Loading

Вільня рыхтуецца да саміту НАТА, які пройдзе тут 11-12 ліпеня. Сёння ў літоўскую сталіцу пачнуць прыбываць замежныя дэлегацыі і высокапастаўленыя ўдзельнікі сустрэчы. Ключавой тэмай саміту заяўлена Украіна: праўда прымаць яе ў ваенны альянс пакуль не збіраюцца, абмяркуюць дапамогу і гарантыі бяспекі. Беларускае пытанне таксама будзе гучаць: Лукашэнка напярэдадні сустрэчы НАТА зрабіў усе магчымае, каб стаць пагрозай нумар адзін для суседзяў. Прэзідэнты Польшчы, Літвы і Латвіі нават выступілі са зваротам да генсека Альянсу наконт няўрымслівага саюзніка Расіі, які пагражае то ядзернай зброяй, то «вагнераўцамі».

Крыніца: obzor.lt

У Вільню прыедуць лідары 31 краіны НАТА. Два дні яны будуць праводзіць спатканні і перамовы, ключавой тэмай якіх стане Украіна. Напярэдадні саміту Генсек Альянсу заявіў, што НАТА выступіць з адзінай пазіцыяй па сяброўстве Украіны ў ваенным блоку. Па словах Енса Столтенберга, «многія саюзнікі маюць розныя пазіцыі і погляды, але сябры блока знойдуць фармулёўку наконт перспектыў уступлення Украіны ў арганізацыю». Столтэнберг ужо выключыў уступленне Украіны ў стане канфлікту ў НАТА. Ён заявіў, што гэта разумеюць і краіны-сябры, і сам Кіеў. Падобную заяву 7 ліпеня зрабіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн. Па словах амерыканскага лідэра, уступленне Украіны ў НАТА з’яўляецца заўчасным.

Чакаецца, што НАТА ў Вільні прапануе Кіеву доўгатэрміновую падтрымку, накіраваную на паглыбленне сувязяў без неадкладнага прадастаўлення сяброўства, улічваючы, што гарантыі бяспекі па артыкуле 5 блока могуць уцягнуць саюзнікаў у вайну Расіі супраць Украіны.

Віленскі пакет павысіць афіцыйны статус адносін НАТА з Украінай шляхам стварэння новай Рады «Украіна-НАТА», якая дазволіць Кіеву прымаць непасрэдны ўдзел у дыскусіях аб бяспецы Альянсу і праводзіць кансультацыі з саюзнікамі наконт праблем у сферы бяспекі.

Наколькі гэтыя прапановы задаволяць украінскі бок, стане вядома ўжо ў панядзелак. Бо зноў прагучала, што візіт Зяленскага ў Вільню пад пытаннем. Хоць яшчэ некалькі дзён таму гэты факт не ставіўся пад сумнеў.

А што Беларусь? Беларуская тэма на саміце ў Вільні, безумоўна, будзе гучаць і не раз. Бо рэжым Лукашэнкі за апошнія месяцы пераўтварыўся ў сапраўдную пагрозу ў рэгіёне. Размяшчэнне ядзернай зброі, абяцанні ўдарыць па цэнтрам прыняцця рашэнняў на Захадзе, у рэшце рэшт, згода на размяшчэнне тысяч узброеных вагнераўцаў – зусім не прыносяць спакою ў першую чаргу нашым суседзям, якія напярэдадні саміту выступілі з калектыўным лістом да НАТА. Прэзідэнты Літвы, Польшчы і Латвіі адзначылі, што размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ўяўляе прамую пагрозу бяспецы грамадства іх краін. Яны падкрэслілі: народу Беларусі патрэбны выразны сігнал НАТА, што бачанне дэмакратычнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, якая не залежыць ад волі Расіі і ўнутранай барацьбы ў Крамлі, важна для Альянсу.

Абʼяднаны Пераходны Кабінет Беларусі вітаў сумесны зварот прэзідэнтаў да Генеральнага сакратара НАТА. «Лідары трох краін дакладна абазначылі перад усім Альянсам ключавыя праблемы, якія мы ўздымаем на сустрэчах з заходнімі партнёрамі: супрацоўніцтва рэжыма Лукашэнкі і Расіі, якое пагаршае бяспеку ўсяго рэгіёна і стварае пагрозу незалежнасці Беларусі, саўдзел і адказнасць рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны, размяшчэнне расійская ядзернай зброі ў Беларусі, перамяшчэнне Прыгожына і групы «Вагнер» у Беларусь», – так пракаментаваў зварот прэзідэнтаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка. Па яго словах, гэтую заяву можна разглядаць як крок па выпрацоўцы агульнай стратэгіі дэмакратычных сіл і Захада па Беларусі.

Літва і Польшча на фоне інфармацыі пра вагнераўцаў у Беларусі павысілі ўзровень бяспекі на мяжы. «Праз некалькі дзён пасля бунту Прыгожына міністр замежных спраў Літвы заявіў, што калі інфармацыя пра вагнераўцаў у Беларусі пацвердзіцца, то гэта будзе новым выклікам для Літвы, менавіта ў кантэксце расійскай прысутнасці ў Беларусі. Цалкам верагодна, што «вагнераўцы» могуць быць выкарыстаны для нейкіх правакацый на мяжы», – кажа асацыіраваны аналітык Eastern Europe Studies Centre у Літве Антон Ахрэмаў.

Абмеркавання беларускай тэмы на Саміце НАТА будзе праходзіць з удзелам лідаркі дэмакратычнай Беларусі Святланы Ціханоўскай. Запланаваны шэраг двухбаковых сустрэч і ўдзел у сесіях саміту. Ужо ў панядзелак Святлана Ціханоўская сустрэнецца з дэлегацыяй сенатараў ЗША. У аўторак – прыме ўдзел у Грамадскім форуме НАТА і ў сустрэчы жанчын-лідараў Альянсу на высокім узроўні, а ў сераду – у дыскусіі па разгортванні ядзернай зброі ў Беларусі.

Comments are closed.