Loading

У Ерэване 23 лістапада прайшоў саміт Рады калектыўнай бяспекі АДКБ. Ніякіх асабліва цікавых рашэнняў ад яго не чакалася. Інтрыгай было само тое, што Арменія, якая, будучы краінай-чальцом блоку, ды яшчэ і старшынёй у ім, зазнала цягам года ваенную агрэсію з боку краіны, якая не ўваходзіць у блок – Азербайджану, і звярнулася да АДКБ па дапамогу, але гэтую дапамогу не атрымала. Замест гэтага туды была накіраваная камісія, якая мусіла нешта вывучыць. У выніку ў сітуацыю ўмешваліся ЗША, а ў Ерэван прылятала амерыканская спікерка парламента Нэнсі Пэлосі. Чаму і як Арменія ўсё ж прыняла на сваёй тэрыторыі кіраўнікоў ваеннага блоку, які кінуў яе ў самы патрэбны момант, якім быў вынік нарады, як рэагавалі армяне на візіт да іх расійскага і беларускага дыктатараў, распавёў армянскі палітолаг, каардынатар даследаванняў Армянскага Інстытуту міжнародных адносінаў і бяспекі Рубэн Меграбян.

Гэты саміт павінен быў адбыцца, таму што Арменія не прымала аніякіх юрыдычных рашэнняў наконт змены таго стану рэчаў, у якім знаходзяцца нашыя адносіны ў рамках АДКБ. Больш таго, Арменія – краіна, якая старшынствуе ў гэтай арганізацыі. І на заканчэнне свайго старшынства ў арганізацыі мусілі быць падведзеныя вынікі, што адбылося, у каго што атрымалася лепш, у каго горш. То бок, тут такі бюракратычны элемент таксама меў месца быць.

Больш таго, у Арменіі былі свае разлікі. Цягам паўтара года АДКБ тлумачыла, што не ўмешвалася ў Карабахскі канфлікт таму, што гэта знаходзіцца па-за міжнароднавызнанай тэрыторыяй Рэспублікі Арменія, але вось, калі будзе напад на саму тэрыторыю Арменіі, то тады аўтаматычна ўсе пытанні будуць вырашацца ў рамках АДКБ, у рамках абвязацельстваў альянса перад любой краінай – чальцом гэтай арганізацыі і Арменіі ў тым ліку.

Аднак, 12 траўня адбылося ўварванне азербайджанскіх войскаў на міжнароднавызнаную тэрыторыю Рэспублікі Арменія. Калі Арменія запусціла працэдуру, згодна са Статутам АДКБ, адтуль нам адказалі, што гэта яшчэ невядома – ці адбылося ўварванне ці не, бо паміж вамі не праведзеныя работы ў дэлімітацыі і дэмаркацыі. Вось, калі вы звернецеся да АДКБ і непасрэдна да Расіі, каб гэтая работа была выканана, мы там паглядзім і вырашым, што ёсць што.

Сітуацыя пагоршылася праз год – 13-14 верасня, калі Азербайджан пачаў уварванне на тэрыторыю Арменіі ўжо з сямі накірункаў. І, калі ў траўні мінулага года ахвяраў не было, проста там была незанятая тэрыторыя, азербайджанцы проста ўварваліся і занялі гэтыя тэрыторыі, прычым, у такім высокагор’і, то гэтым разам у Арменіі ахвяраў было амаль у два разы больш, чым за «саракачатырохдзённую вайну» 2016 года. І гэтае ўварванне было спынена з дапамогай двух чыннікаў. Першы – гэта, вядома ж, армянскі жаўнер, які бараніў свае межы. І другі – гэта тэлефанаванне ва ўльтыматыўнай форме з Вашынгтона.

І што рабіла АДКБ? АДКБ нічога абсалютна, ад слова «зусім», не зрабіла. Размова ішла толькі пра тое, што зноў-такі гэта яшчэ не факт, што было ўварванне, работы па дэлімітацыі і дэмаркацыі не праведзены, мы не можам сказаць на гэты конт нічога, мы яшчэ прышлем камісію, якая вывучыць, што там у рэальнасці адбылося. Тады як у некалькіх краінах Захаду пра гэта ўжо наўпрост казалі, што гэта агрэсія, азербайджанскія войскі павінны выйсці з тэрыторыі Арменіі. Дарэчы, ужо афіцыйныя прадстаўнікі кажуць, што азербайджанскімі войскамі занята прыкладна 150 квадратных кіламетраў сувярэннай армянскай тэрыторыі. І Аліеў таксама, калі не памыляюся, 8 лістапада, выступаючы перад вайскоўцамі, апрануўшыся ў камуфляж, казаў пра тое, што так, яны занялі пануючыя вышыні.

