Loading

У суботу 26 лістапада раптоўна памёр міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Яму было 64 гады. Афіцыйна прычыну смерці міністра да гэтага часу не паведамілі, неафіцыйная версія – інфаркт. Памёр міністр напярэдадні свайго візіта ў Польшчу на саміт АБСЕ, у Расіі ў гэты час пачала пашырацца інфармацыя пра знішчэнне Лукашэнкі, які перашкаджае ўступленню Беларусі ў вайны, беларуская прапаганда пра Макея практычна не кажа – і гэта ўсё гэта ўзмацняе канспіралагічны фон вакол гэтай смерці.

Уладзімір Макей уваходзіў у дзесятку самых уплывовых чыноўнікаў Беларусі і не выпадаў з гэтай абоймы на працягу многіх гадоў. Макей пасля вучобы ў інстытуце замежных моў служыў у Галоўным упраўленні выведкі, пасля развалу Савецкага Саюза звязаў сваю кар’еру з дыпламатыяй. З 2000 года быў асабістым памочнікам Лукашэнкі, з 2008 – кіраваў яго адміністрацыяй, у 2012– быў прызначаны міністрам замежных справаў. Па сутнасці, ён усё жыццё працаваў у сістэме Лукашэнкі, зʼяўляецца адным з яе архітэктараў, і не здрадзіў ёй у 2020 годзе, калі многія выказвалі спадзяванне, што Макей падтрымае пратэст і выступіць супраць Лукашэнкі на прэзідэнцкіх выбарах. Больш за тое, пасля выбараў ён пачаў зачыстку МЗС ад нязгодных з «лініяй партыі». Многія дыпламаты сыходзілі самі, некаторыя пад ціскам. МЗС пакінуў і старэйшы сын Макея.

Уладзіміра Макея называюць адным з асноўных праваднікоў заходняга вектара беларускай знешняй палітыкі. Да 2020 года яму ўдавалася забяспечваць інтарэсы Лукашэнкі на Захадзе, у тым ліку пераконваць еўрапейскі і амерыканскі эстэблішмент у тым, што Лукашэнка зʼяўляецца гарантам незалежнасці Беларусі, што, пакуль ёсць Лукашэнка, Пуцін не зможа паглынуць Беларусь. Пікам дыпламатычных поспехаў Макея стала арганізацыя ў 2015 годзе ў Мінску перагавораў «нармандскай чацвёркі».

Сітуацыя змянілася пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, а дакладней пасля крывавага падаўлення пратэстаў, калі беларускі рэжым стаў нерукапаціскальным у прыстойных сталіцах і кантакты з прадстаўнікамі афіцыйнага Мінска раптам сталі таксічнымі. Але, тым не менш, сувязь не гублялася, дыялог ішоў скрыта і дайшоў да таго, што 1-2 снежня ўпершыню за два гады ў Макея чакаўся візіт у ЕС, а дакладней ён павінен быў прымаць удзел у саміце міністраў замежных спраў АБСЕ ў польскай Лодзі. Расійскага міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова там бачыць не пажадалі, а вось яго беларускага калегу не проста запрасілі, а нават «чакалі з нецярпеннем». Але за пяць дзён да гэтага візіту Макей раптоўна памірае.

