Loading

У Варшаве праходзіць міжнародны форум «Belarus Business Harbour 2022». Сёлета на тэмы асноўных дакладаў паўплывала вайна ва Украіне: беларускі бізнес вымушаны быў рэлакавацца не толькі з Беларусі па палітычных прычынах, а яшчэ і з Украіны – па прычыне небяспекі ваеннай.

Па словах Прэзідэнта Асацыяцыі беларускіх бізнесаў за мяжой Яўгена Бурага, вайна зблытала карты і самой Асацыяцыі.

«Свой папярэдні форум мы праводзілі ў Вільні, гэта было 22-23 лютага, намі там была прадстаўлена стратэгія развіцця Асацыяцыі. Але ў адзін момант, на наступны дзень, усе нашы планы рухнулі, і нам прыйшлося цалкам перагледзіць усю нашу стратэгію развіцця. Зараз мы вымушаны рабіць ухіл зусім на іншыя рэчы».

Яўген Буры. Фота: Радыё Ўнэт.

Падчас бізнес-форума Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) і Асацыяцыя ўкраінскага бізнесу ў Польшчы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Галоўная мэта пагаднення – аб’яднаць намаганні арганізацый у абароне правоў і супольных інтарэсаў беларускіх і ўкраінскіх прадпрымальнікаў, а таксама грамадзян Украіны і Беларусі на тэрыторыі Польшчы. Прэзідэнт асацыяцыі ўкраінскага бізнесу ў Польшчы Яраслаў Раманчук кажа, што ўкраінскія бізнесмены з большага разумеюць, што сёння адбываецца ў Беларусі.

«Не магу казаць за ўвесь бізнес, але сябры нашай арганізацыі могуць падзяляць беларускі рэжым і бізнес, які пацярпеў ад гэтага рэжыму. Але ўсё роўна ва ўспрыманні ў нас ёсць яшчэ такі фактар, што беларуская дзяржава надае як мінімум сваю тэрыторыю для атак па Украіне. Але мы разумеем, што беларускі бізнес, які вымушаны быў уцякаць ад палітычнага пераследу ў Беларусі і зараз знаходзіцца за мяжой, патрабуе падтрымкі. І мы такую падтрымку гатовы аказаць, але пры адной умове: такі бізнес не павінен падрымліваць і працаваць з беларускім рэжымам».

Яраслаў Раманчук. Фота: Радыё Ўнэт.

Нягледзячы на ​​вайну і яе наступствы, з найбольшымі праблемамі беларускія бізнесмены сутыкаюцца ўсё яшчэ ў самой Польшчы. Гэта праблемы легалізацыі і лакалізацыі ўжо існуючага бізнесу, фінансавыя цяжкасці для тых, хто спрабуе перанесці бізнес-мадэль з Беларусі ў Польшчу. Некаторыя бізнесмены скардзяцца, што банкі ім могуць даць вельмі абмежаваныя сумы крэдыту, чаго звычайна не хапае для старту. Некаторым даводзіцца нават выязджаць у Злучаныя Штаты для пошуку інвестараў. Прадстаўнік ІТ-галіны Андрэй, расказаў аб некаторых праблемах, з якімі яго фірме прыйшлося сутыкнуцца.

«24 лютага пачалася дадатковая праверка бяспекі для ўсіх, хто мае беларускія карані. І ўвогуле тут банкі вельмі цяжка адкрываюць рахункі кампаніям, чыім канчатковым бенефіцыярам не з’яўляецца фізічная асоба. Я падазраю, што гэта ў цэлым практыка Еўрапейскага саюза. Быў такі момант, калі ў нас людзі ўжо працавалі, мы павінны былі ім ужо выплочваць заробкі, а банкаўскага рахунку яшчэ не было. У той жа час мы спрабавалі рэлакаваць сюды супрацоўнікаў, закрыць усе бізнес-аперацыі ў Беларусі, таму што гэта было патрабаванне нашых заказчыкаў. Вялікая праблема тут з дакументамі, з атрыманнямі відаў на жыхарства. Хацелася б, каб гэтыя праблемы вырашаліся хутчэй. І не было дыскрымінацыі па пашпарце».

Другі дзень на бізнес-форум прысвечаны інструментам падрымкі для беларускіх прадпрымальнікаў з боку Польшы. Сачыць за падзеямі і дакладамі можна тут.

 

Comments are closed.