Loading

 ФСБ Расіі апублікавала вынікі сумеснага з расійскім Следчым камітэтам «расследавання» выбуху, які 8 кастрычніка адбыўся на мосце, што злучае ўкраінскі паўвостраў Крым з расійскім Краснадарскім краем.

Паводле інфармацыі, якую апрылюдніла расійскае агенцтва РИА Новости, «высветлена, што арганізатарам тэракту на Крымскім мосце з’яўлялася Галоўнае ўпраўленне разведкі Мінабароны Украіны, яго кіраўнік Кірыла Буданаў, супрацоўнікі і агентура».

Выбуховае прыстасаванне нібыта было закамуфляванае ў рулоны з будаўнічай поліэтыленавай плёнкай і спачатку выпраўлена з марскога порту Адэсы ў балгарскі Русе, адтуль зноў жа морам у Грузію, потым у Арменію, адтуль зноў у Грузію, і пасля гэтага грузавік з выбухоўкай заехаў у Расію.

ФСБ Расіі паведамляе, што ў межах крымінальнай справы затрымалі пецярых грамадзян Расіі, а таксама трох грамадзян Украіны і Арменіі, якія нібыта ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы выбуху на Крымскім мосце.

Раней у Расіі сцвярджалі, што выбух арганізавала Служба бяспекі Украіны.

Comments are closed.