Loading

Асноўнай тэмай саміту НАТА ў Вільні была вайна ва Украіне і ўступ Украіны ў альянс. Але гучала на саміце і беларуская тэматыка. Палітолаг Валер Карбалевіч падвёў вынікі саміту для радыё Ўнэт.

— Вынікі даволі супярэчлівыя. Даволі супярэчліваю была пазіцыя краін НАТА. З аднаго боку, пэўная ўвага была. Было два мерапрыемствы, прысвечаныя Беларусі, на палях саміту. Там удзельнічала Святлана Ціханоўская, міністры замежных справаў шэрагу краін, эксперты. Прэзідэнт ЗША Байдэн не толькі ўзгадаў Беларусь падчас сваёй 20-хвіліннай прамовы ў Вільні, але і сустрэўся са Святланай Ціханоўскай. Гэта была выразная дэманстрацыя таго, што Беларусь знаходзіцца ў фокусе замежнай палітыкі Злучаных Штатаў.

З іншага боку, калі глядзець на тое, як тэма Беларусі была адлюстравана ў выніковым камюніке, то я б звярнуў увагу на тое, што беларуская тэма была праекцыяй расійскай – такая опцыя на Беларусь праз прызму Расіі. Гаварылася, што Расія выкарыстоўвала тэрыторыю і інфраструктуру Беларусі для нападу на Украіну. Беларуска-расійская вайсковая інтэграцыя ўяўляе пагрозу. Размяшчэнне расійскай ядзернай зброі з’яўляецца пагрозай. З’яўленне расійскіх прыватных ваенных кампаніяў з’яўляецца пагрозай. Беларуская сітуацыя разглядалася як складовая частка расійскай сітуацыі, вырашэнне беларускага пытання разглядалася як частка вырашэння расійскага пытання.

То бок, суб’ектнасць Беларусі, як самастойнага гульца, пастаўлена пад пытанне. Былі заявы з боку прэзідэнта Літвы, што Беларусь – гэта расійская губернія. Прыкладна такія ж развагі прэм’ер-міністра Латвіі. Яны кажуць пра тое, як Захад сёння глядзіць на Беларусь. І, канешне, гэта для беларускай дэмакратыі не самы лепшы погляд.

— Ці можна ўкраінскую тэматыку, якая абмяркоўвалася на саміце, звязаць з будучыняй Беларусі?

— Параўноўваць Беларусь з Украінай, зразумела, нельга. Бо ва Украіне ідзе вайна, кожны дзень гінуць людзі ад расійскіх абстрэлаў. Але я звярнуў увагу на вельмі важную думку, якую выказала Святлана Ціханоўская. Яна сказала, што без свабоднай Беларусі не можа быць бяспечнай Украіны. Я б яшчэ дадаў, што без свабоднай Беларусі не можа быць нармальнай бяспекі ў рэгіёне ўсходняй і цэнтральнай Еўропы. То бок, праблема – як падштурхнуць Захад глядзець на беларускі кейс не толькі як на прыдатак расійскай палітыкі.

— Наколькі гэтыя пасылы Ціханоўскай знайшлі разуменне хаця б у суседзяў Беларусі – чальцоў НАТА?

— Я ўжо казаў, пра заяву і прэзідэнта Літвы, і прэм’ер-мністра Латвіі наконт Беларусі, як расійскай марыянеткі. Мы маем суседзяў – краіны з пэўным плюралізмам. Вядома, што ёсць пэўныя рознагалоссі паміж парламентам і прэзідэнтам Літвы наконт таго, ці трэба ўраўноўваць грамадзян Беларусі і Расіі ў правах, калі яны будуць спрабаваць легалізавацца на тэрыторыі Літвы. Ёсць пэўныя супярэчнасці паміж заявай прэм’ер-міністра Латвіі і пазіцыяй новага прэзідэнта Латвіі.

Калі ў 2020 годзе беларусы выйшлі і паспрабавалі стаць суб’ектам палітыкі, то ўвага да Беларусі была сусветная і Беларусь была ў топ-навінах. Цяпер, калі ў Беларусі нічога не адбываецца, зразумела, што з’яўляецца і стаўленне да Беларусі, як да расійскай правінцыі. Таму лёс Беларусі ў руках саміх беларусаў.

Comments are closed.