Loading

Зварот быў апублікаваны ў тэлеграм-канале офіса прэзідэнта Украіны ў пятніцу, 30 верасня.

У сваім звароце, Уладзімір Зяленскі ўзгадаў як пачыналася поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны і заявіў, што Расія прэтэндавала на заваяванне народаў, але гэтая амбіцыя зламаецца ва Украіне. Ён таксама дадаў, што ўся тэрыторыя Украіны будзе вызвалена.
Рэферэндумы, праведзеныя Расіяй на акупаваных тэрыторыях, Зяленскі назваў фарсам, перапісваннем гісторыі і перамалёўваннем межаў.

Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў аб паседжаннях стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага і рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Па выніках паседжанняў быў прыняты шэраг рашэнняў, у тым ліку аб узмацненні Украіны, выгнанні акупантаў з яе тэрыторыі. Таксама, Зяленскі назваў Украіну лідарам у перамоўных рашэннях, адзначыўшы пры гэтым, што з цяперашнім прэзідэнтам РФ, перамовы немагчымыя. Зяленскі падкрэсліў, што, Украіна гатова да дыялогу, але з іншым прэзідэнтам Расіі.

Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна і НАТА дэ-факта ўжо з’яўляюцца саюзнікамі. Ва Украіне ўжо дэ-факта прыняты стандарты НАТА і ўвесь неабходны шлях для ўступлення ў альянс, на думку Зяленскага, Украіна дэ-факта прайшла. У сувязі з гэтым Украіна падала заяву на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс у паскораным парадку.

Зяленскі дадаў, што ва Украіне ўсведамляюць неабходнасць кансэнсусу ўсіх членаў альянсу ў гэтым пытанні і што на гэта спатрэбіцца час. У сувязі з гэтым Украіна прапануе пакуль рэалізаваць свае прапановы па гарантыях бяспекі для Украіны і для ўсёй Еўропы ў адпаведнасці з Кіеўскай дамовай аб бяспецы.

Таксама, прэзідэнт Украіны паведаміў, што РНБА прыняла рашэнне аб прымяненні санкцый у дачыненні да фізічных і юрыдычных асоб Расіі, якія не знайшлі смеласці выступіць у абарону міжнароднага права і чалавечнасці, або так ці інакш прынялі ўдзел у агрэсіўных дзеяннях супраць Украіны ці дэмакратычнай супольнасці. Па словах Зяленскага, у бліжэйшы час будзе прапанаваны закон аб нацыяналізацыі расійскай уласнасці ва Украіне. Уладзімір Зяленскі заклікаў дэпутатаў падтрымаць гэты законапраект.

Comments are closed.