай і самай лепшай альтэрнатывай таму, каб захаваць нашу дзяржаўнасць, нашу ідэнтычнасць. У Еўрапейскім саюзе мы зможам заставацца самімі сабой, і гэта кантрастуе якраз з той палітыкай, якую вядзе Расія па паглынанні Беларусь, знішчэнні нацыянальнай ідэнтычнасці. І гэта для нас выглядае як самы правільны момант, каб заявіць пра свае амбіцыі. Мы разумеем, што шлях далучэння да Еўрасаюза будзе вельмі доўгім, і для таго, каб яго распачаць ужо ў практычным русле, трэба спачатку дамагчыся вызвалення Беларусі ад дыктатуры, трэба, каб там прайшлі дэмакратычныя выбары, каб краіна цвёрда стала на шлях дэмакратычнага развіцця, каб наша знешняя палітыка базавалася менавіта на нацыянальных інтарэсах…

— Пытанне пра палітвязняў. З таго, што я чытаў, многа кажацца пра хваляванні адносна здароўя палітвязняў, пра адсутнасць звестак ад многіх з іх, але я не пабачыў патрабавання аб вызваленні палітвязняў. Так гэта? І калі так, то чаму?

— Такія патрабаванні гучалі напрацягу дня, у тым ліку на канферэнцыі Каліноўскага. Канешне, гэта адна з нашых галоўных задач вызваліць тых людзей, якія церпяць несправядліва, якія сталі героямі, таму што яны нязломныя, таму што яны трываюць гэты ціск. І таксама мы гаворым, як іх падтрымліваць, як дамагацца вызвалення, падтрымліваць іх саміх і іх сем’і. У Еўрапейскім парламенце да гэтага ставяцца вельмі адказна, яны шмат увагі аддаюць гэтай праблеме…

— Многа кажуць, што варта перакрыць грузавыя зносіны, чыгуначныя перш за ўсё паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Гэта хаця б у кулуарах абмяркоўвалася?

— Санкцыйны ціск застаецца важным інструментам, не адзіным, але сапраўды важным інструментам для таго, каб дамагацца ад рэжыма правільных дзеянняў, каб вызваляліся палітзняволеныя, каб спыняліся рэпрэсіі і гэтак далей. Абмяркоўвалася тэматыка міграцыйнага крызісу, тое, што краіны могуць прыйсці да такога рашэння. Але мы разумеем, што гэта нацыянальная юрысдыкцыя, Еўрапейскі парламент не можа даваць нейкія загады на гэты конт, каб краіны карысталіся гэтым інструментам. Таму тут нам трэба найперш працаваць з нашымі еўрапейскімі суседзямі, і формулай, якую мы вывелі для гэтай сітуацыі, для магчымага закрыцця мяжы гучыць так, што падтрымліваць людзей і ціснуць на рэжым. І гэта формула прадугледжвае, што ў выпадку неабходнасці могуць быць закрыты межы, у тым ліку, для грузавога транспарту, ці найперш для грузавога транспарту, для грузаў…

— У рэзалюцыі ёсць спіс медыя з заклікам да Еўрасаюза падтрымліваць гэтыя медыя. Хто складаў гэты спіс і чаму менавіта дзевяць беларускіх СМІ палічылі вартымі падтрымкі?

— Канешне, гэты спіс не можа быць вычарпальным. Складалі рэзалюцыю еўрадэпутаты, мы не складалі гэту рэзалюцыю. У нас была магчымасць бачыць яе як праект, але гэта дакумент менавіта Еўрапейскага парламента. Мы разумеем, што беларускія незалежныя медыя на сёння значна шырэйшыя. Гэта асяроддзе, якое вельмі хутка развіваецца, у яго вельмі шмат новых фарматаў. Таму я не думаю, што любы спіс, калі б там было дзевяць ці 29 прапісана медыя, ён бы быў вычарпальным, тым больш што новыя ініцыятывы з’яўляюцца пастаянна. Таму я не глядзеў бы на гэты спіс, як на паказчык таго, што толькі тыя медыя будуць падтрымлівацца. Гэты спіс апрыёры будзе адкрытым.

— Наколькі станоўча адгукнуліся дэпутаты Еўрапаламента на ідэю пашпарта Новай Беларусі, і ці будзе працяг у выглядзе прызнання гэтага дакумента іх краінамі?

— Тыя дэпутаты, з якімі мы размаўлялі да гэта ставяцца вельмі станоўча. Разумеем таксама, што рашэнне будзе прымацца ўрадамі, гэта значыць выканаўчай галіной улады ў краінах Еўрапейскага саюза, гэта іх юрысдыкцыя. Нам, канешне, трэба працаваць і з парламентарыямі, і ў Брусэлі, і ў нацыянальных парламентах. Гэты працэс толькі пачынаецца, і мы разумеем, што нават калі мы атрымалі станоўчую рэакцыю ў Еўрапарламенце, гэта не азначае, што гэта канец нашай працы, гэта толькі пачатак яе. Трэба рыхтавацца да міжнароднай кампаніі па прызнанні пашпарта. Пачаць гэту кампанію мы зможам толькі тады, калі будуць вырабленыя ўзоры дакументаў, калі яны будуць перададзены ў Еўрапейскую камісію і ў нацыянальныя ўрады. Найхутчэй гэта адбудзецца на пачатку года.

— Якія вынікі Канферэнцыі Каліноўскага?

— Была вельмі важная дыскусія, дзе спачатку мы абмяркоўвалі пытанні палітзняволеных, рэпрэсій, парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, як выглядаюць справы і што з гэтым можна зрабіць. А другое пытанне было прысвечана еўрапейскай перспектыве для Беларусі…

— Не планавалася прыняццё нейкіх дакументаў, заяў на гэтым форуме?

— Менавіта на гэтым форуме – не. Гэта было месца для абмеркавання, абмену думкамі, таксама нейкай сінхранізацыі таго, як мы бачым шлях наперад.

— Вашы асабістыя ўражанні ад гэтага дня для беларусаў?

Сапраўды, гэта быў беларускі дзень у Страсбургу, у Еўрапейскім парламенце. было вельмі шмат сустрэч вельмі высокага ўзроўню.

Comments are closed.