Loading

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па замежных справах Валер Кавалеўскі некалькі апошніх дзён працаваў у Нью-Ёрку ў штаб-кватэры ААН. Ён распавёў нашаму радыё, якія асноўныя пасылы ён спрабаваў данесці дэлегацыям розных краінаў і якімі сталі вынікі гэтага візіту.

— Галоўнае – гэта тое, што была праца з дэлегацыямі пры ААН, якія там акрэдытаваныя на пастаяннай аснове. Гэта і дэлегацыі з краінаў Еўропы, Злучаных Штатаў, з краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. То бок – праца з нашымі пастаяннымі партнёрамі, але таксама і ўсталяванне новых сувязяў з краінамі, якія не ўваходзяць у нашую еўрапейскую супольнасць. І вельмі важна гэта рабіць на гэтым этапе, таму што пытанні, з якімі мы зараз сутыкаемся, усё больш уваходзяць у глабальны парадак дня.

Мы кажам пра саўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і пашырэнне расійскай ваеннай прысутнасці на нашай тэрыторыі. А таксама пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Усе гэтыя рэчы, усе гэтыя падзеі выводзяць крызіс у Беларусі з нацыянальнай праблемы ў глабальную. І таму трэба такія пытанні паднімаць менавіта ў Нью-Ёрку, дзе абмяркоўваюцца пытанні міру і бяспекі. І гэта было таксама адным з тых важных пасылаў – крызіс у Беларусі больш не з’яўляецца нейкай нацыянальнай, лакальнай праблемай, а што ён закранае і рэгіянальную бяспеку і пытанні глабальных інтарэсаў.

І ў пытанні, напрыклад, ядзернай зброі, што вельмі важна было падкрэсліць і прымусіць задумацца іншыя дэлегацыі – гэта тое, што, ацэньваючы гэтую праблему – размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі, трэба глядзець не толькі з пункту гледжання глабальнай тэмы нераспаўсюду ядзернай зброі, кантролю за ўзбраеннямі, але таксама глядзець на гэта вачыма беларусаў. Бо менавіта з нашага пункту гледжання мы бачым, што гэта стварае пагрозу незалежнасці, размывае суверэнітэт Беларусі. Беларусы фактычна становяцца закладнікамі ў гэтай сітуацыі, калі Расія кантралюе ядзерную зброю на нашай тэрыторыі і можа карыстацца ёй так, як захоча.

Канешне, мы таксама падкрэсліваем, што пашырэнне замежнай ваеннай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі можа быць скарыстана супраць самой краіны. Мы памятаем прэцэдэнт Крыма, калі расійскія ваенныя базы са звычайных абʼектаў станавіліся цэнтрамі кантролю ўлады на тэрыторыі Крыма і фактычна за тры дні ўся паўвыспа адыйшла да Расіі.

Ну і канешне, тэматыка правоў чалавека, палітзняволеных. Казалася пра тое, што ігнараванне тэмы правоў чалавека, дэмакратычных інстытутаў, каштоўнасцяў правоў чалавека прыводзіць да таго, што з цягам часу такія краіны могуць станавіцца прадметам занепакоенасці для ўсяго свету. Бо становяцца пагрозамі і для рэгіянальнай бяспекі, і для глабальных інтарэсаў.

— Якая была рэакцыя тых, з кім Вы камунікавалі?

— Тыя дэлегацыі, з якімі мне даводзілася супрацоўнічаць, да якіх я даводзіў гэтую інфармацыю, у тым ліку тыя, якія знаходзяцца па-за нашым звычайным колам супрацы, з вялікай цікавасцю ставяцца да гэтай інфармацыі, успрымаюць яе. Падкрэслівалася таксама, тут вельмі важна азначыць, негатыўная роля Расіі. Мы кажам тут пра наўпроставае ўмяшальніцтва Расіі ва ўнутраныя справы Беларусі дзеля таго, каб захапіць кантроль над нашай краінай, каб паставіць наш народ на курс сутыкнення з іншымі краінамі.

Я казаў таксама і пра тое, што Расія фактычна праводзіць каланізатарскую палітыку датычна Беларусі і што тычыцца нашага суверэнітэту і што тычыцца нашай нацыянальнай ідэнтычнасці. Зараз мы бачым сапраўдную атаку на нацыянальную ідэнтычнасць, на мову, на культуру, на гісторыю. Гэта ўсё зʼяўляецца часткай адной кампаніі для таго, каб падпарадкаваць нашу краіну расійскім інтарэсам.

