Loading

У Брусэлі адбылося першае пасяджэнне Кансультатыўнай групы «Беларусь – Еўрасаюз» з удзелам Вярхоўнага камісара ЕС Жазэпа Барэля і лідаркі дэмакратычных сілаў Беларусі Святланы Ціханоўскай. Што гэта за фармат працы і якія надзеі на яго вынікі, мы спыталі ў прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па міжнародных справах Валера Кавалеўскага.

— Гэта двухбаковая група па даследаванні нашых двухбаковых адносін, вызначэнні прыярытэтаў, праблем, задач, з якімі мы сёння павінны справіцца для таго, каб знайсці рашэнні да гэтых праблем, але таксама падумаць пра тое, якім можа быць будучае для двухбаковых адносін і для самой Беларусі.

Тут мы кажам і пра тое, што краіна павінна вярнуць сабе дэмакратыю, мы павінны казаць, што краіна павінна вызваліцца ад ваеннай прысутнасці Расіі, выйсці з вайны. І ўсе гэтыя задачы і на сённяшні дзень, і на будучае мусяць абмяркоўвацца менавіта ў гэтым фармаце гэтай групы.

Гэта такі пастаянны практычны механізм нашага ўзаемадзеяння. З таго боку ён прадстаўляе самыя розныя інстытуты Еўрапейскай камісіі. З беларускага боку прысутнічаюць палітычныя структуры, прысутнічаюць таксама прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, якія займаюцца рознымі адпаведнымі задачамі ў розных сектарах. То бок, гэта могуць быць правы чалавека, гэта могуць быць справы моладзі, культуры, справы сродкаў масавай інфармацыі.

— Якія пытанні абмяркоўваліся падчас гэтай сустрэчы?

— Найперш мы казалі пра стан з правамі чалавека – што адбываецца сёння, што рэпрэсіі не спыняюцца, што рэжым становіцца ўсё больш жорсткім, нягледзячы на тое, што ўжо гэтая жорсткасць недасяжная. Мы казалі таксама і пра пагрозу незалежнасці, пра тое, што расійскія войскі зараз пануюць на нашай тэрыторыі, яны гаспадараць нібыта гэта іх зямля. Лукашэнка фактычна прадае суверэнітэт Беларусі для таго, каб застацца ва ўладзе, каб захаваць свае фінансавыя рэсурсы.

Мы не проста канстатавалі праблему, а казалі пра тое, што можа зрабіць Еўрапейскі Саюз асобна ці разам са сваімі міжнароднымі партнёрамі. І вельмі важна, каб гэтая справа вялася не толькі ЕС, але і ў супольнасці, каардынацыі з партнёрамі ў Вялікабрытаніі, у Злучаных Штатах, у Канадзе. Мы бачым такую зацікаўленасць, яна захоўваецца, яна для нас вельмі важная, бо такія праблемы вырашаюцца толькі супольна.

— Зараз Аб’яднаны пераходны кабінет, Офіс Святланы Ціханоўскай працуюць над такім праектам, як «Пашпарт Новай Беларусі» і, наколькі я ведаю, гэта таксама абмяркоўвалася падчас гэтай сустрэчы. Ці можаце Вы падрабязней пра яго распавесці і як гэты праект успрынялі на пасяджэнні Кансультатыўнай групы?

— Гэта была не першая размова. Пра пашпарт даўно ўжо мы размаўляем з Еўрапейскай камісіяй. Абмеркавалі кантэкст – чаму з’явілася гэтая ідэя. Мы нагадалі, што гэта не проста нейкі капрыз, жаданне дэмакратычных сіл выдаваць такі дакумент. Гэта пытанне ў тым, што беларусам на сённяшні дзень адмаўляюць у замене дакументаў, яны сутыкаюцца з сур’ёзнымі практычнымі праблемамі на гэтым шляху. І таму быў вельмі моцны грамадскі запыт да Святланы Ціханоўскай, да тых структур, якія яна ўзначальвае, каб вырашыць гэтую праблему.

Таму вельмі важна разумець кантэкст, у якім нарадзілася сама ідэя новага беларускага пашпарта. Абмяркоўвалі таксама наступныя крокі, якія патрэбна зрабіць нам і Еўрапейскаму Звязу на шляху да таго, каб прыняць гэты дакумент, каб ён быў прызнаны.

