Loading

Заўтра ў Вашынгтоне пачне працу пляцоўка стратэгічнага дыялогу Беларусь – ЗША. Гэта новы фармат не толькі ў дачыненнях паміж ЗША і дэмакратычнай Беларуссю, але і прэцэдэнт у сусветнай практыцы. Пра тое, чым унікальная сітуацыя наладжвання стратэгічнага дыялогу паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і дзяржаўнай адміністрацыяй Злучаных Штатаў Амерыкі і якія чаканні мае ад фармату беларускі бок мы паразмаўлялі з прадстаўніком Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валерам Кавалеўскім.

— Гэты фармат больш уласцівы Злучаным Штатам. Ёсць шэраг дзяржаваў, з якімі яны праводзяць такія штогадовыя вельмі шчыльныя кансультацыі. Але звычайна гэты фармат менавіта замацаваны за краінамі, за дзяржавамі, за ўрадамі. То бок, можна сказаць, што вось гэты наш прэцэдэнт унікальны, што раней такога не было, што Злучаныя Штаты арганізуюць штосьці такое з недзяржаўнай, фактычна, сілай.

Тут трэба адзначыць, што ў склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць больш за 20 чалавек, гэта прадстаўнікі палітычных структур і грамадзянскай супольнасці. То бок, тут ёсць пэўны баланс, што, усё ж-такі, гэта такая кампазітная структура. У чымсьці падыход да яе фармавання нагадвае тое, што мы бачым у кантактнай групе пры Радзе Еўропы. Там таксама ёсць удзел і палітычных структур, і грамадзянскай супольнасці па пэўных сектарах.

— А на якім узроўні будзе прадстаўленая дзяржаўная адміністрацыя Злучаных Штатаў?

— Нашым першым партнёрам тут з’яўляецца Дзяржаўны дэпартамент Злучаных Штатаў – гэта самае ўплывовае, самае значнае ведамства ЗША па пытаннях знешняй палітыкі, якое, уласна кажучы, яе фармуе і праводзіць. Да гэтага таксама далучыцца Агенцтва па міжнароднай дапамозе Злучаных Штатаў. Таксама чакаецца прысутнасць шэрагу іншых дэпартаментаў. Магчыма Міністэрства гандлю будзе прысутнічаць.

На палях гэтага мерапрыемства мы спрабуем арганізаваць сустрэчу ў Міністэрстве ўнутраных спраў для таго, каб абмеркаваць пытанні міграцыі, якія з’яўляюцца важнай часткай нашага парадку дня ў адносінах са Злучанымі Штатамі. Але, паколькі фармат і тэмы, якія мы вызначылі, не ўключаюць у сябе міграцыйную тэматыку, то мы выходзім трошкі па-за межы стратэгічнага дыялогу і сустракаемся ўжо ў выканаўчых структурах, якія займаюцца менавіта міграцыйнай праблематыкай.

— На што скіраваны гэты дыялог, якія там будуць закранацца сферы дзейнасці, якія тэмы?

— Усяго там вызначана шэсць трэкаў. Гэта зроблена супольнымі нашымі дзеяннямі – амерыканскі бок, разам з беларускім бокам. Аб’яднаны пераходны кабінет займаўся распрацоўкай гэтай канцэпцыі. На сённяшні дзень там шэсць тэм.

Першае – гэта палітычны трэк, пагроза суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Другое – гэта праваабарончая праблематыка і тэма палітычных зняволеных. Трэцяе – гэта сродкі масавай інфармацыі і барацьба з прапагандай. Чацвёртае – гэта міжнародная адказнасць рэжыма за злачынствы, якія ён робіць, і санкцыйны ціск. Наступнае – гэта прыватная ініцыятыва, прыватны сектар беларускі. І апошні трэк – гэта пытанні культуры, беларускай дыяспары ў Злучаных Штатах, адукацыі, моладзі, спорту.

— Што дэмакратычныя сілы чакаюць па выніках гэтага стратэгічнага дыялогу?

— Найперш важна, што сам па сабе гэты стратэгічны дыялог паказвае, што Злучаныя Штаты прыярытэзуюць Беларусь. Адзначаюць і падкрэсліваюць ролю Беларусі ў рэгіянальных працэсах. Важнасць Беларусі для рэгіянальнай бяспекі, для будучыні нашага рэгіёна. Усе разумеюць, што можна перамагчы ў вайне супраць Расіі, але захаваць гэты мір, абараніць мір Украіны пасля перамогі будзе патрабаваць абавязкова і незалежнай і дэмакратычнай Беларусі.

Таму гэтую справу трэба не адкладваць на пазней, трэба рабіць гэта зараз. І стратэгічны дыялог – гэта таксама такі абсалютна канкрэтны механізм, які інстытуцыялізуе нашыя адносіны. Гэта значыць, што мы з гэтага часу зможам разлічваць на тое, што мы працуем на гэтым узроўні далей. Гэтыя сустрэчы будуць рэгулярнымі. Але паміж гэтымі сустрэчамі будзе праводзіцца пастаянная праца практычна па вось гэтых трэках. Магчыма, яны будуць нейкім чынам адаптавацца. Але на сённяшні дзень вызначаная гэтая структура і па іх мы будзем дзейнічаць.

А другое – тое, што сам стратэгічны дыялог паказвае, што Злучаныя Штаты не адмаўляюцца ад сваёй палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, яго палітычнага непрызнання, дыпламатычнай ізаляцыі. Яны прытрымліваюцца палітыкі падтрымкі грамадзянскай супольнасці, палітычных сіл Беларусі. Гэта ўсё паказвае, што палітыка Злучаных Штатаў да Беларусі застаецца вельмі паслядоўнай. Тут маецца на ўвазе менавіта рэжым Лукашэнкі, які заслугоўвае ціску. І дэмакратычны рух Беларусі, беларускі народ, які заслугоўвае падтрымкі.

І трэцяя частка – гэта тое, што можна зрабіць практычна для таго, каб дапамагчы беларусам з вырашэннем розных пытанняў, якія перад імі паўстаюць. Зноў жа – па ўсіх гэтых шасці накірунках мы рыхтуем прапановы да абмеркавання з амерыканскім бокам. Паглядзім, у якіх месцах мы зможам знайсці паразуменне для таго, каб разам рухацца далей, выбудоўваць нейкія новыя механізмы, новыя фарматы ўзаемадзеяння, каб замацаваць гэтае супрацоўніцтва, каб яно было не час ад часу, а каб яно было пастаянным.

Comments are closed.