Loading

Што ж адбылося ў Расіі 23 і 24 чэрвеня і ці былі гэтыя падзеі нейкім спантанным рыўком Прыгожына, каб адпомсціць за загінулых ад ракет Мінабароны сваіх падначаленых. Ці, усё ж, гэта загадзя спланаваная акцыя. І ці адкрыла яна нейкія новыя магчымасці ў вайне для Украіны. З гэтымі пытаннямі мы звярнуліся да дырэктара Праграмы расійскіх і беларускіх студыяў Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраслава Чарнагора.

Фота: 24tv.ua.

— Ці былі гэтыя падзеі адмыслова спланаваныя, ці гэта было такое спантаннае рашэнне Прыгожына?

— Па-першае, хачу адзначыць, што ўжыванне датычна групы «Вагнэр» назвы «прыватная вайсковая кампанія» мае досыць умоўны характар. Насамрэч, ніякай прыватнасці там няма. Гэта гібрыдны інструмент расійскага рэжыму.

Дзеянні Прыгожына былі, найхутчэй, спланаваныя, падрыхтаваныя. Звычайна, узнікае пытанне, і гэты момант не высветлены: наколькі менавіта ў гэтыя даты планаваўся гэты выступ. Але тое, што гэты выступ спланаваны і добра арганізаваны, мы бачым з тае колькасці ўдзельнікаў і з тых дзеянняў і хуткасці, з якою яны рэалізавалі гэты план.

— Каму быў патрэбны гэты нібыта бунт у Расіі і навошта?

— Як мы бачым, паколькі Прыгожын не здзейсніў тое, што анансаваў, то бок, да Крамля ён не дайшоў, кіраўніцтва Мінабароны і Генеральнага штаба ён не арыштаваў, то атрымліваецца, што гэта была акцыя, спланаваная пэўнай групай крамлёўскай вярхушкі, адной з вежаў Крамля, дзеля таго, каб «пратараніць» групоўку Шайгу-Герасімава і такім чынам знізіць яе ўплыў.

— Чаму ў сітуацыю раптам уклініўся Лукашэнка і навошта яму ў Беларусі Прыгожын са сваімі вагнераўцамі?

— Я мяркую, Лукашэнку насамрэч Прыгожын у Беларусі непатрэбны. Праблема ў тым, што ўвесь час сваёй медыйнай дзейнасці Прыгожын ніколі не крытыкаваў Пуціна. І я думаю, што да пэўнага часу ён разлічваў, што ягоны такі дэмарш будзе выкарыстаны супраць Шайгу-Герасімава, але ці праз падтрымку Пуціна, ці праз ягоны нейтралітэт.

Але, паколькі Пуцін адназначна выказаўся супраць такіх дзеянняў вагнераўцаў, я мяркую, хуценька было вырашана знайсці нейкае выйсце, каб прыгожа выйсці з гэтай сітуацыі. Не было мэты насамрэч зрабіць нейкую вялікую канфліктную сітуацыю. Была мэта з дапамогай гэтага дэмаршу дамагчыся нейкіх мэтаў. І, калі стала зразумела, што ў поўным аб’ёме яно не спрацуе, трэба было выйсці з захаваннем твару ўсім бакам.

І, я мяркую, што далучылі да гэтага Лукашэнку. Ніякай самастойнай ролі ў гэтым працэсе я ў Лукашэнкі не бачу. Ён проста быў выкарыстаны як зручная асоба, як зручная пляцоўка для захавання твараў удзельнікаў гэтага супрацьстаяння.

— Калі мы згадаем 2020 год, перадвыбарчую кампанію – там таксама гэты «Вагнэр» фігураваў: нейкі такі незразумелы спектакль быў разыграны. Тады Лукашэнка казаў, што вагнэраўцы збіраюцца ўдзельнічаць у тым, каб яго пазбавіць улады. А зараз ён прытуляе ў сябе кіраўніка гэтай ПВК. Як Вы лічыце, ці звязана гэта нейкім чынам?