І гэта вельмі добра рэзануе з краінамі глабальнага Поўдня – Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, якія доўгі час змагаліся за свой суверэнітэт, за сваю незалежнасць і ганарацца тым, што яны дасягнулі. Так, гэтыя краіны могуць мець свае праблемы, але, тым не менш, аніводная з іх не ідзе шляхам таго, аб аддаць свой суверэнітэт дзеля таго, каб захаваць асабістую ўладу.

— Вы закранулі афрыканскі кірунак, Лацінскую Амерыку. Лічыцца, што гэта такі традыцыйны лукашэнкаўскі «вектар» замежнай палітыкі – там у яго ўсе сябры. Наколькі афрыканскія, лацінаамерыканскія, азіяцкія краіны ў тэме і наколькі яны падтрымліваюць той парадак дня, які Вы спрабавалі трансляваць?

— Насамрэч, канешне, нам трэба будзе зрабіць яшчэ вельмі шмат працы для таго, каб давесці тэму нашай занепакоенасці да максімальна шырокага кола краінаў, дайсці да кожнай дэлегацыі. Так, некаторыя краіны па інэрцыі яшчэ ўспрымаюць тое, што ім гаворыць Лукашэнка. Але для нас вельмі важна працаваць менавіта там, каб разбураць гэтую манаполію Лукашэнкі на ААН. І магу адзначыць з упэўненасцю, што такой манаполіі там больш няма.

І прадстаўнкі лукашэнкаўскай місіі вельмі нервова рэагуюць на маю прысутнасць, на маю працу ў Нью-Ёрку. Для іх гэта такая чырвоная ануча, якая іх вельмі раздражняе. І тым не менш, трэба будзе вельмі шмат яшчэ правесці працы для таго, каб давесці інфармацыю пра падзеі ў нашай краіне.

Але тут абʼектыўным паказчыкам таго, што гэта і сапраўды выклікае ўжо зараз пэўныя ацэнкі сярод краінаў глабальнага Поўдня становяцца вынікі галасавання ў Раду Бяспекі Генеральнай Асамблеі. Усе краіны галасавалі за кандыдатуры Беларусі і Славеніі на выбарах 6 чэрвеня. І толькі 38 краінаў прагаласавалі за кандыдатуру Лукашэнкі. Гэта ганебна мала, з улікам таго, што лукашэнкаўцы вялі гэтую кампанію 16 гадоў. З 2007 года яны спрабавалі сабраць неабходную колькасць галасоў – а гэта 127 краінаў, дзве траціны ад Генеральнай Асамблеі, ад усіх краінаў. Тым часам як Славенія праводзіла гэтую кампанію толькі паўтара года. Яны набралі 153 галасы. І менавіта гэты паказчык – 153/38 абсалютна падкрэслівае, як краіны свету ставяцца да Лукашэнкі, нам трэба толькі ўзмацніць гэты сігнал.

Магу таксама паведаміць, што ў верасні чакаецца Тыдзень высокага ўзроўню, на які зʼязджаюцца кіраўнікі ўсіх дзяржаў і ўрадаў свету. І мы зараз пачынаем рыхтаваць паездку Святланы Ціханоўскай на гэты форум, калі пачынаецца праца чарговай сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Мы там абавязкова будзем прысутнічаць, будзем працаваць.

Зараз мы «накідваем» папярэднія контуры. Ужо ёсць папярэднія дамоўленасці пра тое, якія тэмы мы будзем там абмяркоўваць, якія мерапрыемствы мы там будзем арганізоўваць. У гэтым годзе там яшчэ будзе праходзіць саміт мэтаў устойлівага развіцця. І гэта будзе збіраць шмат кіраўнікоў дзяржаў.

Таму там у параўнанні нават з іншымі мінулагоднімі тыднямі будзе яшчэ больш насычаная атмасфера. Там будзе пэўная свая канкурэнцыя за ўвагу. І гэта нармальна. Але наша тэматыка перастала быць лакальнай. І я ўпэўнены ў тым, што голас дэмакратычнай Беларусі, прысутнасць там Святланы Ціханоўскай будуць прыцягваць належную ўвагу, каб мы маглі максімальна шырока давесці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нашай краіне.

Цалкам размову з Валерам Кавалеўскім слухайце ў плэеры ніжэй:

Comments are closed.