Loading

У Вашынгтоне ў гэтыя дні праходзіць «Стратэгічны дыялог Беларусь-ЗША» з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл. Але не ўсіх прадстаўнікоў дэмакратычнай супольнасці запрасілі на гэтае мерапрыемства. Не было ў спісе і аднаго з цэнтральных удзельнікаў выбарчай кампаніі 2020 года Валерыя Цапкалы. Сам палітык кажа, што на міжнародныя сустрэчы зараз трапляюць толькі сябры і прыхільнікі офісу Святланы Ціханоўскай.

«Насамрэч, мы ж ініцыявалі гэтае мерапрыемства і ініцыявалі сустрэчу такога кшталту ў Брусэлі. Калі Вераніка сустракалася з Фон дэр Ляен, якраз прапанавала правесці вось такі стратэгічны дыялог ці стратэгічную сесію. Выпрацаваць агульную пазіцыю беларускіх дэмакратычных сіл і Еўропы па тым, што рабіць з Беларуссю, якім чынам вызваляць палітычных зняволеных і як наогул вырашаць палітычны крызіс. І фон дэр Ляен тады з энтузіязмам гэта ўспрыняла. Потым быў сфарміраваны спіс і потым раптам раз, і гэты стратэгічны дыялог, або стратэгічная сесія, ператварылася ў сустрэчу толькі з Барэлем. Ну і нехта выкрасліў і мяне і Вераніку з дадзенага мерапрыемства».

Па словах Валерыя Цапкалы, гэтая сітуацыя не новая: ён сутыкаўся з выпадкамі, што каманда Ціханоўскай ставіла арганізатарам мерапрыемстваў ультыматум – калі на мерапрыемстве прысутнічае нехта, каго яны не хочуць там бачыць, Святлана адмаўляецца ад удзелу ў такой сустрэчы. Па словах Валерыя Цапкалы, такое стаўленне можна разглядаць як здраду паплечнікам па кампаніі 2020 года.

«Гэта з самага пачатку адразу ж было. Прычым калі ў дачыненні мяне – я наогул спакойна да гэтага стаўлюся. А ў дачыненні Веранікі, якая была часткай вось гэтага жаночага трыа, я лічу, што гэта наогул проста здрада».

На думку палітыка, такая пазіцыя Святланы Ціханоўскай і яе атачэння стварае раскол у беларускіх дэмакратычных сілах, што ўжо прыводзіць да негатыўных наступстваў. Валерый Цапкала кажа, што ўжо зараз адчуваецца тэндэнцыя да паступовага аднаўлення некаторых сувязей і спробаў дыялогу паміж рэжымам Лукашэнкі і прадстаўнікамі ўрадаў заходніх краінаў.

«Мы зараз бачым, што, на жаль, вось такая пазіцыя, яна прыводзіць да таго, што пачынаюць ужо натуральна размаўляць больш з Лукашэнкам. І нават апошні саміт вось гэты прайшоў – ну адмовіліся з ім фатаграфавацца. Колькі там, тры балтыйскія краіны і прэзідэнт Польшчы? Ну ад гэтага Лукашэнку не холадна, не горача. А ўсе астатнія цалкам спакойна лідары, кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў свету стаялі і агульны здымак зрабілі. І ўвогуле нічога такога страшнага як бы ні адбылося. Для іх і для яго».

Comments are closed.