Loading

У мінулую суботу ў Варшаве з беларусамі сустракаўся палітык Валерый Цапкала. Сустрэча праводзілася ў фармаце свабоднай размовы на любыя тэмы і кожны прысутны меў магчымасць задаць свае пытанні палітыку. Валерый Цапкала вымушаны быў пакінуць Беларусь пасля выбарчай кампаніі 2020 з-за палітычнага пераследу. Нягледзячы на тое, што яго жонка, Вераніка Цапкала, уваходзіла ў склад знакамітага жаночага перадвыбарнага трыа, у эміграцыі іх шляхі з офісам Святланы Ціханоўскай разышліся.

На сустрэчы былі прадстаўнікі не толькі варшаўскай дыяспары. У прыватнасці, некаторыя ўдзельнікі прыехалі з Лодзі і іншых гарадоў, каб задаць свае пытанні. Валерый Цапкала хацеў пабачыцца з беларусамі Варшавы, пачуць іх пытанні і зразумець, чым жывуць сёння людзі і што іх турбуе. Па ягоных словах, сустрэчай ён застаўся цалкам задаволены.

Асноўнай тэмай размоваў стала абмеркаванне праблемаў, з якімі сутыкаецца сёння дэмакратычны беларускі рух. У прыватнасці гучала шмат крытыкі ў бок як Святланы Ціханоўскай, так і звязаных з ёй структур.

«Нам задаюць пытанне: чаму мы з такой лютасцю часам нападаем на групу, якая там называе сябе там Офіс ці Кабінет? Таму што людзі, якія вымушаны выжываць за мяжой, людзі, якія вымушаны выжываць у Беларусі, людзі, якія сядзяць у турмах, іхнія сваякі і гэтак далей знаходзяцца сапраўды ў адчайным становішчы. І ў гэты час бачыць, як за два гады вось у Вячоркі там 1,8 мільёна еўра на яго рахунках, і гэта толькі апублікаваная частка. То бок мы яшчэ не ведаем, што яшчэ не апублікавана. Чым горшая сітуацыя сёння складваецца ўнутры Беларусі, тым большыя сродкі выдаткоўвае ім Захад.

Вось гэтыя мільёны даляраў? Гэта ж плявок у твар беларусам. Плявок жанчыне з трыма дзецьмі, якая думае, як выжываць. Плявок тым 500 тысячам беларусаў, якія думаюць, як выжываць у эміграцыі. Плявок дзевяці мільёнам беларусаў, якія знаходзяцца ў Беларусі».

Вялікую частку адказнасці за вышэйназваныя праблемы палітык ускладае на заходніх партнёраў сённяшніх дэмакратычных сіл, якія, на яго думку, стварылі непразрыстыя механізмы размеркавання сродкаў, чым паспрыялі карупцыі ў звязаных са Святланай Ціханоўскай структурах. Але пры гэтым ён адзначае, што ад стасункаў з заходнімі краінамі і ад інтэграцыі ў заходнюю эканоміку адмаўляцца нельга.

«Мы ўсё роўна павінны прызнаць для сябе, што мы адсталыя. І для таго, каб дагнаць, нам неабходна інтэгравацца эканамічна туды. А для таго, каб інтэгравацца, мы павінны прымаць іх стандарты кіравання кампаніямі, мы павінны працаваць. Унутры, так бы мовіць, іх праблем варыцца. І гэта дае вельмі хуткі эфект, каласальны эфект. А што нейкі там Барэль, што ён там напісаў у Твітары? Я разумею, што ніколі яны ні на што не ўплываюць. Яны сёння размяркоўваюць грошы, яны здольныя падарваць, і яны падарвалі, адзінства беларускага дэмакратычнага руху. Падарвалі менавіта тым, што пад сталом раздаюць грошы. І пытанне ў тым, як нам гэта ўсё сабраць».

Людзей цікавіла меркаванне Валерыя Цапкалы па магчымых сцэнарах змены ўлады ў Беларусі, а менавіта стаўленне да спробы сілавога ўваходу ў краіну. На яго думку такі сцэнар вельмі малаверагодны, хоць выключаць яго нельга.

«Я думаю, што сілавы сцэнар хутчэй можа быць у Расіі, якая вядзе вайну і якая мае вялікую колькасць няўлічанай зброі. Мы бачылі ўжо рэпетыцыю такога сілавога сцэнара з Прыгожыным. Таму што ў такой краіне як Беларусь, якая вайну не вядзе, такое ўявіць сабе немагчыма. У нас адзіны, хто вядзе баявыя дзеянні, – гэта полк Каліноўскага. І ў дадзеным выпадку яны падпісвалі кантракт з Украінай, што яны з’яўляюцца неадʼемнай часткай украінскіх Узброеных Сіл. Мы не ведаем нейкіх там іншых дамоўленасцей. Але гэта адзінае падраздзяленне баявое, якое мае баявы досвед і якое мае зброю ў руках. Гэта будзе залежаць ад пазіцыі ўкраінскага кіраўніцтва. Ці дазволяць яны? Нават калі ім дазволяць, ці пойдуць яны з палітычнай праграмай? Ці пойдуць толькі як ваеннае падраздзяленне? Калі яны ідуць з палітычнай праграмай, то я не думаю, што яны сустрэнуць нейкае супраціўленне, таму што тады беларускія Узброеныя сілы цяперашнія не будуць іх успрымаць, як пагрозу сабе. А калі яны будуць казаць, што «мы прыйдзем, тут зараз навядзем парадак, з усімі разбярэмся», то, канешне, у гэтым выпадку гэта будзе грамадзянская вайна».

Асноўнай стратэгіяй па змене ўлады палітык лічыць выдачу ордэру на арышт Лукашэнкі, эканамічны ціск праз перакрыццё чыгуначных шляхоў, што можа прымусіць дыктатара да вызвалення палітвязняў і падарве яго аўтарытэт сярод яго ж атачэння, а таксама правядзенне дэмакратычных і цалкам празрыстых выбараў, у якіх возьмуць удзел не толькі прадстаўнікі дыяспар, але і беларусы «на зямлі».

Comments are closed.