Loading

Украінска-беларускае абмеркаванне з назваю «Пагрозы страты суверэнітэту Беларусі з боку РФ: міжнародны аспект» прайшло ў Кіеве. У імпрэзе ўзялі ўдзел беларускія і ўкраінскія палітыкі і дыпламаты. Асноўны ракурс, з якога спрабавалі паглядзець на пытанне ўдзельнікі – магчымасць супрацы беларускіх дэмакратычных сіл і ўкраінскай дзяржавы, каб не дапусціць паглынання Беларусі Расіяй.

Гэта была першая імпрэза з цыклу абмеркаванняў сітуацыі паміж Беларуссю і Украінай, якую арганізуе Рада знешняй палітыкі «Украінская прызма». Пра фармат праекту нам распавёў дырэктар Праграмы расійскіх і беларускіх студыяў Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Яраслаў Чарнагор:

«Гэта першая з пяці імпрэзаў гэтага цыклу. Ён прысвечаны таму, каб арганізаваць палітычны дыялог паміж дэмакратычнай Беларуссю і ўкраінскай уладай. У нас умоўная назва цыклу сустрэч «Інкубатар палітычнага дыялогу». Кожная імпрэза будзе ў розным фармаце, то бок, сёння круглы стол, наступная – магчыма, таксама будзе круглы стол, нейкая з імпрэзаў, магчыма, будзе закрытая. Ну і пятая, заключная, я мяркую, што мы будзем рабіць шырэйшыя рэкамендацыі ў некалькіх напрамках для ўкраінскай улады і для нашых партнёраў».

Сярод спікераў абмеркавання былі прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі па замежных справах Валер Кавалеўскі, дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны і сустаршыня міжфракцыйнага аб’яднання «За дэмакратычную Беларусь» у Вярхоўнай Радзе Вадым Галайчук, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім і прадстаўнік Каардынацыйнай Рады Валерый Мацкевіч. Удзельнікам прапанавалася абмеркаваць даследаванне, прадстаўленае аналітыкам Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Паўлом Радзем. Асноўныя пасылы – Расія зацікаўленая ў паглынанні Беларусі, каб палепшыць сваё дэмаграфічнае становішча, атрымаць дастаткова развітую прамысловасць і высокакваліфікаваныя кадры, адсунуць лінію судакранання з НАТА за кошт тэрыторыі Беларусі, а таксама атачыць Украіну і наблізіцца праз Сувалкаўскі калідор да далучэння Калінінградскай вобласці, і чыста прапагандысцкі наратыў пра збіранне земляў.

Удзельнікі абмеркавання спрабавалі акрэсліць асноўныя наратывы, якія варта ўлічваць і беларускім дэмакратычным сілам, і ўкраінскім дзяржаўным і недзяржаўным інстытуцыям, і міжнародным структурам. Пасля абмеркавання мы паразмаўлялі з некаторымі спікерамі.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Вадым Галайчук і падчас абмеркавання і ў сваім інтэрв’ю нам звярнуў увагу на тое, што Україна дагэтуль не можа вызначыцца з тым, кім жа з’яўляецца сучасная Беларусь:

«На сённяшні дзень у Вярхоўнай Радзе зарэгістраваныя дзве ініцыятвы – гэта праекты пастановаў Вярхоўнай Рады. Адна – пра вызнанне Беларусі акупаванай, іншая – пра вызнанне Беларусі агрэсарам, калі казаць вельмі агульнымі фразамі. І той, і той дакументы – гэта праекты палітычных заяваў, звароты да міжнародных арганізацый і ўрадаў іншых краінаў, дзе якраз і дэманструецца адсутнасць адзінства пазіцыяў на сённяшні дзень у Вярхоўнай Радзе Украіны, адносна таго, кім мы лічым Беларусь – ці краінай-агрэсаркай, ці краінай, якая таксама пацярпела ад расійскай агрэсіі ў выніку дзеянняў рэжыму. Як вядома, Украіна не вызнае легітымнасць Лукашэнкі.

