Loading

Вырак па справе Nexta: Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік атрымалі завочна 20 і 19 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна. Раман Пратасевіч, які адзіны з фігурантаў справы знаходзіцца ў Мінску, – 8 гадоў калоніі.

Працэс у «справе Nexta» пачаўся 16 лютага ў Мінскім абласным судзе. Аўтараў тэлеграм-канала Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзілі завочна, маладыя людзі зараз знаходзяцца ў Польшчы. Былы рэдактар тэлеграм-канала «Nexta» Раман Пратасевіч быў у судовай залі, каб яго затрымаць беларускія ўлады ў траўні 2021 года прымусова пасадзілі ў Мінску самалет Ryanair, якім з Афін у Вільню ляцелі Раман Пратасевіч і на той момант яго дзяўчына Соф’я Сапега. Стваральнікам Nexta інкрымінавалі арганізацыю масавых беспарадкаў, распальванне варожасці, стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, змову з мэтай захопу ўлады, публічную абразу Лукашэнкі.

Амаль два гады Пратасевіч знаходзіўся ў Беларусі пад хатнім арыштам, ён актыўна супрацоўнічаў са следствам, за гэты час ажаніўся, але не з Соф’яй Сапегай, з якой быў затрыманы ў самалеце. Соф’ю судзілі асобна, яна атрымала 6 гадоў калоніі і зараз чакае экстрадыцыі ў Расію.

У залі суда Пратасевіча пад варту не ўзялі, а ў калонію  ён накіруецца пасля таго, як прысуд уступіць у сілу. Хутчэй за ўсе Рамана чакае яшчэ адзін суд: яго дадаткова абвінавачваюць у кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем, здзейсненым паўторна, быццам бы ён быў яшчэ адміністратарам тэлеграм-канала «Беларусь галаўнога мозгу».

Блогер, былы аўтар Тэлеграм-канала Nexta Ян Рудзік:

«З логікі дзяржавы: нам далі 20 і 19, а яму ўдвая менш за тое, што ён ва ўсім прызнаўся. Яму гуманнымі метадамі скасцілі гэты тэрмін. Але, можа , ён увогуле ў калонію не паедзе, памілаванне на імя Лукашэнкі напіша і яго могуць адпусціць. Я не ведаю, што яны там прыдумаюць.

Асуджаць яго маральнае права маюць сваякі тых людзей, якіх праз яго затрымалі.

З моманту, калі яго пасадзілі, падкрэслівалі пастаянна, што яго ўсе злілі. А ён такі шчыры, эмацыйны, нават інфантыльны, таму я думаю, што ён у гэта паверыў. Але я не бачу, каб яго хтосьці зліваў».

Стваральнік суполкі «Мая краіна – Беларусь» Сяргей Бяспалаў:

«Праблема не ў тым, што ён гаварыў, а ў тым, што ён здаў шмат людзей. Інфармацыя, якую ён меў на лаптопе, і тое, што ён казаў, па маіх даных чалавек 20 з-за яго зараз знаходзяцца за кратамі. Ён свой лёс спрабаваў абмяняць на лёс іншых. Дзіўна было верыць Лукашэнку, нават, калі той абяцаў: вось, Раман, мы цябе адпусцім, калі ты ўсіх здасі, будзеш з намі супрацоўнічаць, хадзіць на гэтыя перадачы і хваліць Васкрасенскага. Па выніку мы бачым, што сістэма яго проста выкарыстала».

Падрабязней слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.