У Каардынацыйнай Радзе прапанаваныя сем розных канцэпцыяў правядзення выбараў: ад мажарытарнай сістэмы праз галасаванне за канкрэтных асобаў да галасавання за спісы ад пэўных палітычных сіл. Пра прапанаваную ім канцэпцыю правядзення выбараў распавядае кіраўнік фракцыі «Адзінства па-над межамі» і прадстаўнік беларускай дыяспары ў грузінскай Аджарыі Раман Кісляк.
– Тая канцэпцыя, якую я прапанаваў, зазнала ўжо змены. Гэта ўжо не толькі мая канцэпцыя, а канцэпцыя фракцыі «Адзінства па-над межамі». Гэта фракцыя прадстаўнікоў розных беларускіх дыяспар. Наша прапанова палягала ў тым, каб забяспечыць уваход у Каардынацыйную Раду не толькі палітычным прадстаўнікам, але і тым, каму гэты ўваход у выпадку выбараў паводле прапарцыйнай сістэмы, паводле палітычных спісаў, быў бы складаным. Гэта прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікі дыяспар.
Таму мы прапанавалі палову складу Каардынацыйнай Рады сфармаваць паводле партыйных спісаў, чвэрць сфармаваць з прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і чвэрць з прадстаўнікоў дыяспар. Каб тыя беларусы, якія з’ехалі, маглі б галасаваць у межах дыяспар. Таксама яшчэ адна катэгорыя – гэта дэлегаты ў зняволенні. У нас ёсць восем дэлегатаў, якія знаходзяцца ў Беларусі ў зняволенні. За імі таксама рэзервуюцца месцы, у выпадку іх вызвалення будзе магчымасць аднавіцца і працаваць у Каардынацыйнай Радзе.
Мы прапануем змяшаную сістэму, таму што палітыкі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і прадстаўнікі дыяспар знаходзяцца адпачатку ў няроўнай сітуацыі. Аб’ектыўна зараз неабходны яшчэ адін пераходны перыяд, прыкладна год, калі б мы дазволілі і грамадзянскай супольнасці вылучыць (кандыдатаў) і ўдзельнічаць у працы Каардынацыйнай Рады, і прадстаўнікам дыяспараў. Але, калі іх паставць на ўмовы выбараў нібыта нароўні з палітыкамі, вядома ж, яны прайграюць палітыкам, бо яшчэ і структуры не набралі вагі, і людзі не набралі такой вядомасці. Фактычна грамадскія дзеячы і тыя, хто прыйшоў ад дыяспараў, яны нібыта робяцца новымі палітыкамі.
Насамрэч, зараз у нас ідзе абмеркаванне пра тое, што будзе прыняты кампрамісны варыянт. І ён грунтуецца якраз на тым, што будуць выбары паводле прапарцыйнай сістэмы і з некаторымі дэталямі, якія яшчэ абмяркоўваюцца. Вось, у прыватнасці, у канцэпцыі Юрася Губарэвіча ён настойвае на тым, што не мусіць быць ніякіх квотаў, ніякага дэлегавання. Я згодны, што дэлегавання не мусіць быць. Мусяць быць выбары. А датычна квотаў, мы лічым, што мусяць быць квоты.
Напрыклад, для жанчын, як у парламенце Грузіі – у кожнай тройцы мусіць быць як мінімум адна жанчына. Няроўнасць паміж мужчынамі і жанчынамі стварае такія ўмовы, што жанчыны не ідуць, не абіраюцца. І ўдзел жанчын у палітыцы неабходна падтрымліваць. Тут у мяне з Юрасём Губарэвічам розныя падыходы. Ён прадстаўляе бачанне палітычных партыяў. А большасць з іх, на жаль, складаюцца з мужчын. І гэтыя варункі трэба змяняць. У свеце распрацаваная сістэма квотаў. Прынамсі, да таго часу, пакуль жанчыны паўнавартасна не стануць палітычнымі актарамі, палітыкамі, калі гендарная роўнасць будзе натуральным чынам забяспечвацца.
Але зноў жа – зараз ідуць кансультацыі ў бок такой канцэпцыі кампрамісу з пэўнымі ўмовамі. Мы зараз абмяркоўваем, якія ёсць «чырвоныя лініі». І магчыма, усё ж, што мы выйдзем на агульную канцэпцыю. Альбо колькасць гэтых прапановаў канцэпцыяў зменшыцца да двух, да трох і будзе спаборніцтва паміж імі. Яны ўжо значна набліжаныя.
Цалкам размову з Раманам Кісляком слухайце ў плэеры ніжэй:
Comments are closed.