Loading

Канферэнцыя «Новая Беларусь», якая ў Варшаве прайшла ў мінулыя выходныя, працягвае заставацца ў цэнтры ўвагі дэмакратычнай супольнасці. Зараз актыўна абмяркоўваецца праект пашпарта Новай Беларусі, адстаўка Аляксандра Азарава і відарысы новага супрацьстаяння ў беларускай палітычныя прасторы – полк Каліноўскага vs офіс Ціханоўскай.

Вынікі канферэнцыі «Новая Беларусь» мы абмеркавалі з каардынатарам беларускай экспертнай сеткі «Наша меркаванне» Вадзімам Мажэйкам.

— Якія ў цябе агульныя ўражанні ад спаткання года дэмакратычных сіл?

— Я б сказаў, што ўражанні такія пазітыўна-нейтральныя, бо канферэнцыя выглядала не такой актыўнай, як у мінулым годзе. Заява пра новы пашпарт – не такая важная падзея, як прэзентацыя Аб’яднанага пераходнага кабінета. Да таго ж перад леташняй канферэнцыяй быў значна большы палітычны крызіс, больш крытыкі і супрацьстаянне Ціханоўская-Латушка. У гэтым годзе і крызісу, здаецца, не было. Так ёсць сітуацыя з «каліноўцамі», але ў цэлым канферэнцыя павольная, як і ўвесь палітычны працэс цяпер. Можа таго, хто сочыць за беларускай палітыкай раз на год, гэта і расчаруе, але мне няма чаго расчароўвацца, бо відавочна, што зараз палітычны працэс не такі, як у 20-ым, і не такі, як у мінулым годзе.

— Гэта стагнацыя?

— Стагнацыя гэта надта моцнае слова. Я бы сказаў, што гэта «палітычная дзейнасць па-за акном палітычных магчымасцей» і адпаведна з усімі тымі абмежаваннямі, якія ёсць. Напрыклад, у 20-ым годзе беларусы пачалі займацца палітыкай, таму што адчувалі магчымасць перамен. А зараз палітыкай займаюцца, таму што немагчыма па-іншаму, таму што да гэтага прымушае і колькасць палітвязняў, і вайна. Немагчыма ўсё кінуць, перагарнуць старонку і разысціся па дамах.

— А не складаецца ў цябе ўражанне, што гэта палітыка дзеля палітыкі. На сітуацыю ў Беларусі дэмсілы паўплываць не могуць, на міжнародных актараў уплыў абмежаваны. І выглядае ўсё як імітацыя палітычнай дзейнасці.

— Існуюць людзі, якія займаюцца палітыкай дзеля палітыкі. Я б не пагадзіўся, што немагчыма ўплываць на працэсы, але чыстая праўда, што поле для ўплыву значна абмежавана. Калі паглядзець на міжнародную дзейнасць, то больш за палову, асабліва на заходнім кірунку, гэта тое, чым займаецца не МЗС Беларусі, а офіс Святланы Ціханоўскай. Такога раней не дасягалі ніякія палітычныя сілы. Гэта не значыць, што беларусы могуць вызначаць міжнародны парадак дня ці вырашаць замест еўрапейцаў, якія ім прымаць рашэнні, але дасягненні ёсць. Мы бачым як у Польшчы шмат робіцца для беларусаў, у краінах Балтыі. І ўнутры краіны можна па-рознаму: якія часы – такі і ўплыў. Нехта ўплывае праз партызанаў, Байпол паўплываў праз дыверсію ў Мачулішчах. Гэта такія радыкальныя прыклады, але сведчаць пра тое, што кола магчымасцей абмежаванае і вельмі спецыфічнае, але яно ёсць.

— Ці пачуў ты на канферэнцыі штосьці новае ў стратэгічным плане? Адказ на пытанне: куды мы рухаемся?

— Куды мы рухаемся – на гэтай канферэнцыі гучала часцей, чым калісьці. Заклікі, арыентацыі на еўраатлантычны кірунак беларускай палітыкі, на Еўразвяз, на НАТА, гучалі падчас кампаній 2006 і 2010 года, але пасля так моцна не гучала. Сапраўды, гэта тое, што можа не быць падтрымана ўсёй масай беларусаў, як мы бачым у сацыялогіі, тым не менш, гэта – стратэгічна важны накірунак. Калі зараз беларускія палітыкі не могуць ісці ў масы, тады трэба весці грамадства за сабой, падабраць важныя арыенціры. Гэты еўраатлантычны кірунак можа дрэнна паўплываць на рэйтынгі палітыкаў, але пазітыўна паўплываць на беларускую будучыню ў цэлым. А што тычыцца стратэгіі ў цяперашнім моманце, то прагучаў гэты праект пашпарта. Ён сімвалічны, але ўжо палітычныя структуры прызнаюць, што асноўная іх аўдыторыя – гэта дыяспары, выехаўшыя беларусы. Такі пашпарт дазволіць вырашыць лагістычныя, бюракратычныя і іншыя жыццёвыя складанасці беларусаў.

Таксама мне спадабалася ідэя, якая прагучала на слуханнях у КР, гэта ідэя Вольгі Гарбуновай аб стварэнні траставага фонду падтрымкі палітвязняў. І трэцяе, гэта – знайсці адміністратара для Аб’яднанага пераходнага кабінета. Бо зараз ён выглядае хутчэй як набор асобаў, чым адзіная структура.

— А што тычыцца супрацьстаяння «полк Каліноўскага – офіс Ціханоўскай». На тваю думку, у ва што гэта выльецца?

— Гэта зараз галоўная лінія супрацьстаяння паміж апанентаў Лукашэнкі. Феномен узброеных людзей, якія сваю легітымнасць абапіраюць на зброю, якая ў іх у руках, на кроў, пралітую на полі боя, новы для беларусаў, і шмат хто не ведае, як да гэтага ставіцца. Доўгі час існавала табу на крытыку ПКК. Гэтае супрацьстаянне стане цэнтральнай тэмай наступнага палітычнага года. «Каліноўцы» ужо абвесцілі пра сваю канферэнцыю ў Кіеве. Цікава гучыць з улікам таго, што беларусы спакойна не могуць уехаць ва Украіну, акрамя як па спецыяльных дазволах ад дэпутатаў ці памежнікаў. Таму відавочна, на канферэнцыю трапяць толькі тыя, каго самі «каліноўцы» запросяць. Таксама варта падзяляць кіраўніцтва палка Каліноўскага з іх палітычнымі амбіцыямі і саміх байцоў, бо ў байцоў розныя палітычныя погляды. Па-другое, трэба даволі насцярожана да ўсяго гэтага ставіцца, бо, калі мы возьмем любую цывілізаваную краіну, то ў ёй войска падпарадкоўваецца грамадзянскай адміністрацыі. У адваротным выпадку атрымаем ваенную хунту. Таму нам варта разумець: асабістая мужнасць «каліноўцаў» – гэта супер, яны заслугоўваюць медалёў і ўсялякай падтрымкі, да прыкладу данатаў, тэхнікі і г.д., але гэта не значыць, што каліноўцы на гэтай падставе могуць быць уладай у Беларусі. Гэта небяспечная тэндэнцыя, з улікам таго, як ужо зараз сябе «каліноўцы» паводзяць.

Поўную размову з Вадзімам Мажэйкам слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.