Loading

Як адаптавацца ў эміграцыі, як інтэгравацца ў новую супольнасць і пры гэтым не згубіць сваю беларускую ідэнтычнасць? Такія пытанні паўстаюць, напэўна, перад кожным новым прадстаўніком дыяспары. Хтосьці за мінулыя гады ўжо перажыў свой складаны псіхалагічны час, а для кагосьці ўсё яшчэ наперадзе.  Пра адаптацыю на чужыне і “сіндром мігранта” пагаварылі з псіхолагам.  

Гэта даволі частая з’ява, і паколькі зараз большая частка людзей прыязджае вымушана, у іх няма дастатковай мажлівасці падрыхтавацца загадзя, часам нават няма мажлівасці выбіраць, куды ехаць, то людзі, канешне ж, сутыкаюцца з моцным стрэсам, які ў літаратуры апісаны як “сіндром эмігранта”. 

Ён мае пяць стадый, пяць фаз. Кожная з іх характарызуецца пэўным эмацыйным станам. І, калі людзі пра гэта не ведаюць, то ім вельмі складана. Калі яны пачынаюць пра гэта штосьці ўжо разумець, то пачынаюць карэляваць са сваім станам. 

Як праяўляецца гэты сіндром?

У кожнага чалавека ён праяўляецца індывідуальна, але так агульна выдзяляюць пяць стадый. Першая стадыя гэта эйфарыя, калі ў чалавека ўсе яго перашкоды засталіся ў мінулым. Ён пачынае адчуваць такую эйфарыю, што ўсё атрымалася, ён у бяспецы, усё добра, наперадзе нейкае жыццё. Але ў прынцыпе яшчэ не задумваецца. У яго проста ёсць магчымасць выдыхнуць з палёгкай. Гэта такі эйфарычны стан.

Другая стадыя “турыстычная”. У чалавека захоўваецца яшчэ сувязь са сваёй радзімай, ён яшчэ ментальна, эмацыйна  прывязаны да сваёй радзімы і ўспаміны яшчэ вельмі жывыя, і ўспаміны вельмі прыемныя, цёплыя. І ёсць успаміны пра ад’езд. І на гэтай стадыі чалавек вельмі актыўна даследуе асяродзе, культуру, мову, архітэктуру. Яму ўсё цікава, але з большага ён адчувае сябе так, быццам бы ён турыст. Няма такога адчування, усведамлення, што ён тут можа надоўга, што яму можа прыйдзецца звязваць сваё жыццё з гэтай краінай. 

Наступная стадыя – арыентацыйная. Гэта акурат такая стадыя, калі чалавек ужо пачынае разумець, адчуваць, усведамляць, што ён тут не турыст, што яму трэба арыентавацца ў вельмі многіх і розных пытаннях. Ён сутыкаецца з першымі праблемамі, і гэтыя праблемы выклікаюць у яго адчуванне горычы, можа паніжацца самаацэнка. Паколькі досведу яшчэ мала, то чалавек можа яшчэ не вельмі добра з гэтым усім даваць рады. У яго яшчэ можа не быць нейкіх сувязяў патрэбных, нейкай інфармацыі. У гэты момант чалавек вельмі ўразлівы эмацыйна, псіхічна. Ён знаходзіцца ў такім стане, што ў яго ўжо не такія ўспаміны і не такая сувязь з радзімай, а з новай краінай яшчэ нічога не пабудавана.

Напэўна, гэта такі самы небяспечны этап?

Гэта небяспечны этап і на гэтым этапе ў людзей узнікае жаданне вярнуцца назад. Але калі чалавек вяртаецца, то ён сутыкаецца з такім рэверсійным шокам. Ён вярнуўся, таму што ў яго былі добрыя ўспаміны, ён асацыяваўся з нейкімі прыемнымі, добрымі пачуццямі, а вяртаецца і адчувае культурны шок. Бо сустракае яго, можа зусім не тая краіна, якую ён чакаў. Гэтая стадыя, сапраўды, вельмі складаная, Але наступная стадыя не больш лёгкая, а можа быць яшчэ больш складанай і яшчэ больш працяглай. Гэта дыпрэсіўная стадыя. 

