Loading

Уладзіслаў Жывіца – дэпутат Смаленскай абласной думы Расійскай Федэрацыі, які прыкладна паўтары месяцы таму выехаў у Польшчу, выступіў у нядзелю ў Беларускім Доме ў Варшаве, дзе абвясціў аб стварэнні Смаленскага Рэспубліканскага цэнтра.

Прадстаўлены Уладзіславам Жывіцам праект, фактычна, з’яўляецца не столькі заяўкай на незалежнасць ад Расіі ў кароткатэрміновай перспектыве, колькі пачаткам доўгага працэсу аднаўлення нацыянальнай самасвядомасці жыхароў Смаленшчыны, а таксама праектам дапамогі ім за мяжой у атрыманні віз і ўсіх відаў абароны. Гэта не першы такі праект: пасля пачатку расійскага поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну падобныя сепаратысцкія рухі былі прадстаўлены ў шэрагу рэгіёнаў Расіі, адбылося таксама ўжо прайшло некалькі Форумаў свабодных народаў. Аднак гэты праект адрознівае яго арыентаванасць на Беларусь і беларускую культуру. З боку беларускіх дэмакратычных сіл падтрымку расійскаму дэпутату аказаў прадстаўнік Каардынацыйнай рады Беларусі Ян Рудзік. Сам Уладзіслаў Жывіца падкрэслівае, што гэта не яго прыватная ініцыятыва, ён толькі ўпаўнаважаны прадстаўляць цэлую ўжо сфарміраваную супольнасць, якая, дарэчы, існавала і да яго прыходу.

«Я прыхільнік канцэпцыі «Міжморʼя», ідэі мне аказаліся блізкія, якія дэклараваліся «Смаленскай зямлёй», «Смаленскай Рэспублікай», вось гэтай супольнасцю. Пакольку я дзейны дэпутат і ў нас падобныя блізкія ідэі, мяне запрасілі прадстаўляць інтарэсы на міжнародных платформах. Мы адкрыты да ўзаемадзеяння з усімі арганізацыямі, з усімі палітычнымі партыямі».

Падчас сустрэчы з дэпутатам вялікая частка пытанняў датычылася магчымых будучых стасункаў Смаленшчыны з Беларуссю. Як адзначалі і Уладзіслаў Жывіца і Ян Рудзік, зараз не ідзе гаворкі аб якіх-небудзь праектах аб’яднання Беларусі і Смаленшчыны ў будучыні, але ў сваёй стратэгіі Смаленскі Рэспубліканскі цэнтр будзе арыентаваны менавіта на беларускія дэмакратычныя сілы. Як тлумачыць спадар Уладзіслаў, менавіта беларусы і беларуская культура з’яўляюцца блізкімі для насельніцтва Смаленскай вобласці.

«Беларусь – гэта нашая саюзная дзяржава. «Паслялукашэнкаўская» Беларусь. Беларусы нам блізкія, як я і казаў, гэта адзіная этнакультурная прастора. Бліжэй смаляніну беларус, чым масквіч. Нават геаграфічна бліжэй даехаць у Беларусь, чым ехаць у Маскву».

Уладзіслаў Жывіца і Ян Рудзік

Пры гэтым, як адзначыў спадар Уладзіслаў, пакуль гэтымі ідэямі зацікавіліся толькі нацыяналістычна арыентаваныя беларускія дэмакратычныя ініцыятывы. Больш ліберальна накіраваныя ініцыятывы цікавасці не выказалі, але, Смаленскі Рэспубліканскі цэнтр гатовы наладжваць сувязі з усімі жадаючымі дэмакратычнымі сіламі.

«Цяпер мы кантактуем з Рухам. З ліберальнымі беларускімі арганізацыямі кантакту ў нас няма. З Каардынацыйнай Радай мы супрацоўнічаем праз Яна Рудзіка. Вось у той жа час, нашы ідэі блізкія беларусам радыкальным, радыкальна настроеным. Ліберальна настроеным гэта нецікава, То бок, усе арганізацыі, якія маюць выразную радыкальную пазіцыю, якія гатовыя да дзеяння – гэта ўсё нашы саюзнікі».

Падчас сустрэчы прагучалі і планы на бліжэйшую будучыню, а менавіта, далучэнне смалян да абароны Украіны ў шэрагах менавіта беларускіх добраахвотніцкіх падраздзяленняў. Як адзначыў Ян Рудзік, ідуць перамовы аб магчымым стварэнні смаленскага ўзвода пры палку імя Кастуся Каліноўскага.

Comments are closed.