— Я, насамрэч, мяркую, што гэтыя падзеі вельмі раскіданыя ў часе і наўпроставай сувязі няма. Адзінае, што тады, магчыма, былі ўсталяваныя нейкім дадатковыя каналы, якія зараз у тым ліку былі выкарыстаныя па вагнэраўцам. Тады для таго, каб Лукашэнка адправіў іх назад у Расію, зараз для таго, каб, наадварот, нейкую частку вагнэраўцаў на чале з Прыгожыным прытуліць у сябе з тым, каб яны надалей выехалі, напрыклад, у Афрыку ці на Блізкі Усход.

— Ці атрымала Украіна нейкія перавагі, ці наадварот нейкія пагрозы ў выніку падзеяў 23-24 чэрвеня?

— Наўпроставага выкліку Украіне не было і я б не падзяляў таго аптымізму, які гучаў з вуснаў некаторых украінскіх экспертаў. Гэты дэмарш быў унутранай расійскай, так бы мовіць, разборкай. Украіна, канешне, магла б выкарыстаць, і я думаю, выкарыстала часткова, на сваю карысць. Але, ні Прыгожын, ні ягоныя байцы абсалютна не выступаюць на праўкраінскіх пазіцыях. Яны ў любым выпадку настроены па-антыўкраінску і наадварот, магчыма, нават, маглі б узмацніць расійскія войскі на гэтым этапе. Гэта тое, што яны рабілі апошнімі гадамі на Данбасе.

— Ці паўплываў гэты дэмарш на маральны стан расійскага рэгулярнага войска, якое зараз знаходзіцца на пазіцыях ва Украіне?

— Так, канешне, паўплываў. Такіх наўпроставых інфармацый у нас яшчэ няма, але паводле тае медыяактыўнасці мы бачым, што шэраг вайскоўцаў выступалі з публічнымі зваротамі да Прыгожына, і каб ён спыніўся, і што яны яго падтрымліваюць. Гэта паказвае тое, што няма еднасці нават у гэтым вайсковым асяроддзі. І гэта якраз тое, што грае нам на руку.

— Як гэтае рашэнне, і рашэнне прыняць Прыгожына з кампаніяй у Беларусі паўплывае на беларуска-ўкраінскую сітуацыю?

— На маю асабістую думку на дачыненні Украіны і нейкае стаўленне да рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі гэта ніякім чынам не паўплывае. На сёння. Магчыма, там будзе нейкае развіццё ўзаемаадносінаў Прыгожына з Лукашэнкам і нейкія будуць акцыі, скіраваныя супраць Украіны, тады, вядома ж, Украіна будзе неяк рэагаваць.

Што тычыцца актыўнасці беларускай дэмакратычнай апазіцыі, то мы бачым, што такія дзеянні Прыгожына актывізавалі некаторыя групы беларускай апазіцыі. Мы чулі заяву камандзіра Палка Каліноўскага, мы чулі заяву Сахашчыка, мы чулі заяву Ціханоўскай, якая склікала сітуацыйны (штаб) і, мяркую, што пэўныя надзеі на зрух сітуацыі і змяншэнне моцы рэжыму Лукашэнкі з’явілася ў дэмакратычных сіл. Але, наколькі яны здольныя гэтым скарыстацца і наколькі сапраўды Лукашэнка паслаб зараз казаць цяжка.

— Сакратар РНБА Аляксей Данілаў у сваім допісе ў Фэйсбуку не выключыў магчымасці ўдзелу Лукашэнкі ў мірных перамовах пасля перамогі Украіны. Усё ж, Украіна разглядае Лукашэнку як гульца вялікай палітыкі, які мае нейкія правы нешта заяўляць і вырашаць?

— Не ведаю. Я такую думку не падзяляю. Тым больш, што вынікі выбараў, калі Лукашэнка прысабечыў званне прэзідэнта Беларусі, Украінай не вызнаныя. Зараз у Вярхоўнай Радзе разглядаецца пастанова пра вызнанне Беларусі краінай-агрэсарам. Амбасадара Украіны ў Беларусі звольнілі з пасады і новага наўрад ці найбліжэйшым часам мы пабачым. Гэта паказвае тое, што ўзровень не тое, што дыпламатычных дачыненняў, але і ўзровень нават нефармальных узаемаадносінаў будзе зніжацца.

Comments are closed.