Loading

Беларусы прыйшлі да Генеральнага консульства РБ у Беластоку, каб выказаць сваю салідарнасць са зняволеннымі музыкамі гуртоў Tor band і Nizkiz, а таксама іншымі дзеячамі культуры, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі. Яны патрабавалі вызвалення ўсіх палітвязняў і казалі аб важнасці культуры ў жыцці народа.  

Да Генеральнага консульства беларусы выйшлі з бел-чырвона-белымі сцягамі і транспарантамі з выявамі, у прыватнасці, музыкантаў Tor band і Nizkiz. Як распавёў нашаму радыё арганізатар акцыі Ян Абадоўскі, яе мэта – падтрымка рэпрэсаваных рэжымам Лукашэнкі дзеячоў культуры. А іх, тут ён спаслаўся на Беларускую раду культуры, на канец снежня мінулага года было 148 чалавек. Вось як ён ацаніў нядаўняе затрыманне і суды над удзельнікамі гурта Nizkiz.

“Ацэнка такая, што рэжым Лукашэнкі баіцца ўсяго, баіцца нават людзей, якія спяваюць песні пратэстаў, песні свабоды, таму іх арыштоўваць. Хацелася сказаць, што мы лічым, што гэта было апошняе затрыманне, але насамрэч 2024 год зараз ідзе, і мы бачым, што штодзённа затрымліваюцца дзясяткі беларусаў за свае погляды. І, на жаль, рэжым Лукашэнкі на гэтым не спынецца. Далей будуць арышты, далей будуць затрыманні. Таму спадзяемся, што гурты, якія засталіся, паедуць сюды, да Еўропы, дзе могуць ездзіць з канцэртамі спяваць, чым будуць сядзець за кратамі”.

Цяжка адназначна казаць, ці правільна зрабілі музыкі, якія ўвесь час заставаліся ў Беларусі пасля таго, як сваёй творчасцю актыўна падтрымалі пратэсты 2020 года, кажа ўдзельнік акцыі Дзмітрый:

“ Я ні на тым, ні на тым баку, бо не ведаю ўсіх абставінаў, чаму яны там знаходзіліся. Ведаеце, я сам у 2021 годзе знаходзіўся ў Віцебску амаль у падполлі. У мяне было восем адміністратывак, але я не з’язджаў, бо ведаў, што я магу яшчэ нешта зрабіць. З’ехаў толькі калі ГУБАЗіК ужо дзверы выламаў у маёй кватэры. Таму, калі хлопцы з нейкіх абставінаў знаходзіліся ў Беларусі і нешта рабілі, то добра”.

“Дзеячоў культуры ў Беларусі рэпрэсуюць не за дзеянні, а за тое, што яны пішуць, спяваюць, граюць дзеля таго, каб паказаць нам, беларусам, што мы ёсць, што мы ведаем сваю культуру”,– заявіла, выступаючы на мітынгу культуролаг Рэгіна Лавор.

“Тое, што рэпрэсуюць музыкаў, мастакоў павінна даць нам сігнал, каб мы яшчэ больш цікавіліся сваёй гісторыяй і культурай, змянялі сваё інфармацыйнае поле, пакідалі інфармацыйнае поле “рускага міру”, у якім многія з нас існавалі”,– адзначыла ў сваю чаргу актывістка дыяспары Кацярына Дзерман.

Выступоўцы на мітынгу ўзгадалі таксама палітвязняў, якія былі да смерці замучаны ў лукашэнкаўскіх засценках. Напрыканцы акцыі з вершам Кастуся Севярынца, бацькі палітзняволенага палітыка Паўла Севярынца, да прысутных звярнулася актывістка дыяспары Вольга Казановіч.

“Улада шчэрыцца, як звер?

Не бойся. Не прасі. Не вер.

Стой мужна. Рады не дасі?

Не вер. Не бойся. Не прасі.

Ты – беларус. Не супакойся!

Не вер. І не прасі. Не бойся!”

Рэпартаж з акцыі можна слухаць у плэеры ніжэй

Comments are closed.