Loading

30 кастрычніка 1988 года ў Мінску адбыліся першыя агульнанацыянальныя Дзяды. Да іх доўга рыхтаваліся. Ініцыятарам правядзення ў Мінску Дзядоў выступіла таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя», якое існавала пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. Заяўкі ў органы ўлады падалі ад імя кіраўніка «Тутэйшых», тады маладога пісьменніка і навукоўца-літаратуразнаўцы, а цяпер яшчэ і вядомага праваабаронцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага і паэта Анатоля Сыса. Натуральна, што ўлады тады яшчэ БССР не дазволілі правядзенне Дзядоў ні на адной з прапанаваных ініцыятарамі пляцовак. Тым не менш, тыя Дзяды, якія вырашана было ладзіць каля Усходніх могілак, адбыліся і сталі насамрэч гістарычнымі. Пра тое, як праходзіла адзначэнне Дзядоў у Мінску ў 1988-м годзе і ў чым іх гістарычная значнасць гаворым з непасрэдным актыўным удзельнікам тых Дзядоў, пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым.

Крыніца фота: budzma.org

Тыя векапомныя Дзяды 1988 года, хоць і прайшло ўжо больш за 30 гадоў, вельмі часта згадваюцца. Толькі што створаны «Мартыралог Беларусі» тады даручыў мне выступіць з галоўным словам на Дзядах на Усходніх могілках. Я тады прыехаў са свайго роднага Полацка. Прадчуванне было вельмі незвычайных, магчыма, жорсткіх падзей. Я замовіў таксоўку, сказаў адрас, а мне кіроўца кажа – мы туды не даедзем, там усё ачэплена, тысячы міліцыянтаў. Ён мяне нейкімі дварамі падвёз, і я праз пяць хвілін апынуўся каля Усходніх могілак.

Першае, што я ўбачыў, гэта як жанчыны адбіваюць апрацаванага газам «Черемуха» Зянона Пазняка. Яны адбілі яго ў міліцыянтаў. Потым я ўбачыў, як цягнуць у варанок Алеся Бяляцкага, Міколу Купаву. Але, урэшце, людзей сабралася столькі, што рэй вялі тыя, хто прыйшоў ушанаваць памяць продкаў – дзясяткі тысяч менчукоў і прыезджых з іншых гарадоў, пра што сведчылі транспаранты ў руках.

Асабісты архіў Уладзіміра Арлова. Крыніца: svaboda.org

Многія ўжо паспелі зайсці на Усходнія могілкі, пасля чаго ўваход туды быў перакрыты. І ўрэшце, пачаўся жорсткі разгон, збіванне мітынгоўцаў. Тады мой сябар Алесь Асташонак – вельмі таленавіты пісьменнік, на жаль, ён ужо ў нябеснай Беларусі, захінаючы ад міліцэйскага дручка маю жонку атрымаў вельмі прафесійны моцны ўдар па хрыбетніку, пасля чаго амаль месяц быў на бальнічным.

Быў, канешне, момант разгубленасці. Людзі былі рассечаныя, хтосьці пачаў адступаць. Але некалькім тысячам удзельнікаў тых Дзядоў пашчасціла вырвацца з гэтага атачэння і рушыць у боку Курапатаў. Там, не даходзячы да Курапатаў, у чыстым полі, нам пашчасціла правесці мітынг-рэквіем. Я пачаў сваім уступным словам гэты мітынг. Я згадаў нашых продкаў з часоў Рагвалода і Рагнеды і да тых, хто скончыў свае жыцці, магчыма, зусім недалёка ад нас – у Курапатах, альбо, хто быў там пахаваны пасля расстрэлаў у казематах славутай менскай «амерыканкі».

Затым выступіў Зянон Пазняк, які абвясціў пра стварэнне Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». І слова атрымала маладая паэтка Таня Зіненка, якая паспела прачытаць свой верш, прысвечаны Фронту. Мы ўжо былі аточаныя ў некалькі шэрагаў жаўнерамі, афіцэрамі ўнутраных войскаў. Гэта былі людзі такой сярэднеазіяцкай знешнасці. Яны не разумелі, што адбываецца, проста выконвалі загады. І як раз пасля таго, як Таня Зіненка скончыла чытаць свой верш, упершыню за шмат дзесяцігоддзяў забароны публічна быў узняты наш нацыянальны сцяг. Мы цяпер ведаем, хто прывёз яго. Шмат гадоў было невядомае гэтае імя. На жаль, мы даведаліся яго, калі гэты чалавек сыйшоў у нябыт таксама. Гэта быў Васіль Лазоўскі – мастак, вядомая ў Маладэчне асоба.