Вельмі важна міжнароднае прызнанне. То бок, сам дакумент зрабіць – гэта адна задача. А іншая задача зрабіць так, каб ён быў прыдатны да паездак, да перасячэння мяжы, каб яго прызнавалі і ўспрымалі нармальна. Вакол гэтых стратэгічных задачаў наконт пашпарта і вялася размова.

Успрыняцце гэтай ініцыятывы паважлівае і з разуменнем навошта гэта патрэбна. І ёсць пэўная арганізацыйная, палітычная, экспертная падтрымка да яго.

— Зусім нядаўна тая ж ПАРЕ прыняла рэзалюцыю па Беларусі, у якой сярод іншага канкрэтна рэкамендавала краінам Рады Еўропы забяспечыць выдачу гуманітарных віз у консульскіх установах у Беларусі, але, як бачым, гэта не падштурхнула Літву ўстрымацца ад спынення выдачы віз унутры Беларусі. Наколькі праца ў такіх агульнаеўрапейскіх органах спрыяе адвакацыі беларускіх пытанняў на нацыянальных узроўнях краінаў Еўропы?

— Канешне, спрыяе. Упершыню Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы прыняла дакумент, у якім вельмі глыбока вывучаныя міграцыйныя праблемы беларусаў. На нашу праблематыку звярнулі ўвагу для таго, каб апісаць гэтыя праблемы. Прыйшлі ў Парламенцкую Асамблею, расказалі пра гэтую працу, распрацавалі адпаведныя рэкамендацыі. І гэтыя рэкамендацыі былі прынятыя самой Парламенцкай Асамблеяй.

Гэта вялікае дасягненне. Гэта адказ на тыя прэтэнзіі, што на Беларусь не звяртаюць увагу, што намаганні грамадзянскай супольнасці ні да чаго не вядуць. Вядуць! Нас заўважаюць, людзям не абыякава. Яны хочуць нам дапамагчы. Але гэтая праца не такая хуткая і не такая лёгкая, як нам хацелася б.

Гэтыя рэкамендацыі – гэта не нейкае выканаўчае рашэнне, яны з’яўляюцца рэкамендацыямі. Зараз яны ідуць ва ўрады, іх там разглядаюць, думаюць пра тое, якім чынам можна больш дапамагчы беларусам.

Шмат што залежыць ад беларускай супольнасці, якая можа працаваць мэтанакіравана са сваімі ўрадамі там, дзе яны жывуць: звяртаць увагу, расказваць, прапаноўваць нейкія свае хады – што можна зрабіць, каб спрасціць гэтыя рэжымы па легалізацыі, выдачы віз і г.д.

Калі казаць пра тое, якія рашэнні могуць прымаць суседнія з Беларуссю краіны на гэтым этапе, абмежаванні ў візах, нават перакрыццё межаў – нельга збывацца пра тое, што адбываецца ў самой Беларусі. Беларусь становіцца прахадным дваром для расійскіх войскаў, туды зараз заходзяць вагнэраўцы. Каму хочацца з нашых суседзяў мець іх на сваёй тэрыторыі?!

Чаму мы думаем, што яны могуць казаць пра тое, што не – гэта лухта, мы на гэта не будзем звяртаць увагу, нашыя нацыянальныя інтарэсы гэта драбніца ў параўнанні з тым, што беларусам трэба падарожнічаць і ім трэба даваць візы?

Мы не можам ставіцца без павагі да нацыянальных інтарэсаў Літвы, да яе нацыянальнай бяспекі. Яны перш за ўсё дбаюць пра гэта. Таксама, як бы рабілі беларусы, калі б яны разглядалі гэтую сітуацыю з самой Беларусі і глядзелі б на гэта і думалі, што мы павінны зрабіць, каб захаваць нашу бяспеку.

Таму гэта не з’яўляецца нейкім контрвыпадам з боку Літвы ў адказ на рэзалюцыю Рады Еўропы. Гэта мера, якая забяспечвае іх уласную бяспеку. І мы з разуменнем мусім да гэтага ставіцца.

Трэба думаць пра тое, каб не дапусціць «вагнераўцаў» на тэрыторыю Беларусі. Гэта наша задача – і палітычных сіл, і грамадзянскай супольнасці, і медыя, і беларусаў па-за межамі Беларусі, і ў самой нашай краіне. Гэта наша задача і ніхто за нас яе вырашаць не будзе.

Цалкам размову з Валерам Кавалеўскім слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.