Таму гэта пытанне палітычных дэбатаў на сённяшні дзень, якія якраз і адбываюцца. Вельмі добра, што такога роду імпрэзы ладзяцца, каб добра праінфармаваць украінскае грамадства, палітыкаў пра сапраўдныя абставіны, пра тое, якім чынам адбывалася фактычная акупацыя Беларусі, пра сутнасць дамоваў у межах «Саюзнай дзяржавы», пра тое, якія пагрозы для Украіны гэта нясе, і напрацоўка супольнай палітычнай пазіцыі. Украіна – дэмакратычная краіна. Ёсць магчымасць выказваць розныя пункты погляду і прастора для таго, каб той ці іншы пункт погляду мог перамагчы».

У Валера Кавалеўскага мы спыталі, ці сапраўды Лукашэнка зараз гатовы паступіцца сваёй неабмежаванай уладай на карысць аб’яднання з Расіяй:

«Ён ужо, насамрэч, вельмі шмат страціў гэтай улады, паўнамоцтваў. Ён не вырашае па цэлым шэрагу найважнейшых кірункаў. Тут можна ўзгадаць і знешнюю палітыку, і пытанні нацыянальнай абароны, нацыянальнай бяспекі, фінансы, эканоміка. У гэтых пытаннях яго магчымасці прымаць самастойныя рашэнні на сённяшні дзень вельмі моцна абмежаваныя.

І гэта не выпадковасць, гэта не тое, што прыляцела з неба. Гэта тая сітуацыя, у якую ён сам загнаў сябе, загнаў нашую краіну. Ён, так бы мовіць, заіграўся ў палітычныя гульні з Расіяй. Ён зрабіў гэтую здзелку з д’яблам у 20-м годзе, калі атрымаў падтрымку Расіі для таго, каб узмацніць рэпрэсіі. Але ў гэтай падтрымкі ёсць свая вельмі і вельмі высокая цана. І гэта – наш суверэнітэт, наша незалежнасць, наша нацыянальная ідэнтычнасць».

У гэтай сувязі спадар Валер Кавалеўскі ўспрымае імавернасць страты Беларуссю суверэнітэта вельмі сур’ёзна і бачыць яе дужа імклівыя і відавочныя праявы:

«Калі мы разаўем тую траекторыю, якую мы назіраем ужо некалькі гадоў у адносінах паміж Расіяй і рэжымам, то мы бачым, што гэта ідзе менавіта ў кірунку страты Беларуссю незалежнасці. Пашырэнне расійскай ваеннай прысутнасці, размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі – усё вядзе да таго, што Расія імкнецца павялічваць кантроль над нашай краінай.

Магчыма да нейкага моманту яны будуць гатовыя падтрымліваць такі фармальны суверэнітэт – нейкія атрыбуты незалежнай дзяржавы, то бок, сцяг, гімн, прадстаўніцтва ў міжнародных арганізацыях. Але, калі адкінуць гэтую вітрыну, то мы бачым, што ўсё больш і больш менавіта Расія вырашае, як мы жывем, з кім мы сябруем, якая наша знешняя палітыка.

У выніку нават дахозіць да таго, што яны вырашаюць, якія школьныя праграмы, якія будуць падручнікі ў нашых дзяцей, якой мовай яны карыстаюцца. Таму траекторыя ідзе не ў тым напрамку, які нам трэба. Гэта вельмі небяспечны для нас напрамак. Нам трэба гэта спыняць».

Спыталі мы ў Валера Кавалеўскага і пра тое, як перамога Украіны ў цяперашняй вайне паўплывае на сітуацыю ў Беларусі:

«Канешне, гэта паўплывае. Таму што гэта моцна аслабіць Расію. Пры любых сцэнарыях перамога Украіны будзе азначаць аслабленне Расіі – палітычнае, фінансавае, знешнепалітычнае. І ім трэба будзе праходзіць праз нейкія свае ўнутраныя выпрабаванні. Хто ведае, ці зможа застацца ва ўладзе сам Пуцін, ці гэты рэжым чакаюць нейкія змены? Але гэта будзе наш найбольш яскравы шанец скарыстацца гэтай сітуацыяй і пазбавіцца ад расійскай ваеннай прысутнасці.

