Loading

Пісьменніца Святлана Курс прэзентавала ў Беластоку  кнігу “Па што ідзеш, воўча?” У 2021 годзе твор  стаў лаўрэатам прэміі Гедройца.  Жанр кнігі, як указваецца ў анатацыі – балотная казка. Казка пра жанчыну, якая, папрацаваўшы на Захадзе, без асаблівага жадання вяртаецца на пахаванне сваёй бабкі ў забытую Богам беларускую глушэчу.

фота: радыё Ўнэт

“Гэта для аматараў магічнага рэалізму. Магчыма для тых, хто любіць усё чароўнае, але не такое чароўнае, якое б адцягвала ад жыцця, а такое чароўнае, якое б да жыцця набліжала. Кніжка кшталту Маркеса, як мне кажуць, але, натуральна, не такога ўзроўню як Маркес. Маркес, толькі відам “пониже и пожиже”, скажам так. І канешне, гэта кніжка пра сапраўдную існасць Беларусі. Не пра тое, што нам стараюцца ўнушыць, там няма палітыкі. А пра тое, чым на самой справе з’яўляецца Беларусь: гэта школа жыць пад ціскам, менавіта жыць, а не выжываць. І гэта пра нашых бабуль, канешне, мацярок, дачок. Гэта жаночы погляд на гісторыю. 

Мы не выжываем, мы жывем. Здавалася б, што столькі пакут і ледзь выграбаеш, але на самой справе мы ж умудраемся рабіць усё. Умудраемся дыхаць не паветрам, плаваючы ў нейкім ці то парафіне, ці то ў яшчэ нечым, рабіць праекты, дамы. Колькі мы дамоў пабудавалі! Кватэр пабудавалі! Мы з’ехалі на голую зямлю ў 30-40-50 гадоў і тут працягваем будаваць. З аднаго боку, гэта нібыта выжыванне, з іншага– гэта вялікая, магутная сіла жыць. Мы ствараем новыя сем’і, родзім новых дзяцей, прыязджаем і робім нешта для той краіны, у якую прыехалі, і не забываем рабіць для беларускасці. Мы проста тытаны ў нейкім сэнсе. Безумоўна, гэта не выжыванне. Выжыванне, гэта ў сталінскім лагеры, гэта пад сасной, гэта калі -15 і ў цябе маленькія дзеці. Вось гэта выжыванне. А тое, што мы робім, гэта жыццё, нягледзячы на ціск.

Мы тут жывем, ствараем. А што ў Беларусі? Калі здарыцца, што мы туды вернемся, ці зможам там жыць з-за таго, што там усё беларускае, дэмакратычнае вынішчаецца?

Чаму не? Мы не страцілі сувязі. Канешне, усё вынішчаецца, але ці можна гэта ўвогуле вынішчыць? Гэта можна вынішчыць толькі разам з галовамі. Вось калі б яны пачалі ўсіх растрэльваць, то тады маглі б… Мы памятаем, што быў 1937 год і было вынішчэнне ўвогуле ўсёй эліты за некалькі начэй і засталіся пакорлівыя, здавалася б, сяляне, рабочыя непісьменныя. І што? Тыя, хто быў у лагерах, не дажылі, нехта быў растраляны. Але іншыя неслі недзе там у глыбіні гэты жар. Мы бачым, што традыцыя не перарвалася.

Апошні метад, якім яны хочуць скарыстацца, гэта запрасіць у Беларусь жыць расійцаў і ўкраінцаў дэўкраінізаваных. Гэта небяспека. І мы паглядзім, як мы сабе з гэтай небяспекай будзем радзіць. Я не аптымістка, але я веру ў свой народ”.

Comments are closed.