Loading

У нядзелю ў Варшаве прайшла сустрэча з былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Андрэем Саннікавым. Падчас сустрэчы, Саннікаў закрануў тэму ядзернай зброі, распавёў аб сваім бачанні палітычнай барацьбы і адказаў на пытанні прысутных.

У кантэксце апошніх падзей у Беларусі, адной з асноўных тэмаў стаў аповед Андрэя Саннікава аб працэсе адзернага раззбраення Беларусі ў 90-ых гадах мінулага стагоддзя. Па словах спадара Андрэя, ужо ў той момант адчуваўся недавер паміж маладымі рэспублікамі і пераемніцай Савецкага Саюза Расіяй.

«Як мы ні прасілі Маскву: «дайце нам тэкст дакумента, мы ж павінны ведаць, што на нашай тэрыторыі адбывалася», – не давалі. І першы тэкст далі амерыканцы. Я з ангельскага тэксту даведаўся, дзе ў нас была размешчаная гэтая ядзерная зброя міжкантынентальня, «Таполі» тады былі, дзе склады, сховішчы ўсякія… Дарэчы, вось тое, што зараз узгадваецца, дзе будзе размешчана тактычная ядзерная зброя, то база «Коласава», гэта сапраўды было сховішча ядзерных боегаловак».

Як адзначыў Андрэй Саннікаў, Беларусь у той момант стварыла цалкам унікальны прэцэдэнт у гісторыі міжнародных адносінаў і зрабіла велічэзны ўнёсак у міжнародную бяспеку, калі ўпершыню краіна па ўласным жаданні адмовілася ад адзернай зброі. Але, казаць пры гэтым, што ў адказ Беларусь нічога не атрымала – не выпадае.

«Мы, у адрозненне ад украінцаў, не мелі вялікіх праблем з гэтай ядзернай зброяй, таму што яна была мабільная. Гэта былі «Таполі». Усе 81 боегалоўка і 72 ракеты былі на шасі вытворчасці нашага Мінскага завода колавых цягачоў. Сродкі невялікія патрабаваліся, каб гэтыя ракеты суправадзіць, таму што асноўныя выдаткі павінна была несці Расія, каб іх вывезці. Цягачы сваім ходам, а ракеты на цягніках. І таму я пачаў такія размовы з амерыканцамі: «Мы гатовыя быць першымі. Мы гатовыя быць першай краінай у свеце, якая адмовіцца ад ядзернай зброі. І давайце неяк заахвоцім нас, бо тое, што вы прапануеце, 10-15 мільёнаў, гэта несур’ёзна. І мы дайшлі амаль да 110 мільёнаў. Яны сапраўды нам выдалі на розныя праграмы 110 мільёнаў, потым было далей і далей, і яны яшчэ выдавалі сродкі».

Падсумоўваючы перыяд ад рэферэндуму 96-га года і да пратэстаў 2020 года, Андрэй Саннікаў адзначае, што, на вялікі жаль, менавіта заходнія краіны дапамаглі Лукашэнку, як ён сам кажа, «перагарнуць старонку» пасля жорсткага падаўлення пратэсту 2010 года. Такім чынам, па словах спадара Андрэя, Лукашэнка змог лепш падрыхтавацца да пратэстаў ужо 2020 года.

«Старонку пасля выбараў 2010 года перагарнуў Захад. У адрозненне ад 2020 года, дарэчы ў станоўчы бок, яны пачалі ўводзіць санкцыі амаль адразу. Там праз два месяцы ўжо былі санкцыі. Тады яшчэ не было практыкі эканамічных санкцый супраць Лукашэнкі, але вось персанальныя, так званыя «кропкавыя», яны былі ўведзены. А потым, калі мы вызваліліся, а Статкевіч яшчэ сядзеў, яны пачалі здымаць санкцыі. Яны прыпынілі іх у 2015 годзе, а ў 2016 годзе яны іх знялі. То бок яны далі Лукашэнку магчымасць добра падрыхтавацца да забойства беларусаў. Таму што калі яны знялі санкцыі, то і грошы пайшлі да яго, і гандаль пайшоў, і пайшлі прыязджаць усе, каму там не лянота была. У тым ліку і амерыканцы, і Пампео, і Болтан і гэтак далей. І пайшла тая самая гульня, што Лукашэнка ён такі самастойны, што ён можа і Пуціну супрацьстаяць і трэба яго падтрымаць».

Тым не менш, на думку Андрэя Саннікава, тое, што беларусы зрабілі ў 2020 годзе паставіла кропку ў пытаннях, ці існуе беларуская нацыя і ці падтрымліваюць беларусы ўладу Лукашэнкі, які, як лічыць спадар Андрэй, зараз вельмі напужаны. Таму і спрабуе літаральна ўсё, што яму не падабаецца, закрыць у турмах.

«Я лічу, што 2020 год – гэта самая яскравая старонка ў нашай сучаснай гісторыі. Таму што пасля гэтага казаць пра падтрымку Лукашэнкі ў Беларусі ну проста не выпадае. Мы паказалі, што існуе нацыя, паказалі, што існуе народ, паказалі, што існуюць грамадзяне Беларусі, сапраўдныя грамадзяне паказалі, што існуюць нашыя сімвалы. Як ты зараз не змагайся з імі, гэта ўжо навечна. Тое, што бел-чырвона-белы сцяг будзе афіцыйным сцягам Беларусі ну проста ніякіх сумневаў няма. Паказалі, што людзі гатовыя рызыкаваць, і паказалі, што ўлада ў Беларусі ўтрымліваецца толькі праз гвалт… Аднак у гэтай сітуацыі існуе і другі бок. Тое, што ён зараз патрабуе арыштаў кожны дзень і тое, што яны адбываюцца – гэта страх. Ён настолькі напалоханы, што яму патрэбнае пацверджанне, што ён кантралюе сітуацыю, што ён можа ўсё загнаць у турмы, з усімі там разабрацца».

Рэпартаж з сустрэчы слухайце ў плэеры ніжэй.

Comments are closed.