Гэта калі чалавек вычарпаны эмацыйна і фізічна. На гэтай стадыі могуць прыходзіць розныя цяжкія і складаныя думку. Чалавек можа хварэць. Гэты стан цяжкі псіхічна можа праяўляцца і ў хваробах цела. Можа пачаць балець спіна, могуць пачацца мігрэні, могуць балець ногі, могуць балець нейкія ўнутраныя органы, ну і, канешне, могуць быць таксама нейкія псіхічныя растройствы – дэпрэсіўныя, трывожныя і г.д. 

На гэтай стадыі чалавеку прыходзіцца змагацца са шматлікімі складанасцямі, з рознымі выклікамі, але яшчэ і з недахопам сіл. Яму бракуе сіл, яму вельмі цяжка, таму яна і называецца дыпрэсіўная. Пры гэтым у чалавека можа не быць дэпрэсіі. Дэпрэсіўная фаза — не роўна дэпрэсія. Бывае, што чалавек, сапраўды, скатваецца ў дэпрэсію. Але бывае, што чалавек проста адчувае такі спад эмацыйны, яму цяжка, яму хочацца спаць, цяжка выконваць свае штодзённыя абавязкі. Але гэтая стадыя сканчваецца, і наступная стадыя дзейная, актыўная стадыя. Чалавек з большага адаптаваўся, яго псіхіка адаптавалася, ён прыняў гэтую сітуацыю, і сілы паступова пачынаюць вяртацца. 

Важна яшчэ дадаць, што на дэпрэсіўнай стадыі ў чалавека ёсць імкненне ізалявацца, ён не хоча сутыкацца з чужой культурай, не хоча сутыкацца з мовай. Некаторыя людзі мне казалі, што становіцца вельмі цяжка пагружацца ў польскасць. Такая вельмі натуральная з’ява, вельмі натуральная псіхічная абарона гэта ізаляцыя. Чалавек хаваецца ў гэту ізаляцыю, таму што ў яго проста не хапае сіл.

 А наступная стадыя дзейная – гэта такая фаза, на якой ужо атрымліваецца гэта пераадоліць, сілы паступова вяртаюцца. Паступова вяртаецца інтарэс. І вельмі важна, каб на гэтай стадыі чалавек выкарыстоўваў гэтыя сілы і для інтэграцыі і выкарыстоўваў гэтыя сілы, каб падтрымліваць стасункі са сваёй супольнасцю, са сваёй культурай. Бо ў нейкі момант ён добра адаптуецца ўжо на новым месцы, выбудуе такую сваю эмігранцкую ідэнтычнасць, інтэгруецца ў мясцовую супольнасць, сацыялізуецца, але ў нейкі момант можа пачаць адчуваць зноў такую незадаволенасць па прычыне таго, што ён новыя сувязі пабудаваў, а старыя занядбаў. Таму вельмі важна падтрымліваць і старыя сувязі, каб падтрымліваць сваю беларускую ідэнтычнасць, грамадзянскую ідэнтычнасць, падтрымліваць усё тое, што для яго было важна раней, да пераезду.

Колькі па часе можа цягнуцца гэты “сіндром эмігранта”?

Напэўна, у большасці выпадкаў гэта год. За год чалавек у прынцыпе перажывае гэтую траўму эмігранта. Але можа быць і так, што дэпрэсіўная фаза можа зацягнуцца ад некалькіх месяцаў да некалькіх гадоў. Таму вельмі важна сачыць за гэтым, вельмі важна звяртацца да спецыялістаў, калі становіцца складана. І падтрымліваць сувязі, калі прыходзіць жаданне, імкненне ізалявацца, але ўсё роўна трэба браць над сабой  кантроль і разумець, што “так, мне вельмі хочацца зараз ізалявацца, нікуды не ісці, але ўсё ж такі я мушу падтрымліваць сувязі”. Дзесьці праз “не магу”, праз “не хачу”, але падтрымліваць сувязі, бо гэта выцягвае чалавека з цяжкага стану”.

Размову з псіхолагам слухайце ў плэеры ніжэй

Comments are closed.