Loading

Беларускія спецслужбы апошнім часам актывізавалі дзейнасць па вярбоўцы сярод  сябраў беларускай дыяспары Польшчы, расказаў радыё Ўнэт прадстаўнік контрвыведкі “Паспалітага рушэння”, каментуючы інфармацыю аб затрыманні беларускі, якая шпіёніла на карысць КДБ. Прадстаўнік Рушэння нагадаў, што за супрацоўніцтва з беларускімі спецслужбамі ў Польшчы пагражуць сур’ёзныя тэрміны зняволення.

Сёння з’явілася інфармацыя, што ў канцы снежня 2023 года супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) затрымалі грамадзянку Беларусі па абвінавачванні ў шпіянажы на карысць КДБ. Паводле ABW, жанчына на працягу некалькіх месяцаў перадавала інфармацыю аб сябрах беларускай дыяспары і арганізацыях, што аб’ядноўваюць беларусаў Польшчы.  

У “Паспалітым Рушэнні” нам расказалі, што ў апошні час КДБ значна актывізаваўся ў Польшчы. Вярбоўка беларусаў ідзе па вайсковым і цывільным кірунках. Вайсковы – гэта ўкараненне агентаў у парамілітарныя арганізацыі такія, напрыклад, як “Паспалітае Рушэнне”.  Другі накірунак – цывільны. Гэта ўкараненне ў грамадскія аб’яднанні для таго, каб іх кантраляваць, у гэтым выпадку чалавек становіцца на чале арганізацыю, альбо збіраць інфармацыю аб прысутнасці тых ці іншых асоб у адпаведных  арганізацыях.

“Мы пастаянна фіксуем спробы ўваходу агентаў у “Паспалітае Рушэнне” і працуем з гэтым”,– расказаў прадстаўнік контрвыведкі арганізацыі. 

Што трэба рабіць тым беларусам з дыяспары, якія знаходзяцца ў Польшчы і  да якіх прыходзяць кадэбісты?

 Канешне, вярбоўка гэта індывідуальны працэс. Самая класічная яе схема гэта – па-першае, стаць вашым самым лепшым сябрам. Звярніце, калі ласка, увагу на тых людзей, якія ў самыя кароткія тэрміны стараюцца стаць вашымі добрымі сябрамі, якія, па нейкіх прычынах, ведаюць шмат інфармацыі пра вас. Другое: вас могуць вербаваць праз староннія арганізацыі. Напрыклад, вам могуць патэлефанаваць ці напісаць з ананімнага акаўнта, што з вамі звязваецца нібыта ABW ці СБУ (Служба бяспекі Украіны) і просяць выканаць пэўныя заданні. Калі ласка, калі гэта з вамі адбывалася хоць калі-небудзь, напішыце ў “Паспалітае Рушэнне” альбо “Кіберпартызанам”. Таму што з 99%-най верагоднасцю вас вербаваў КДБ ці ФСБ. Звяртайце, калі ласка, на гэта ўвагу.

Што трэба рабіць, каб нейкім чынам гэтаму супрацьстаяць? Які тут ёсць алгарытм дзеянняў?

Па-першае, можна звярнуцца ў “Паспалітае Рушэнне” (@vr_kr_bot гэта  чат-бот “Паспалітага Рушэння”) ва ўпраўленне ваеннай контрвыведкі. Падаць заяўку, патлумачыць сітуацыю, што вас спрабуюць вербаваць. З вамі абавязкова звяжацца афіцэр контрвыведкі і ўжо ў прыватным парадку будзе разглядаць ваш кейс. Другое: вы можаце звярнуцца ў чат-бот “Кіберпартызанаў”, таксама распавесці сваю гісторыю. Яны перанакіруюць вашу заяўку ва ўпраўленне контрвыведкі. І трэцяе, вы можаце звярнуцца ў ABW Рэспублікі Польшча, таксама распавесці, як, магчыма, адбывалася ваша вярбоўка. Але я б раіў спачатку звярнуцца альбо да “Кіберпартызан”, альбо да “Паспалітага Рушэння”, каб ваш кейс паглядзелі, бо, як вы разумееце, некаторыя думаюць, што іх вярбуюць, а там нічога няма. Калі мы пачнем загружаць ABW, то ад гэтага іх праца лепей не стане. Таму звяртайцеся да “Паспалітага Рушэння” альбо да “Кіберпартызан”. 

Хацелася б папрасіць беларусаў не саромецца і распавядаць, што адбывалася з імі, што яны заўважылі, бо толькі наша з вамі сумесная праца можа прывесці да нейкіх вынікаў па выкрыцці  агентаў КДБ сярод нас. Звяртайце ўвагу на падазроных асоб, звяртайце ўвагу, што людзі робяць, што людзі здымаюць, ці запісваюць яны размовы. Будзьце пільнымі!

 

 

Comments are closed.