Павел Латушка

«Дзіўнае супадзенне: у сістэме міністэрства замежных спраў тры міністры былі адпраўлены ў адстаўку падчас іх удзелу ў самітах міністраў замежных спраў АБСЕ. Уладзімір Макей павінен быў прыехаць у Польшчу для ўдзелу ў такім жа саміце. Але я не хацеў бы тут ствараць нейкіх канспіралагічных тэорый. Макей быў на працягу 10 гадоў першым памочнікам Лукашэнкі, гэта чалавек які 27/7 мае «доступ да цела», атрымлівае даручэнні асабістага характару. Макей ведаў вельмі шмат. Як кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі, ён увайшоў у гісторыю тым, што адказваў да разгон Плошчы-2010. На пасадзе міністра замежных спраў фартуна яму ўсміхнулася: акупацыю Крыма Расіяй Лукашэнка змог выкарыстаць у сваіх інтарэсах, а дапамог яму ў гэтым Макей, які змог прадаць гісторыю «Мінскіх пагадненняў», які змог прадаць гісторыю, што Лукашэнка нібыта з’яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. А вось у 2020 годзе адбылося нешта стрэсавае: Макей здрадзіў сам сабе. Яшчэ ў 2018 годзе мяне многія дыпламаты пыталі: а ці зможа Макей стаць канкурэнтам на бліжэйшых выбарах прэзідэнта ў 2020 годзе для Лукашэнкі. І мой адказ быў – так. Многія чакалі, што Макей пяройдзе на бок беларускага народа. Але гэта зрабіў яго сын. Я зусім не адбяляю Макея: ён абсалютны чалавек сістэмы. Ён адказны за рэпрэсіі ў Беларусі, адказны за міграцыйны крызіс, за пераслед польскай меншасці і каталіцкага касцёла».

Смерць Уладзіміра Макея адбылася менавіта ў той дзень, калі RLI напісаў, што Пуцін хоча ліквідаваць Лукашэнку, каб кантраляваць армію Беларусі. Блізкія да Крамля ТГ-каналы намякалі, што Расія імкнецца аб’яднаць дзве арміі пад сваім камандаваннем, але гэта пазбавіць Лукашэнку магчымасці кіраваць краінай і той супраціўляецца. Канспіралагічны настрой захапіў беларускае грамадства. Беларускі ж бок замест таго, каб пагасіць тэорыю змову вакол смерці Макея, яшчэ больш узмацніў яе сваім маўчаннем. Афіцыйна нават не паведамілі прычыну смерці Макея. Пра яе напісала «Наша Ніва», па даных яе крыніц міністр памёр ад інфаркту ў другой палове дня ў сябе дома. У дзяржаўным агенцтве БелТА паведамленне пра смерць Макея зʼявілася адным радком і не было галоўнай навіной. На беларускім тэлебачанні пра гэта таксама паведамілі ў сярэдзіне выпуску навін. Праз суткі пасля смерці Макея ў дзяржаўных СМІ ніхто з чыноўнікаў асабіста пра яго не выказаўся. Прапаганда працягнула публікаваць толькі спачуванні і інфармацыю аб адмене візіту кіраўніка МЗС Расіі ў Мінск: 28 лістапада Сяргей Лаўроў планаваў сустрэчу з Уладзімірам Макеем.

Незалежныя СМІ Беларусі, да знішчэння якіх прыклаў руку ў тым ліку і Уладзімір Макей, наадварот, першыя палосы прысвяцілі менавіта яго персоне, яго ролі і месцу ў вертыкалі Лукашэнкі. Некаторыя нават узгадалі, што Макей слыў лібералам, мог хадзіць у вышыванцы і часам гаварыў на беларускай мове, чым, безумоўна, падкупляў прагрэсіўную частку беларускага грамадства і заходніх палітыкаў.

Вячаслаў Сіўчык

«Я бачу пэўны «беларускі сіндром». Я паглядзеў, што людзі пішуць пра смерць Уладзіміра Макея і хацеў бы нагадаць усім, што Макей быў ключавым дзеячом лукашэнкаўскай банды. Гэты чалавек сам выбраў свой шлях. Да 2020 года ён быў звычайным бандытам, а пасля стаў яшчэ і звычайным тэрарыстам, таму што менавіта ён агучваў ультыматумы Захаду па знішчэнні грамадзянскай супольнасці. Мяне засмучвае вось што: рабства ў грамадства пранікла да такой ступені, што, мала таго, што пры жыціі Макея літаральна «аблізвалі» не зразумела за што, так зараз, пасля яго смерці, пачынаецца нейкае псеўдамаралізатарства, што нельга кепска пра яго пісаць. А што можна добрае сказаць пра чалавека, які ўсё свае жыццё быў у сістэмах, што знішчалі беларускі народ?»

Пахаваюць Уладзіміра Макея 29 лістапада на Усходніх могілках сталіцы. З усімі дзяржаўнымі атрыбутамі, якія па пратаколе паложаны чыноўніку такога рангу.

Comments are closed.