Беларуская прастора «Робім Разам» запрашае адсвяткаваць Новы Год у коле беларусаў. Святочныя мерапрыемствы 31 снежня пачнуцца а 21:00 гадзіне па адрасе pl.Konstytucji 6 і працягнуцца да трэцяй гадзіны ночы. У вас будзе магчымасць адсвяткаваць спачатку «беларускі» Новы Год, а потым сустрэць яго і па польскім часе.
Арганізатары абяцаюць танцы і спевы – народныя і сучасныя. Таксама запланаваная гульня «Сьвяточны Мікалай», для ўдзелу ў якой пажадана падрыхтаваць нейкі невялічкі падарунак, які дастанецца незнаёмаму чалавеку. Прыходзіць можна са сваёй ежай і напоямі, альбо «заданаціць» 40 злотых з чалавека на рахунак з пазнакай «На Новы год».
Як адзначыў кіраўнік пляцоўкі Сяргей Бульба, святочныя мерапрыемствы ідуць ад самых Калядаў, але, беларусы больш прызвычаіліся, што галоўнае свята ў снежні – гэта менавіта Новы Год.
«Усё-ж для нас больш важны Новы Год, не Каляды. Запрашаем да нас, хто мае настрой, хто мае жаданне святкаваць, прыходзьце да нас».
Пачатак працы для пляцоўкі «Робім Разам» атрымаўся даволі складаны. У пэўныя моманты былое кіраўніцтва, на чале з Алесям Лапко, пагражалі забраць памяшканне, але, як паведаміў Сяргей Бульба, нічога такога насамрэч не плануецца, нават наадварот, ужо абмяркоўваюцца новыя праекты на наступны год.
«Нам прыйшлося гэта цераз суд спыняць. Варшаўскі суд спыніў гэта, гэтую перадачу. Пакінулі ў арэндзе да юрыдычнай асобы, старой юрыдычнай асобы, у якой я зараз з’яўляюся выканаўчым дырэктарам. Мы мелі некалькі кантактаў ужо з гарадскімі ўладамі, ніхто нічога не збіраецца, яны бачаць, што ўсё законна, ніякіх пытанняў у іх няма. Таму яны не збіраюцца ніякіх мераў прадпрымаць, нічога. Наадварот, маем дамоўленасці пра развіццё супрацоўніцтва. Маем некалькі праектаў, з якімі якія абмяркоўваем на перспектыву з гарадскімі ўладамі».
Сярод праектаў на наступны год, пра якія распавёў спадар Сяргей, ёсць планы па стварэнні беларускай школкі, а таксама пашырэнне моўных курсаў. Плануецца прыцягнуць яшчэ выкладчыкаў польскай мовы, а таксама дадаць ангельскую. Таксама, ужо прынятае рашэнне аб арганізацыі традыцыйнага кірмашу беларускіх тавараў два разы на месяц.
«Усё больш беларусаў, якія нешта робяць сваімі ручкамі, нехта ўмее карціны маляваць, вось пашылі цмокаў такіх цікавых, лялькі панарабілі, нехта мыла робіць, нехта яшчэ нешта. Вось, усё больш ініцыятываў далучаецца. Мы вырашылі, нават, напэўна традыцыйна зробім. Мы ўжо кожную другую суботу месяца, два разы на месяц па суботах будзем рабіць такі кірмаш, каб людзі маглі заўсёды прыйсці, прыдбаць нешта, нейкую беларускую сімволіку, нейкія беларускія сувеніры».
Азнаёміцца з дзейнасцю пляцоўкі і даведацца аб запланаваных мерапрыемствах можна праз сацсеткі «Робім Разам»: Фэйсбук і Telegram.
Comments are closed.