Што пачытаць, куды схадзіць, дзе адпачыць і да каго прыслухацца: у нашым аўдыягайдзе мы шукаем для вас пяцёрку cамага-самага. Гэтым разам слухаем Топ-5 знакавых для беларусаў песень.
1. Пагоня
Верш Максіма Багдановіча, музыка Мікалая Шчаглова-Куліковіча
«Не разбіць, не спыніць, не стрымаць»: у 1916 годзе Максім Багдановіч напісаў верш, якому было наканавана стаць нашым патрыятычным гімнам. Многія кампазітары прапаноўвалі свае варыянты музыкі да «Пагоні», але кананічнай стала ўрачыстая версія для харавога выканання беларускага кампазітара-эмігранта Мікалая Шчаглова-Куліковіча.
2. Мур хутка рухне
Пераклад з польскай Андрэя Хадановіча, музыка Льюіса Льяка
«Мур хутка рухне»: у 2020-ым гэтыя радкі ўздымалі беларускія плошчы і гарады. У 1968 годзе на хвалі змагання з дыктатурай Франка песню «L’Estaca» напісаў каталонскі бард Льюіс Льяк. Праз дзесяць гадоў польскую версію твора зрабіў Яцэк Качмарскі: «Муры» сталі сапраўдным хітом «Салідарнасці». Ну а за пераклад на беларускую кажам дзякуй Андрэю Хадановічу.
3. Купалінка
Паэтычная апрацоўка тэкста Міхася Чарота, музыка Уладзіміра Тэраўскага
У 1921 годзе паэт Міхась Чарот напісаў для Беларускага драматычнага тэатра музычную п’есу «На Купалле». У твор ён дадаў шмат народных песень ва ўласнай апрацоўцы, у тым ліку і «Купалінку». Аўтарам музыкі да п’есы стаў кампазітар Уладзімір Тэраўскі.
І Міхась Чарот, і Уладзімір Тэраўскі былі забіты ў часы сталінскіх рэпрэсій. П’есу, натуральна, знялі з рэпертуару тэатра, і імёны аўтараў знакамітай «Купалінкі» яшчэ доўга замоўчваліся савецкай уладай.
4. Магутны Божа
Верш Наталлі Арсеневай, музыка Міколы Равенскага
У 1943 годзе беларуская паэтка Наталля Арсенева напісала верш «Малітва», а ў 1947-ым кампазітар Мікола Равенскі стварыў музыку да твора, які ў тыя часы стаў надзвычай папулярным у асяроддзі пасляваеннай беларускай эміграцыі. Рэлігійныя службы ў беларускіх цэрквах Штатаў, Канады, Аўстраліі ці Англіі сталі завяршацца спевам «Магутны Божа». Дарэчы, у 1993 годзе спецыяльная камісія Вярхоўнага Савета прапанавала зрабіць гэта твор дзяржаўным гімнам Беларусі. Ну а ў 2020 годзе духоўны спеў загучаў з новай сілай і стаў адным з найбольш папулярных твораў да выканання – і не толькі ў касцёлах.
5. Мы выйдзем шчыльнымі радамі (Ваяцкі марш)
Верш Макара Краўцова, музыка Уладзіміра Тэраўскага
У якасці Гімна Беларускай Народнай Рэспублікі «Ваяцкі марш» прынялі ў 1920 годзе. Адметнасцю гэтай песні сярод іншых беларускіх гімнаў стала апяванне беларускага нацыянальнага сцяга: «Штандар наш бел-чырвона-белы пакрыў сабой народны рух». Аўтар словаў Макар Краўцоў і аўтар музыкі Уладзімір Тэраўскі загінуць у савецкай турме ў канцы 1930-х, а ў 1990-я гэтая песня трапіць у лік прэтэндэнтаў на статус гімна незалежнай Беларусі.
Аўдыёверсію падкаста „Топ-5” слухайце ў плэеры ніжэй.
Comments are closed.