І натуральна, на гэтым саміце мусіла адбыцца, мякка кажучы, удакладненне пазіцыяў. І ўдакладненне характарыстыкі падзеяў, якія былі да таго. Але, мяркуючы з паведамленняў у прэсе, кансэнсус не дасягнуты, і прэм’ер-міністр Арменіі адмовіўся падпісаць тую заяву, якая нагадвае не заяву, а адпіску ваеннага альянсу ў тым выглядзе, у якім яны падрыхтавалі. Падрыхтаваў апарат гэтага «ката Леапольда ўсяе АДКБ» Зася.

Цяпер адносна грамадства. Грамадства ўсё гэта сустрэла, вядома ж, з пачуццём найглыбейшай агіды. Тым больш, на тле таго, што 23 лістапада Еўрапейскі парламент пераважнай большасцю галасоў вызнаў Расію краінай – спонсарам тэрарызму. То бок, атрымліваецца так, што фармальна Арменія, аддаючыся інэрцыі гэтага стану рэчаў, на роўным месцы робіцца хаўруснікам краіны-спонсара тэрарызму на чале з чэкістам-тэрарыстам.

І трэба разумець, што, як мы бачым, у дачыненні АДКБ, у гэтых людзей няма жадання ці магчымасці выконваць тыя абавязацельствы, якія прапісаныя ў нашай дамоўна-прававой базе. Гэта першы чыннік. А другі яшчэ горш. Калі мы нічога не змяняем, гэта робіцца галоўнай перашкодай на шляху да таго, каб мы перазапусцілі нашыя стасункі з партнёрамі, з якімі ў нас зафіксаваны агульныя мэты, інтарэсы і каштоўнасці. Як мы бачым, усе гэтыя тры элементы – гэта не пра АДКБ. І не пра Расію.

Вось гэты мітынг меў на мэце звярнуць увагу ўрада, што трэба змяняць стан рэчаў. Так, Арменія ўжо развіталася са сваім старшынством. Тэрмін мінуў. І зараз трэба проста падвяргаць стратэгічнаму перагляду ўвесь гэты комплекс стасункаў з Расіяй. Зразумела, што гэта шматэтапны працэс. Прычым, у гэтым працэсе першым этапам мусіць быць выхад з АДКБ. Логіка падказвае, што гэта павінна адбыцца. Прынамсі, акалічнасці, пералічаныя мной, і само жыццё проста прымусяць прыйсці да такога рашэння.

Трэба разумець, што гэта будзе прыводзіць, скажам так, да супрацьдзеяння з боку Расіі. Да гэтага таксама варта быць гатовым. Сказаць, што мы зараз гатовыя? Часткова гатовыя, часткова не. Таму можа спатрэбіцца пэўны перыяд часу каб гэтыя ўсе пытанні вырашыць, але рашэнне мусіць быць прынятае.

Мы проста не можам заставацца ў арганізацыі. Таму што ёсць яшчэ адно немалаважнае пытанне. Расія больш не ў стане і не будзе ў стане пастаўляць нам узбраенне. А нам патрэбна ўзбраенне, таму што Арменія зараз праводзіць рэформу войска, мадэрнізацыю войска. Арменіі патрэбна новае ўзбраенне. І відавочна не расійскае. Мы бачым ужо на прыкладзе ўкраінскай вайны, што гэтае ўзбраенне проста нікому не патрэбнае, гэта металалом. Адпаведна, у нас мусяць быць іншыя партнёры. А для таго, каб гэтыя партнёры ў нас былі, патрэбны выхад з АДКБ. Таму што саюзніка Расіі ўзбройваць зараз, на дзявятым месяцы ўварвання Расіі ва Украіну, ніхто проста не будзе ўжо чыста з маральных меркаванняў, тым больш, калі гэта дэмакратычная краіна.

На нашым мітынгу было каля 20 прамоўцаў, прычым з вельмі жорсткімі характарыстыкамі на адрас удзельнікаў [саміту АДКБ] і тых рэжымаў, якія гэтыя ўдзельнікі прадстаўляюць. Ну і выступ Пашыняна, як я бачу, быў поўны незадаволенасці. Ну і, урэшце, інфармацыя пра тое, што Пашынян адмовіўся падпісваць вось гэтую заяву, якую падсунулі Зась і кампанія, зразумела з падачы каго.

І яшчэ. Вядома, што Лукашэнка не застаўся на абед, ну ці вячэру. Праігнараваў і пайшоў да свайго старога сябра Царукяна – былога алігаха. Зараз ён не алігарх, таму што зараз ён на палітыку не ўплывае, бо яму не даюць уплываць на палітыку.

Comments are closed.