Фота з архіва Уладзіміра Арлова. Крыніца: svaboda.org

І, калі гэты сцяг узняўся, гэта паслужыла як бы сігналам да разгону ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема. Прагучалі каманды «Рассекай!», ну і кінуліся нас рассякаць. Але тым не менш, хоць там хлопцаў і дзяўчат ціснулі да гэтай мёрзлай зямлі, збівалі, але мітынг-рэквіем, усё-такі адбыўся. Ён атрымаў вялізарны розгалас. Тады неўзабаве выйшаў маскоўскі часопіс «Огонёк» – тады дэмакратычнае вельмі выданне, з фотаздымкамі, з рэпартажам з гэтага мітынга. У Маскве была створаная ўрадавая камісія па расследаванні гэтых падзей і беларускія ўлады мусілі неяк рэагаваць.

Мяне тады выклікалі на допыты ў пракуратуру. На мяне склалі пратакол за пражыванне ў Менску без прапіскі. Да мяне на працу ў выдавецтва «Мастацкая літаратура» кожную раніцу прыходзіў такі лейтэнант таварыш Сальнік і казаў, што калі я не прапішуся за тры дні, мяне дэпартуюць па месцы прапіскі ў Полацк.

У Саюзе пісьменнікаў адбыўся такі сход, калі тагачасны старшыня Прэзідыуму Вярхоўнага Савета Георгій Таразевіч прыйшоў угаворваць пісьменнікаў не пасылаць тэлеграму Гарбачову. Тэлеграма з патрабаваннем расследавання ўжо была пасланая, але ён пра гэта не ведаў. Я распавёў там, што мяне пагражаюць дэпартаваць альбо зняволіць. Ён паабяцаў «заўтра, таварыш Арлоў, да вас ужо не будзе прыходзіць таварыш Сальнік». Ён стрымаў сваё слова – таварыш Сальнік больш не прыходзіў, што вельмі расчаравала кінадакументалістаў, якія ў маім кабінеце зрабілі засаду з камерай.

І тады сітуацыя ўжо сапраўды пачала імкліва мяняцца. Усе гэтыя допыты скончыліся нічым. З’явілася шмат публікацыяў ва ўсесаюзнай прэсе. І тады ў адным са сваіх інтэрв’ю наш пісьменнік Віктар Казько сказаў, што на Дзяды ішло насельніцтва, а вяртаўся народ. Потым гэтыя словы шмат хто паўтараў, яны прагучалі і ў інтэрв’ю Васіля Быкава. Гэта была вельмі важная вяха ў працэсах нацыянальнага адраджэння, якія тады набіралі сілу. І наступныя Дзяды адбываліся зусім інакш. Улады не асмеліліся іх забараніць. Было мірнае шматтысячнае шэсце ў Курапаты. Сцягі, кветкі, жалобныя стужкі, крыж, які неслі тады – першы з крыжоў, які там быў усталяваны ў 1989 годзе.

Ужо пры Лукашэнку ў незалежнай Беларусі доўгія гады немагчыма было сабраць дзясяткі тысяч людзей на беларускія акцыі. Чаму тады – у савецкія часы столькі людзей сабралася на Дзяды, хаця гэтая наша традыцыя тады фактычна замоўчвалася?

Гэтая традыцыя замоўчвалася. Гэта традыцыя, можа быць, шмат у чым асабістая такая, калі людзі ідуць на свае родныя магілы, успамінаюць сваіх продкаў. Але тады быў асаблівы час. Мы сапраўды рухаліся да распаду Савецкага Саюза, да аднаўлення незалежнасці, хоць шмат хто яшчэ баяўся пра гэта і думаць. Толькі праз два гады я напішу сваё эсэ «Незалежнасць – гэта…», дзе адлюстраваліся мары майго і не толькі майго пакаленняў пра незалежнасць. Тады людзі сабраліся на Дзяды ў значнай ступені таму, што толькі што прагучала страшная праўда пра Курапаты, дзякуючы артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты – дарога смерці», які быў змешчаны ў вельмі дэмакратычным і вельмі папулярным тады штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», за якім па суботах займалі чэргі каля газетных шапікаў. Літаральна за пару тыдняў да тых Дзядоў – 19 кастрычніка, быў створаны «Мартыралог Беларусі» – асветнае таварыства памяці ахвяр сталінізму. І гэта наэлектрызавала абстаноўку і людзі атрымалі інфармацыю, што рыхтуюцца агульнанацыянальныя Дзяды.

Крыніца: knihi.com

Там быў такі вельмі чуллівы момант. Каб чуць мяне, Пазняка, Таню Зіненку людзі прыселі. Часам пішуць, што яны апусціліся на калені, але яны проста прыселі і гэта дало магчымасць лепш чуць, лепш бачыць выступоўцаў. І рэакцыя была самая станоўчая. Нягледзячы на тое, што вакол стаялі гэтыя ланцугі ўнутраных войскаў, прысутныя адчувалі, што пачынаецца новая эпоха, што яны ўдзельнічаюць у падзеі гістарычнай значнасці.

Асабісты архіў Уладзіміра Арлова. Крыніца: svaboda.org

Comments are closed.