Loading

Год таму, 26 чэрвеня 2022 года, падчас выканання задання пад Лісічанскам ваяры палка Каліноўскага сутыкнуліся з танкавай калонай расіян. Падчас бою былі забіты камандзір батальёна «Волат» Іван «Брэст» Марчук і яго паплечнікі Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік і Вадзім «Папік» Шатроў.

А яшчэ двое добраахвотнікаў – Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяржук «Клешч» Дзёгцеў – былі ўзяты ў расійскі палон. Арганізацыя РУХ правяла акцыю ў падтрымку добраахвотнікаў. Муралы з выявамі палонных герояў з’явіліся ў Варшаве, Лодзі, Познані і ў Вільні. У літоўскай сталіцы мурал можна пабачыць на Жырмунайскім мосце – расказаў нам кіраўнік літоўскай філіі РУХу Яраслаў.

Фота: t.me/ruchbelnac

— Шмат хто з нашых прадстаўнікоў быў знаёмы з «Кляшчом» і з «Тромблі», таму для нас гэта асабістая справа. Асноўная мэта гэтай акцыі – нагадаць, што трэба не забываць пра нашых герояў. І важна, каб медыя звярнулі ўвагу, што людзі па-ранейшаму ў палоне, трэба іх вызваляць і трымаць у інфармацыйным парадку дня.

— А ці ёсць якія-небудзь навіны пра Яна і Сержука, пра якія можна казаць?

— Тут цяжка мне казаць, трэба звяртацца ўжо ў полк Каліноўскага. У нас фактычна няма ніякіх звестак. Мы абмяркоўвалі гэта падчас акцыі ў нядзелю. Самае балючае для пабрацімаў, што невядома, дзе яны, ці ёсць надзея іх вызваліць. Гэта ўсе таямніца.

Фота: t.me/ruchbelnac

У палку Каліноўскага радыё Ўнэт расказалі, што на сённяшні дзень імёны Яна Дзюрбейкі і Сяржука Дзёгцева знаходзяцца ва ўкраінскіх спісах на абмен. Але праблема ў тым, што расійскі бок іх у сваіх спісах не падае.

Віленская філія РУХу беларускіх нацыяналістаў узнікла зімой гэтага года. Асноўная задача – прасоўваць беларускія нацыянальныя каштоўнасці, адстойваць гістарычную справядлівасць, у прыватнасці змагацца з прарасійскімі наратывамі. Сябры арганізацыі пастаянна прымаюць удзел у акцыях беларусаў Літвы. Зараз яны рыхтуюць мерапрыемства, прысвечанае гадавіне бітвы пад Грунвальдам.

Comments are closed.