Loading

У Кіеве напярэдадані адбылася канферэнцыя беларукіх дэмакратычных сіл «Шлях да волі». Асноўным арганізатарам яе выступіў полк імя Кастуся Каліноўскага. Таксама ў аргкамітэт і рабочую групу ўвайшлі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйная Рада і Нацыянальны вызвольны рух «Вольная Беларусь». Мерапрыемства сабрала каля 150 удзельнікаў ад розных беларускіх арганізацыяў, ініцыятываў, медыяў, а таксама дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, прадстаўнікоў украінскай і беларускай экспертных супольнасцяў, беларускіх ваяроў ва Украіне і валанцёраў.

Фота: прэс-служба Палка імя Кастуся Каліноўскага.

Адкрыццё канферэнцыі ў Кіеве адбылося ўрачыстым – пад гукі нацыянальнага гімна Пагоня вынеслі сцяг Палка імя Кастуся Каліноўскага. Пасля была хвіліна маўчання ў памяць па загінулых у расійска-ўкраінскай вайне беларускіх ваярах. Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская і старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнуліся да ўдзельнікаў з вітальнымі словамі. 

«Галоўнае ў цяперашняй сітуацыі не даць зрабіць Беларусь прадметам гандлю паміж іншымі краінамі», – адзначыла Івонка Сурвіла.

А абмеркаванні і падчас дыскусійных панэляў, і падчас вольных стасункаў у кулуарах часам набывалі досыць жарсны накал. Гэта паказвала, што дэмакратычны палітычны працэс, якога беларускі палітыкум раней не ведаў, набывае  звыклыя для любой палітычнай супольнасці рысы. Асноўнай ідэяй канферэнцыі стала  аб’яднанне розных палітычных структураў.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны, чалец міжфракцыйнай дэпутацкай групы «За дэмакратычную Беларусь» Багдан Ярэменка адзначыў, што група звярнулася ад імя шэрагу дэпутатаў да прадстаўнікоў розных галін улады Украіны з заклікам звярнуць сваю ўвагу на беларускія дэмакратычныя сілы і пачаць з імі дыялог. 

 «Група («За дэмакратычную Беларусь» – заўв. РЎ) адлюстравала сваё стаўленне ў заяве, дзе вітаецца і адзначаецца, найперш, той факт, што гэта ініцыятыва вайскоўцаў. Для нас вельмі важна, што мы бачым гэтую праяву гераізму і ахвярнасці беларусаў, якія ваююць сёння за незалежнасць нашай краіны – Украіны, у шэрагах Узброеных Сілаў Украіны. Таму любыя ініцыятывы такога роду для нас нават эмацыйна вельмі важныя. А палітычна – мы пра гэта размаўляем з прадстаўнікамі палка ўжо вельмі даўно, паколькі мы з імі добра знаёмыя і супрацоўнічаем больш за год. 

Мы кажам пра тое, што вельмі добрым сігналам для ўкраінцаў і для сусветнай супольнасці будзе аб’яднанне розных беларускіх арганізацыяй, у тым ліку і палка вакол вызвалення сваёй краіны. Таму мы вельмі ўзрадаваныя, што гэтая імпрэза адбываецца. То бок, гэта для нас такі момант эмацыйнай і палітычнай узнёсласці, паколькі ён дапаможа нам болей і лепей патлумачыць, што патрэба ў волі, у свабодзе, у Беларусі ёсць. І ёсць людзі, якія гатовыя за гэта ваяваць, змагацца. І мы павінны ім у гэтым дапамагчы. Таму для нас гэта таксама важны дзень, як і для беларусаў». 

Падчас першай панэльнай дыскусіі абмяркоўваліся той стан, у якім зараз знаходзяцца беларускія дэмакратычныя сілы і тыя захады, якія трэба зрабіць, каб вызваліць Беларусь. Гучалі розныя ацэнкі і прапановы. Намеснік камандзіра Палка імя Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук звярнуў увагу на тое, што беларускія дэмакратычныя сілы маюць зараз магчымасць сфармаваць сваё беларускае войска. Таксама ён выказаў такую тэзу, што беларусам патрэбна навуцца ва ўкраінцаў абараняць свій плацдарм свабоды.  

«Тут найперш тычыцца і сваёй асабістай свабоды, як вольнага чалавека. А. калі браць фізічна плацдарм свабоды, то гэта, безумоўна, адсыл да двух украінскіх Майданаў і таго, што яны рабілі падчас Рэвалюцыі Годнасці. І тое, як яны потым забіралі да сябе ўладу – проста фізічна ішлі, захоплівалі будынкі, акупавалі адміністрацыі. Бо гэта ўсё народнае, крыніца ўлады ёсць народ, народ забіраў сваё і гнаў гэтых карупцыянераў і запраданцаў гэць. І безумоўна, вельмі важна, што ўкраінца гатовыя былі гэта бараніць». 

