Loading

Лідарка дэмакратычнай Беларусі на гэтай сустрэчы прысутнічала нядоўга, бо праграма яе візіту ў Польшчу распісана па гадзінах, і наступным пунктам у   графіку значылася сустрэча з прэзідэнтам Польшчы Анджэям Дудам.  Святлана Ціханоўская выступіла з кароткай прамовай, падзякавала прысутным беларусам і падзялілася сваім патрыятычным лайфхакам: кожны дзень ёй надае сіл і матывацыі песня «Муры». 

Пасля гэтага сустрэчу з беларусамі працягнулі чальцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка, Валерый Кавалеўскі, Аліна Коўшык і Аляксандр Азараў. Пытанні ім задаць мог кожны прысутны, але перад гэтым кожны з міністраў расказаў пра сваю ролю і працу ў Кабінеце. 

Аляксандр Азараў падрабязна спыніўся на ініцыятыве стварэння беларускіх харугваў у Польшчы. Падобныя фарміраванні ўжо ёсць у Гданьску і Беластоку, на чарзе — Варшава.  

«Мы навучаем тых, хто вернецца ў Беларусь у той момант, калі яны там будуць патрэбны, для ўдзелу ў плане «Перамога» і ў спецыяльных аперацыях, якія намі запланаваны. Заклікаю беларусаў Варшавы ўступаць у Варшаўскую харугву. Зараз вядзем падрыхтоўчую работу. Хто хоча запісацца ў харугву, пішыце да нас у ByPol.»

Аліна Коўшык, адказная ў Кабінеце за культурнае адраджэнне, у сваёй прамове вялікую ўвагу надала моўнаму пытанню. Яна адзначыла, што беларускай мовы стала значна больш у камунікацыі на высокім узроўні,  заклікала і простых беларусаў усімі магчымымі спосабамі пераходзіць на родную мову.

«Я бы вельмі хацела на першым этапе стварыць умоўны «Дэкалог беларуса» — тое, што дапаможа нам вызначыцца самім, што мы ёсць беларусамі. Я перакананая, што дзяржаўнай мовай у Беларусі павінна быць беларуская, і гэта здарыцца раней, чым праз 20 гадоў.»

Прадстаўнік Кабінета па міжнародных адносінах Валерый Кавалеўскі пракаментаваў нашаму радыё пытанне адносін з Украінай. Тым больш, што яно было на парадку дня першага пасяджэння аб’яданага ўрада, якое прайшло ў аўторак у Варшаве. 

«Стасункі з Украінай для нас былі важнымі яшчэ і да вайны: былі пэўныя кантакты і досыць канструктыўныя. Пасля вайны яны актывізаваліся. Мы ўжо наладзілі кантакты з Вярхоўнай Радай, шэрагам міністэрстваў, з Офісам Прэзідэнта ў нас таксама ёсць дыялог. Будзем спадзявацца, што прыйдзе той момант, калі Святлана Ціханоўская сустрэнецца з Уладзімірам Зяленскім, і гэта стане важным крокам для будучых адносін Вольнай Беларусі і Вольнай Украіны.»

Людзей, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу, цікавілі работа кабінета, план «Перамога», пытанне, што рабіць, калі Лукашэнка пазбавіць усіх, хто выехаў беларускага грамадзянства.

«Уражанні ў мяне вельмі файныя. Прэзідэнт — яна бомба. Шмат людзей прыйшло сёння. Не ўсё згублена, я вам скажу».

«Я ўдзячна за ўсё, што яны робяць. У прыватнасці, за магчымасць атрымаць гуманітарны від на жыхарства тут у Польшчы, таму што для маёй сям’і гэта важна».

«Мне было цікава даведацца пра харугвы: Сахашчык стварае нейкія харугвы, а да гэтага ByPol ствараў нейкія структуры, мне было не да канца зразумела, як яны будуць узаемадзейнічаць. Я пачуў адказ на сваё пытанне».  

Comments are closed.