Loading

Кіраўніцтва Палка імя Кастуся Каліноўскага ў нядзелю пачынае шэраг сустрэч з беларусамі ў розных гарадах Еўропы. Асноўныя мэты гэтага тура радыё Ўнэт патлумачыў намеснік камандзіра палка Вадзім Кабанчук. 

Сапраўды, мы зараз уже едзем па тэрыторыі Польшчы і ў нядзелю ў нас першая сустрэча будзе ў Варшаве ў Беларускім доме а 14-й гадзіне. Пасля – Лодзь, 22 чысла, пасля – 23-га Кракаў, 24-га – Уроцлаў, 25-га – Прага, 26-га – Берлін, 27-га – Познань, 28-га – Быдгашч, 29-га – Гданьск, 30-га – Беласток, 31-га – Вільня і 01.02 – зноў Варшава. З гэтым нашым графікам можна будзе азнаёміцца на тэлеграм-каналах Палка Каліноўскага. 

У Варшаве дзейнічае цэнтр, які займаецца рэкрутынгам, на розных пляцоўках часта выступае палітычны прадстаўнік ПКК Зміцер Шчыгельскі. Чаму зараз аж 12 гарадоў  Еўропы  вырашылі наведаць вайскоўцы з кіраўніцтва Палка? 

Па-першае, мы ніколі не выязджалі такім складам. Едзе камандзір палка Дзяніс «Кіт». І мы ў першую чаргу хочам пабачыцца і аддзячыць людзям, дзякуючы якім два гады ў нас ідзе падтрымка і, дзякуючы якім, мы ўжо на працягу гэтага часу можам выконваць баявыя задачы. Бо Полк Кастуся Каліноўскага – гэта народная з’ява. І дзякуючы толькі народнай падтрымцы ў нас адбываецца і рэкрутынг, і дапамога, і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. 

Другая наша місія – гэта звярнуць увагу на тое, што зараз насоўваюцца надзвычайныя часы. І мы хочам дагрукацца да тых людзей, якія, магчыма, яшчэ вагаліся, ці не маглі прыняць для сябе рашэнне, каб далучыцца да нашых шыхтоў. 

І трэцяе – па выніках канферэнцыі «Шлях да волі», якая прайшла напрыканцы восені ў Кіеве, мы хочам таксама наладзіць сустрэчы з тымі прадстаўнікамі, якія падпісаліся пад нашымі дакументамі – мемарандумам і адозвай. І нейкім чынам працягнуць працу гэтай палітычнай платформы «Шлях да волі».

Ці адчувае самае вядомае беларускае падраздзяленне ў складзе УСУ зніжэнне падтрымкі аддыяспары, колькасці ахвочых папаўняць шэрагі беларускіх вайскоўцаў ва Украіне, стомленасць ад вайны? 

Безумоўна, мы працуем у агульным кантэксце. І гэта адбываецца не толькі з нашым падраздзяленнем, але і па ўсіх УСУ. Тыя самыя праблемы. Безумоўна, нас яны закранулі таксама і мы хочам унесці такі, не тое, каб рэзананс, але, можа, больш патлумачыць людзям наогул нашу місію і важнасць таго, што адбываецца зараз ва Украіне. Бо ад гэтага, урэшце рэшт, залежыць лёс Беларусі.  

Вы часта, у тым ліку і ў інтэрв’ю  нашаму радыё, казалі пра неабходнасць інстытуалізацыі беларускіх вайскоўцаў. Ці можна лічыць гэтую паездку для асабістых сустрэч з беларусамі розных краінаў крокам у гэтым напрамку? 

Полк Кастуся Каліноўскага – гэта найперш вайсковае падраздзяленне, якое выконвае баявыя задачы. У нас ёсць іншыя інструменты. Полк, скажам так, быў такім сузаснавальнікам цэлай платформы. Таму што ў нас вельмі шмат хлопцаў і дзяўчат, якія прайшлі праз наша падраздзяленне і па розных прычынах зараз зноў знаходзяцца ў Еўропе. І мы хочам, каб яны таксама нейкім чынам уключаліся ў грамадскую, магчыма, палітычную дзейнасць. Безумоўна, гэтая наша паездка, у тым ліку працуе на павышэнне суб’ектнасці і пазнавальнасці беларускіх дабраахвотнікаў у Еўропе. 

Хто можа – запрашаем на сустрэчы, будзем радыя бачыць! 

 

Comments are closed.