Loading

Праз паўгады пасля стварэння ў Беластоку клуба гістарычнай рэканструкцыі адбылася яго прэзентацыя. Прымеркавалі яе да пачатку Студзеньскага паўстання 1863-1864 гадоў, вядомага беларусам як “Паўстанне Каліноўскага”. У хабе “Новая зямля” ўдзельнікі клуба прадсталі са зброяй і ў адзенні паўстанцаў таго перыяду і заклікалі далучацца да сваіх шэрагаў.

Свой невялікі атрад беларусаў, апантаных рэканструкцыяй падзей 1860-х гадоў, прадставіў тэатральны дзеяч з Гродна Васіль Калач. Ён адразу адзначыў: першая нагода сустрэчы –  гэта ўшанаванне ўгодкаў паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, а другая – уласна прэзентацыя першага ў Беластоку беларускага клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863: 

“Шмат у каго, пэўна, узнікае пытанне: а што такое гістарычная рэканструкцыя? Гэта толькі строі, гэта толькі прыгожы выгляд ці штосьці яшчэ? Я скажу не, бо строі і прыгожы выгляд гэта толькі бачная частка. Увесь сэнс нашай гістарычнай рэканструкцыі не аднаўленне строяў, не спробы зрабіць прыгожую карцінку, а наша імкненне занырнуць у гэтую гісторыю з усёй галавой, вывучыць яе дасканальна не толькі па кніжках, але і на практыцы”.

Акунуцца ў атмасферу часоў паўстання немагчыма не толькі без строяў мужчын-паўстанцаў, але і строяў тых, хто быў за іх душой і сэрцам і ўсяляк дапамагаў. Журналістка і культурная дзяячка Кацярына Ваданосава прадстала перад публікай у чорнай сукенцы, як сімвале жалобы па забранай краіне.

 “Я пакуль прадстаўляю жаночае крыло гэтага клуба. Увогуе я ганаруся тым, што ў адрозненні ад шматлікіх іншых клубаў гістарычнай рэканструкыі, якія займаюцца рэканструкцыяй эпохі паўстання, у нас ёсць жанчыны. Гэта вельмі файна, не толькі таму што гэта лішняя магчымасць пацешыць сваё “эга”, але і з той нагоды, што ў паўстанні 1863-1864 гадоў жанчыны прымалі самы непасрэдны ўдзел. Былі жанчыны, якія выходзілі ў лясы і змагаліся нараўне з мужчынамі, трымалі збою ў руках. Тыя, хто не меў сіл, не меў магчымасці ваяваць са зброяй, абіралі іншы шлях барацьбы. Тое, што вы бачыце сёння на мне, гэты чорны жалобны строй, які азначае ўсеагульную жалобу па прыгнечаным краі”.


Прэзентуючы клуб, Васіль Калач заявіў, што натхняльнікам усіх дзеянняў у ім быў Сяргей Пантус. Нагадаем, што гэты актывіст апазіцыі з Бярозаўкі летась меў сур’ёзныя праблемы са здароўем, ляжаў у шпіталі, і быў абвешчаны збор грошай на яго рэабілітацыю. Зараз спадар Сяргей, па яго ўласных словах, адчувае сябе нармальна. Ён удзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах дыяспары і вулічных акцыях салідарнасці.

Год назад Васіль ладзіў майстар-клас па пашыве рагатывак, і там зарадзілася ідэя стварыць клуб, клуб рэканструкцыі паўстанцкага перыяду. Ну і я “загарэўся” і надта натхняў хлопцаў, можна сказаць так. Хлопцы паслухалі і клуб нарадзіўся”. 

Рэпартаж з прэзентацыі можна паслухаць у плэеры ніжэй

Comments are closed.