Асноўным мэсэджам выступу прадстаўніка беларускіх дэмакратычных сілаў ва Украіне Генадзя Манько было лепей спазнаць, кім ёсць вораг дэмакратычных беларусаў, і стаць тым цвёрдым кулаком, які можа нанесці ўдары ў самыя адчувальныя кропкі ворага. Але ў зале не ўсе зразумелі гэты пасыл, пачалі гучаць галасы, што беларусы і так добра ведаюць, хто іхні вораг. У інтэрв’ю Радыё Ўнэт Генадзь Манько ўдакладніў, што ён меў на ўвазе: 

«На сёняшні дзень у нас такое абагуленае ўспрыняццё рэжыму. То бок, ніхто ніколі не паглыбляўся, пры тым, што мы маем усе інструменты ведаць, то бок, ёсць інфармацыі ў кіберпартызанаў, у Байпола, у Белпола – па структурах, па людзях, па прозвішчах, па адрасах. То бок, нам трэба скласці гэты вобраз цела нашага ворага. Мы павінны ацаніць усе сілы і сродкі. Каб разумець, з кім мы змагаемся, мы мусім ведаць усе іх моцныя і слабыя бакі. Гэта павінна тычыцца і тэхнічнага боку. І эканамічнага боку, і палітычнага боку праціўніка. Мы павінна разумець, як гэтая вертыкаль, якую выбудоўваў Лукашэнка, працуе, як перадаецца сігнал, якая рэакцыя адбываецца, як працуюць гэтыя структуры і падраздзяленні сілавікоў, колькі іх, якое прыняццё рашэнняў».  

Прадстаўнік нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь» Павел Усаў, які далучыўся да дыскусіі анлайн, сцвярджаў, што мы – прыхільнікі вольнай Беларусі, недаацэньваем ворага і пераацэньваем свае сілы. Таксама ў выступе спадара Усава гучалі прапановы перайсці ад заклікаў да аб’яднання да вырашэння пытанняў унутранага ўзаемадзеяння апазіцыйных сілаў. 

Другая дыскусійная панэль  была прысвечаная беларуска-ўкраінскім адносінам. У ёй праз анлайн-сувязь узяла ўдзел і Святлана Ціханоўская. Яна заклікала шукаць тое, што нас аб’ядноўвае, а не раз’ядноўвае. 

Спікер Каардынацыйнай Рады Андрэй Ягораў выказаў меркаванне, што ў выніку аб’яднання дэмакратычных сіл павінен паўстаць палітычны суб’ект, з якім будуць размаўляць Украіна ды іншыя краіны. Мы спыталі ў спадара Ягорава, ці можа такім суб’ектам стаць Каардынацыйная Рада, калі ў выбарах яе новага складу возьме ўдзел шырокае кола арганізацый і ініцыятыў. 

«Я думаю, што нават не сама Каардынацыйная Рада, а выбары ў Каардынацыйную раду, якія мы плануем на вясну наступнага года, могуць стаць першым крокам да новай суб’ектывізацыі палітычнага поля беларускіх дэмакратычных сіл. Спецыяльна я тут звярнуў увагу, што арганізацыйны камітэт па выбарах для тых суб’ектаў, якія жадаюць удзельнічаць у іх, адкрыты для ўсіх. І Полк Каліноўскага, калі ён мае такія амбіцыі, ён таксама можа ўвайсці ў гэты аргкамітэт разам з асноўнымі палітычнымі сіламі – Аб’яднаным пераходным кабінетам, Офісам Святланы Цііханоўскай і Каардынацыйнай Радай». 

Дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях канстытуцыйнай рэформы і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька адзначыў, што дэмакратычныя сілы і так ужо дастаткова аб’яднаныя – кожная гэтая сіла робіць свой кавалак працы, які лепш за яе ніхто не зробіць, і назваў пяць асноўных напрамкаў ад самой Ціханоўскай да кіберпартызанаў і вайскоўцаў ва Украіне. 

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны Багдан Ярэменка і Сэргій Собалеў паведамілі, што пытанне аб прызначэнні спецпрадстаўніка  Украіны па супрацы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі ўжо абгаворвалася з міністрам замежных справаў Украіны Дмытром Кулебам і знайшло падтрымку, зараз на гэтым будуць працаваць. Але і цяпер з украінскага боку з беларусамі гатовыя весці дыялог, але яго ўкраінцам будзе весці прасцей, калі беларуская апазіцыя будзе адзінай, калі будуць дакладна задэклараваныя на паперы пазіцыі аб імкненні вольнай Беларусі да ўваходжання ў НАТА і Еўрасаюз, а не проста заявы палітыкаў. 

Таксама на канферэнцыі прадставілі аўдыт фінансавай дзейнасці Палка імя Кастуся Каліноўскага. У трэццяй дыскусіі праз анлайн-сувязь узялі ўдзел кіраўнік нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Белаусь» Зянон Пазняк і палітолаг і гісторык Роза Турарбекава. Апошняя паведаміла, што зараз рыхтуецца шэраг даследаванняў, у тым ліку і пра беларуска-ўкраінскія дачыненні. Зянон Пазьняк у сваім выступе акрэсліў некаторыя праўкі да выніковых дакументаў канферэнцыі, якія, як аказалася, амаль два месяцы рыхтавала рабочая  група. Пасля перайшлі да падпісання гэтых самых дакументаў – Мемарандуму канферэнцыі і Адозвы да народаў свету. Але, высветлілася, што падпісваць іх ад імя арганізацыяў амаль няма каму – ні Анатоль Лябедзька ад Офісу Святланы Ціханоўскай, ні Генадзь Манько ад Аб’яднанага пераходнага кабінета, ні Андрэй Ягораў не атрымлівалі паўнамоцтваў ад сваіх арганізацыяў на падпісанне нейкіх дакументаў, таму ўсе яны падпісаі іх ад сябе, але паабяцалі, што афіцыйныя подпісы ад імя арганізацыяў, пасля галасаванняў і разглядаў дашлюць афіцыйнымі ж лістамі. Паводле прапановы Вадзіма Кабанчука вызначыліся, што на карэкціроўку і падпісанне Мемарандуму і Адозвы вылучаюць яшчэ два тыдні. 

Цалкам рэпартаж з канферэнцыі слухайце ў плэеры ніжэй:  

Comments are closed.