Мы таксама гаворым пра тое, што мірная дамова паміж Украінай і Расіяй, якая будзе завяршаць гэтую вайну, абавязкова павінна ўлічваць і беларускія інтарэсы. Найперш, гэта вывад расійскіх ваенных з нашай тэрыторыі, вывад ядзернай зброі з нашай тэрыторыі. І гэта таксама дасць тую дынаміку, дасць той новы кантэкст, у якім мы зможам адстойваць нашы інтарэсы».

Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, якога Украіна мусіла адклікаць з Мінска пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком самаабвешчанай ДНР Пушыліным, таксама выказвае занепакоенасць узроўнем так званай інтэграцыі, які ў апошнія гады назіраецца паміж Беларуссю і Расіяй:

«Усё, што робіць зараз беларуская ўлада – гэта наўпроставы шлях да інтэграцыі з Расіяй. І трэба быць рэалістамі, каб разумець, што гэты працэс ідзе і ён зараз не спынены. Любая інтэграцыя прадугледжвае перадзел уладных паўнамоцтваў з таго ці іншага боку.

Гэта ў любым саюзе адбываецца, незалежна ці то ў Еўрапейкім саюзе, ці ў Савецкім, ці Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва. Пытанне вынікае – наколькі гэтая інтэграцыя будзе глыбокая, што трэба будзе паступіцца часткай суверэнітэту, ці не.

Калі паступіцца часткай суверэнітэту, то ў якой сферы. Тут вельмі шмат пытанняў. Тое, што я зараз бачу, ідзе адпрацоўка якраз пытання пераразмеркавання вось гэтых паўнамоцтваў уладных у межах Саюзнай дзяржавы.

Як яно будзе працаваць: створацца супольныя камітэты, створыцца парламент супольны, камітэт у мытных справах, супольная вайсковая дактрына – супольныя ўзброеныя сілы – гэта ўсё ідзе. І ў межах гэтай інтэграцыі можа быць любое пераразмеркаванне. Трэба глядзець, як яно будзе далей працаваць.

Зараз я бачу, што ідзе пэўнае зрошчванне дзяржаўных органаў Расіі і Беларусі. Да якой ступені гэта дойдзе – я не ведаю. Ці ёсць гэта пазбаўленнем паўнамоцтваў аднаго кіраўніка, ці іншага – тут час пакажа»

У той жа час, спадар амбасадар бачыць яскравыя адрозненні паміж беларусамі і расійцамі:

«Найперш – гэта непадтрымка вайны. То бок, беларускае грамадства не ёсць настолькі мабілізаваным на падтрымку вайны, як расійскае грамадства, зараз мы назіраем. І гэта, мне здаецца, галоўнае адрозненне беларускага грамадства цяперашняга ад расійскага, якое падтрымлівае на 85% палітыку Пуціна і вайну ва Украіне.

У Беларусі гэтая падтрымка не адчуваецца, я адкрыта скажу. Больш таго, калі ёсць нейкая падтрымка гэтых дзеянняў, то яна хутчэй скіраваная «давайце хутчэй спыняць», скажам так. Але, няма падтрымкі, але кепска тое, што няма публічнага асуджэння. І гэта кепска.

І менавіта ў тым і розніца ёсць, што непадтрымка беларусаў спрыяе таму, што, я так мяркую, яна ўплывае на афіцыйную грамадскасць, у тым ліку на органы дзяржаўнай улады цяперашняй, у тым ліку на вайскоўцаў, што вайна – гэта супярэчыць увогуле менталітэту беларусаў, як такіх».

Па выніках абмеркавання падчас імпрэзаў у Радзе знейшняй палітыкі «Украінская прызма» будуць распрацаваныя рэкамендацыі для ўсіх зацікаўленых структур, як ва ўкраінскай уладзе, так і ў беларускіх дэмсілах ды міжнародных арганізацыях.

Comments are closed.